Поспех у малочным стылі

Галоўны інжынер Аляксандр Клапаток і начальнік участка па будаўніцтве Уладзімір Азімка.

За апошнія гады ўмовы гаспадарання для перапрацоўшчыкаў сур’ёзна змяніліся: узрасла канкурэнцыя на рынку, ставяцца больш жорсткія патрабаванні да якасці сыравіны і прадукцыі, свой негатыўны адбітак на эканоміцы пакідаюць так званыя гандлёвыя войны і г.д. Для многіх прадпрыемстваў гэта стала сур’ёзным выпрабаваннем, вытрымаць якое аказалася па сілах далёка не ўсім. Ляхавіцкі малочны завод экзамен вытрымаў з гонарам. І сваёй стабільнай работай штодзень пацвярджае: невялікае правінцыяльнае прадпрыемства ў многіх пытаннях здольна паспяхова канкурыраваць з малочнымі гігантамі. Гандлёвыя маркі “Ляхавічок”, “Унучок Ляхавічок” і “Ляхавіцкае” даўно сталі брэндам і трывала асацыююцца ў пакупнікоў з адменнай якасцю, выдатным смакам і натуральнасцю.

Такое прызнанне прыйшло не за адзін дзень і зусім не выпадкова. На гэта на заводзе працуюць усе і ўсё: пралічаная да дробязяў стратэгія развіцця прадпрыемства і сучасныя тэхналогіі вытворчасці, самы строгі кантроль за якасцю на кожным этапе – ад паступлення сыравіны да дастаўкі прадукцыі спажыўцам, высокая кваліфікацыя работнікаў і зацікаўленасць усіх і кожнага ў выніках агульнай працы.

На пятым Усебеларускім народным сходзе Кіраўнік дзяржавы неаднойчы падкрэсліваў, што эфектыўныя інвестыцыі павінны стаць адным з прыярытэтаў развіцця эканомікі. У гэтым цвёрда перакананы і дырэктар СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” Вячаслаў Жукоўскі, які сярод іншых дэлегатаў прадстаўляў наш раён на сходзе.

Сёння ўжо мала проста зарабіць грошы, трэба ўмець распарадзіцца імі граматна, па-гаспадарску, з перспектывай. Адзін з найбольш эфектыўных спосабаў зрабіць гэта – абнаўленне дзеля развіцця. Мадэрнізацыя і тэхнічнае пераўзбраенне на Ляхавіцкім малочным заводзе – працэс няспынны. Адзін за адным абнаўляюцца цэхі і ўчасткі, укараняюцца рэсурсазберагальныя тэхналогіі, пашыраецца асартымент, распрацоўваецца новая прадукцыя.

– Каб крочыць у нагу з часам, трэба ісці хуткім крокам, – падкрэслівае Вячаслаў Уладзіміравіч. – А каб апераджаць падзеі, трэба і наогул бегчы. Хто не займаецца мадэрнізацыяй, таму няма сэнсу разлічваць на поспех заўтра.

Істотнае ўдакладненне, якое на заводзе – аксіёма: абнаўленне не можа быць самамэтай. Тут бяруцца ўвасабляць у жыццё толькі тыя праекты, якія дазволяць істотна павялічыць прадукцыйнасць, вытворчыя магчымасці, удасканаліць тэхналогію, умовы працы, выйграць у якасці, дадуць магчымасць эканоміць энергетычныя і матэрыяльныя рэсурсы – словам, акупяцца, прычым не ў самай далёкай перспектыве, і пачнуць прыносіць прыбытак.

Гэтымі прынцыпамі кіраваліся, і калі распачыналі будаўніцтва новага цэха па вытворчасці масла. Можна будаваць лёгка і прыгожа – за вялікія сродкі. А можна па максімуму патанніць будаўніцтва – рабіць сваімі сіламі, надзейна і грунтоўна. На заводзе пайшлі менавіта па такім шляху. Штодзень на будаўнічай пляцоўцы кіпіць праца: яшчэ да новага года цэх абяцаюць увесці ў строй. Асноўныя работы выконвае свая будаўнічая брыгада (усяго 12 чалавек, але кожны – майстар на ўсе рукі) на чале з начальнікам участка па будаўніцтве Уладзімірам Азімкам – спецыялістам вопытным і з выдатнымі арга-нізатарскімі здольнасцямі. Але справы, зразумела, хапае і іншым. Узводзяцца складскія будынкі, памяшканні цэха, халадзільнай камеры. Апошняя для прадпрыемства – аб’ект стратэгічны: тут будзе створаны аптымальны рэжым ахала-джэння прыкладна для 300 тон масла (амаль удвая больш, чым умяшчае камера, што дзейнічае сёння).

– Новы цэх дазволіць яшчэ больш палепшыць якасць нашага масла, – расказвае галоўны інжынер завода Аляксандр Клапаток, які непасрэдна курыруе будаўніцтва. – Перш чым брацца за справу, вывучалі вопыт іншых масларобаў, ездзілі нават на Валагодчыну, а гэты расійскі рэгіён заўсёды славіўся сваім маслам. Акрамя таго, у цэху будзе поўнасцю аўтаматызавана вытворчасць, у той час як ранейшая тэхналогія разлічана на выкарыстанне ручной працы пры фасоўцы і ўкладцы прадукцыі. Да таго ж, пераезд маслацэха ў новае памяшканне дазволіць выкарыстаць яго ранейшыя плошчы для ўзмацнення групы цэльнамалочнай прадукцыі. Плануем размясціць там абсталяванне для вытворчасці тварагу і вырабаў з яго.

І гэта таксама прадуманы і пралічаны крок: у апошнія гады менавіта цэльнамалочка дае ў попыце стабільны прырост, а адпаведна – і стабільны даход прадпрыемству, аб’ём яе вытворчасці на заводзе за 2-3 гады вырас удвая.   Сёння прадукцыю Ляхавіцкага малочнага з задавальненнем купляюць у самых розных кутках краіны, у маленькіх магазінчыках крокавай даступнасці і сталічных гіпермаркетах. Малако, кефір, масла, смятана, маслянка, тварожная прадукцыя, дэсерты ў стыльнай фірменнай упакоўцы не залежваюцца на паліцах. Спажыўцы цэняць “Ляхавічок” не толькі за аптымальныя суадносіны якасці і кошту, але і за натуральны смак, магчымасць зрабіць сваё харчаванне здаровым і збалансаваным. У кожны від прадукцыі, у кожную распрацоўку на заводзе ўкладваюць душу. Нездарма слоганам прадпрыемства стала красамоўнае “З клопатам пра вас!”.

Яшчэ адзін яскравы штрых паспяховай работы – тое, што сёння называюць модным словазлучэннем “карпарацыйны гонар”. Ганарыцца сваім прадпрыемствам, калегамі, вынікамі агульнай працы, адчуваць сваё непасрэднае дачыненне да поспеху для завадчан стала натуральным.

Цэняць заводскія поспехі і землякі. Два гады запар шыльда з назвай прадпрыемства ўпрыгожвала раённую Галерэю славы. Штогод такі гонар маюць і работнікі прадпрыемства, сёлета, напрыклад, токар Алег Барысевіч і апаратчык пастэрызацыі Марына Дзямід. За высокія дасягненні ў прафесіянальнай і грамадскай дзейнасці галоўны інжынер завода Аляксандр Клапаток удастоены спецыяльнай прэміі райвыканкама “Чалавек года”. Дарэчы, летась такі статус атрымаў кіраўнік Ляхавіцкага малочнага Вячаслаў Жукоўскі, годам раней Вячаслаў Уладзіміравіч быў прызнаны “Чалавекам года” Брэстчыны – і гэта яшчэ адно сведчанне высокага аўтарытэту дырэктара не толькі ў калектыве, а і сярод калег, у раёне, вобласці.

Пра завадчан можна расказваць доўга.  І пра высокакваліфікаванага, прынцыповага, мэтанакіраванага інжынера Аляксандра Клапатка, які за больш як два дзесяцігоддзі на пасадзе ініцыяваў і ўвасобіў у жыццё мноства слушных ідэй па ўдасканаленні вытворчасці, і ў многім дзякуючы якому заводская вытворчасць па праву лічыцца высокакультурнай.

І пра класнага токара Алега Барысевіча – сапраўднага майстра сваёй справы, чыім залатым рукам і ювелірнай дакладнасці пазайздросціць любы спец. За 19 гадоў працы ён стаў на заводзе, без перабольшвання, незаменным.

І пра старанную, граматную і надзвычай адказную Марыну Дзямід, якая, акрамя асноўнай прафесіі апаратчыка пастэрызацыі, паспяхова асвоіла сумежныя і з’яўляецца прыкладам у рабоце не толькі для маладых калег.

А па вялікім рахунку – і яшчэ пра дзве сотні работнікаў – спецыялістаў і рабочых, для якіх завод стаў другім домам.  Кожны паасобку яны проста добрыя працаўнікі. І толькі разам, пад прадбачлівым і ўпэўненым кіраўніцтвам – зладжаны калектыў, каманда, якой па сілах вельмі многае. Яны – Ляхавіцкі малочны завод.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Апаратчык пастэрызацыі Марына Дзямід.

Токар Алег Барысевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *