Адкуль дроўцы?

Іменна ў забеспячэнні раёна цвёрдымі відамі паліва і заключаецца мэта дзейнасці арганізацыі, поўная назва якой філіял “Ляхавіцкі райпалівазбыт” Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства ”Упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі”. Пад ЦВП  маюцца на ўвазе тарфяныя паліўныя брыкеты і дровы. Прычым апошнія – толькі ў колатым выглядзе, ужо цалкам гатовыя для выкарыстання. Кліентамі райпалівазбыту могуць быць (і ёсць таксама) і юрыдычныя асобы. Аднак, асноўным карыстальнікам паслуг прадпрыемства з’яўляецца насельніцтва горада і раёна. Тыя з нас, чые домаўладанні не “завязаны” на цэнтральную сістэму ацяплення, для каго рэгулятарам надвор’я ў доме з’яўляецца “кацялок” на ЦВП або старая добрая печка.

Зацверджаны так званыя паліўныя нормы. У адпаведнасці з імі кожнае такое домаўладанне мае права на штогадовае льготнае атрыманне 7 складскіх метраў дроў альбо 3 тон тарфяных брыкетаў і 2 складаметраў дроў (1 складаметр раўняецца ў аб’ёме 0,7 метра кубічнага). Ільгота ж у тым, што паліва, якое ў межах нормы набывае чалавек, абыходзіцца танней, чым каштуе на самай справе, паколькі частка (і не малая) расходаў пакрываецца дзякуючы сродкам абласнога бюджэту.

На год бягучы, як адзначыў дырэктар  райпалівазбыту Уладзімір Секач, прадпрыемству ў якасці датацыі расходаў, звязаных з пастаўкамі насельніцтву паліва, з аблбюджэту выдаткавана 515 мільёнаў рублёў.

Як жа на справе, наколькі паспяхова ажыццяўляецца адгрузка дроў і брыкету? У дачыненні апошняга, па словах дырэктара, ніякіх пытанняў не ўзнікае: “Возім”. З ТБЗ “Ляхавіцкі” напрацаваны добрыя партнёрскія адносіны, існуе паразуменне важнасці, адказнасці, патрэбнасці і агульнасці справы. Вывазкай брыкетаў на рэгулярнай аснове заняты аўтамабіль  райпалівазбыту. Гэтага, канешне, не дастаткова для поўнага задавальнення патрэб насельніцтва ў вывазцы брыкетаў. Аднак, дзейнічаючы праз палівазбыт, многія з на-шых землякоў самі вырашаюць транспартны складальнік. Некаму тэхнікай дапамагаюць сельскагаспадарчыя кааператывы, на тэрыторыі якіх населены пункт размешчаны, іншыя прыбягаюць да паслуг прыватных перавозчыкаў, магчыма, існуюць яшчэ нейкія схемы. Канешне, заўважае Уладзімір Секач, нядрэнна было б транспартныя расходы поўнасцю “забраць” сабе, аднак, такай магчымасці прадпрыемства не мае.

Акрамя ЗіЛ-130, занятага на перавозцы брыкету, райпалівазбыт валодае яшчэ адным аўтамабілем і прычэпам, якія задзейнічаны для вывазкі дроў. З імі, дарэчы, усё далёка не так добра, як хацелася б і работнікам арганізацыі, і, відавочна, людзям, што карыстаюцца яе паслугамі. На даны момант у “лісце чакання” на атрыманне дроў знаходзіцца каля 100 прозвішчаў. Можна падлічыць, наколькі расцягнецца чаканне, колькі часу пройдзе з моманту пастаноўкі ў чаргу і да дня атрымання сваіх складаметраў дроў. У дзень райпалівазбыт рыхтуе, па словах дырэктара, 2–3 машыны дроў, аб’ём кожнай з якіх складае нарматыўныя 7 складаметраў. Пры тым, што тэхнічныя магчымасці прадпрыемства гэтым далёка не абмяжоўваюцца. У наяўнасці маюцца 3 станкі. З іх 2 спецыялізаваны выключна для колкі на дровы папярэдне падрыхтаваных цурак. Трэці ж, фінскай вы-творчасці, у стане выконваць ці сумяшчаць абедзве аперацыі (і рэзку, і колку): двухметровае бервяно на выхадзе трансфармуецца ва ўжо гатовыя колатыя дровы. Як заўважыў дырэктар райпалівазбыту, агрэгат нядрэнны, што тычыцца прадукцыйнасці, дастаткова функцыянальны.  Аднак, перыяд яго службы на прадпрыемстве набліжаецца ўжо да дзесяцігоддзя. Здараюцца адказы ў рабоце, паломкі. Адпаведна, узнікае неабходнасць у замене тых ці іншых дэталяў, камплектуючых элементаў. Апроч таго, што арыгінальныя запчасткі вельмі дарагія, іх яшчэ даводзіцца і надзвычай доўга чакаць. На выручку часта прыходзяць кемлівасць і “рукастасць” асобных з работнікаў: нешта падбіраецца, вырабляецца дадаткова, мяняецца на даступную айчынную дэталь і іншае.

Але ж галоўная праблема філіяла зусім не ў тэхніцы, а ў недахопе людзей для яе абслугоўвання. Дырэктар гатовы, больш таго, будзе рады хоць сёння прыняць на пастаянную работу двух чалавек. Галоўны крытэрый і асноўнае па-трабаванне да прэтэндэнтаў на пасаду распілоўшчыка – жаданне працаваць. Усё астатняе, у тым ліку і навучанне асновам прафесіі, – справа нажыўная. Аднак, нягледзячы на пошукавыя намаганні, патрэбныя кандыдатуры не знаходзяцца. А здараецца і так, што прыходзяць, некаторы час працуюць, праяўляюць, скажам так, недысцыплінаванасць і  даводзіцца развітвацца з такімі работнікамі.

Што адклад ніколі і нікому не ідзе на лад, усе мы вельмі добра ведаем. І, нярэдка, адкладваем на пасля выкананне той ці іншай работы. Напрыклад, пачынаем клапаціцца пра папаўненне сваіх паліўных засекаў непасрэдна перад наступленнем ацяпляльнага сезона. І хоць апошнія пару гадоў, па словах Ула-дзіміра Секача, попыт на іх прадукцыю на працягу года некалькі выраўняўся  – перадсезонная спажывецкая актыўнасць дае аб сябе знаць. Стараюцца спраўляцца, але ж задаволіць у адзін момант усіх жадаючых выпадае не заўсёды. У гэтым таксама праблема, якой магло  не быць, калі  б кожны з нас задумаўся пра падрыхтоўку сваіх саней улетку ці раней.

Як паведамілі ў райпалівазбыце, на працягу першай паловы года выкананы 1162 торфабрыкетныя пастаўкі, дровы атрымалі 427 домаўладанняў  Ляхавіччыны. Агульныя аб’ёмы вывазкі склалі 2654 тоны брыкету і 1255 метраў ку-бічных дроў. Тым самым, прагнозныя паказчыкі аказаліся некалькі перавышанымі.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *