Белы кій дыктуе этыкет

З 15 кастрычніка па 15 лістапада Брэсцкая абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» праводзіць у г. Брэсце і Брэсцкай вобласці месячнік «Чалавек з белым кіем». Падчас яго правядзення БелТІЗ нагадвае правілы этыкету пры зносінах з людзьмі, якія маюць абмежаванні зроку.

Калі хочаце дапамагчы невідушчаму чалавеку, ніколі не хапайце нечакана за рукі, каб не напалохаць яго. Спачатку прадстаўцеся, дайце зразумець невідушчаму, што вы звяртаецеся менавіта да яго. Спытайце, ці не патрэбна яму дапамога. Не раздражняйцеся, калі не, памятайце, што ёсць невідушчыя, якія аддаюць перавагу самастойнасці.

Калі вы заўважылі, што чалавек збіўся з маршруту, не кіруйце яго рухамі на адлегласці. Падыдзіце і дапамажыце выйсці на патрэбны шлях. Неабходна тактоўна паведаміць пра розныя перашкоды, якія фіксуюцца толькі зрокам.

Невідушчаму чалавеку вельмі патрэбна дапамога пры выбары адзення. Пры суправаджэнні згінайце руку ў локці, каб ён мог узяць вас пад руку. У грамадскім транспарце прапануйце чалавеку з праблемамі зроку сесці, паклаўшы яго руку на спінку сядзення.

Пакажыце яму поручань, за які можна трымацца. У магазіне пры выбары пакупкі назавіце па чарзе ўсе віды тавараў, якія яго цікавяць, іх кошт, якасць, знешні выгляд. Калі тавар можна трымаць у руках, дайце яго ў рукі, назавіце кожны від, каб ён мог атрымаць уяўленне пра форму, памер, якасць тавару.

Будзьце спакойнымі і добразычлівымі. Калі не ведаеце, што рабіць, спытайце пра гэта свайго невідушчага суразмоўцу. Не бойцеся пакрыўдзіць яго гэтым, бо вы паказваеце, што шчыра зацікаўлены ў зносінах з ім.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *