Высокі старт. У партнёрах Ляхавіцкай прыватнай кампаніі – вядомыя мэблевыя прадпрыемствы

Заснавальнікі ТАА «Кампазітная кампанія» Аляксей Клявец, Віктар Яфімік, Юрый Піваш.

ТАА “Кампазітная кампанія” сёлета стала пераможцам нацыянальнага конкурсу “Прадпрымальнік года”. Нашы землякі сярод сямі лепшых прыватных прадпрыемстваў краіны – па адным ад кожнай з абласцей і горада Мінска – у намінацыі “Паспяховы старт”.

Кампанія – аб’ект нашай увагі – не згубілася на рынку, хоць і губляецца ў прамысловай зоне Ляхавіч. У самых яе глыбінях, на неабсяжнай для вока тэрыторыі базы хімічных паставак райаграсэрвіса. Гэта неабсяжнасць – прадукт былых часоў, іншых патрабаванняў і, верагодна, магчымасцяў. Асобныя з размешчаных тут сцен успрымаюцца рэччу ў сабе – стаяць без выкарыстання. У шэрагу іншых “прапісаліся” арандатары. Падведзеная чыгуначная ветка, думаецца, з’яўляецца ліквідным актывам, доўгія, складскога тыпу будынкі дзеляць, у тым ліку, і прыватныя фірмы – у якасці вытворчых пляцовак.ТАА “Кампазітная кампанія” адна з іх.   І адзіная ў сваім родзе.

Сваё летазлічэнне кампанія вядзе з лістапада 2013-га. Незадоўга да неюбілейнай, але і нерадавой даты мы пабывалі на прадпрыемстве: і паглядзелі, і паслухалі. На пытанне пра складанасці, што сустракаюцца ў рабоце, дырэктар кампаніі Аляксей Клявец заўважыў:
– Спытайце лепш пра “лёгкасці”. Стартаваць у бізнесе, ды яшчэ і з вытворчым праектам – задача няпростая і нятанная. Патрэбны пачатковы капітал, які выражаецца не толькі ў наяўнасці ці ва ўменні знайсці пэўную колькасць грашовых знакаў. Ідэя і настойлівасць у яе матэрыялізацыі каштуюць танней, але ацэньваюцца па куды больш высокай шкале.
Задумка запусціць вытворчасць вырабаў з палімерных матэрыялаў узнікла ў галаве некага з тройкі заснавальнікаў фірмы. А можа гэта быў і плод сумеснага мазгавога штурма Аляксея Кляўца, Віктара Яфіміка і Юрыя Піваша. Прынцыповасць не ў гэтым, а, як пацвердзілася ў ходзе сканіравання рынку, у яе арыгінальнасці. Зыходзячы з чаго ТАА “Кампазітная кампанія” можна і трэба класіфікаваць як  імпартазамяшчальны праект.
Матэрыялізацыя пачалася з набыцця тэхналагічнага абсталявання, аснову якога складаюць станкі-тэрмапластаўтаматы. Пацягнуць новыя – задача невырашальная, знайшлі, прыцаніліся і спыніліся на пары былых ва ўжытку агрэгатаў. Прывезлі, усталявалі, наладзілі, запусцілі ў дзеянне. З нямецкай педантычнасцю – а краінай-вытворцам станкоў з’яўляецца іменна Германія – тыя працягваюць служыць:  штампуюць рознага калібру апоры і падпятнікі для мэблі, разьбовыя заглушкі і мантажныя прыстасаванні для ацяпляльных радыятараў, арміраваныя для трываласці металам ручкі, некаторае іншае. На сённяшні дзень наменклатурны рад прадукцыі кампаніі складаецца з прыкладна дзясятка найменняў. Асвоіць выраб нейкай новай дэталі – азначае абзавесціся новай формай для ліцця. Што магчыма, аднак зусім няпроста. Няпроста па цане: кошт формы можа даходзіць да дзясятка тысяч долараў ЗША ў эквіваленце. Такія інвестыцыі могуць уяўляць цікавасць толькі ў выпадку выпуску вялікіх партый прадукцыі. Няшмат, мякка кажучы, і гатовых узяцца за выкананне заказу на выраб той або іншай пластформы. Пры тым, што агульная канструктарская дакументацыя распрацоўваецца ўнутры кампаніі – не ўсе прадпрыемствы-машынабудаўнікі гатовы да супрацоўніцтва.
Адзін з вырабаў кампаніі, а гутарка аб арміраванай пластыкавай ручцы, заказчыкі хочуць бачыць не толькі трывалым і эрганамічным – ярка-бліскучым. Кажучы проста і зразумела – закамуфліраваным пад жоўты метал. За металізацыю таксама гатовы брацца не многія. У гэтым “Кампазітная кампанія” спадзяецца і імкнецца наладзіць супрацоўніцтва з адным буйным і вядомым сталічным заводам. Кропка ў перамовах пакуль не пастаўлена.
Не адкрыем Амерыкі, калі скажам, што канкурэнтным на рынку з’яўляецца тавар належнай якасці і па разумнай цане. З мэтай змяншэння сабекошту прадукцыі, чытай –
адпускной цаны, у якасці зыходнай сыравіны кампанія выкарыстоўвае так званы другасны пластык. Страціўшыя сваю першачарговую функцыю скрынкі, каністры, іншыя ёмістасці і не толькі здрабняюцца, у выпадку неабходнасці пластыкавы шрот сепарыруецца ад старонніх уключэнняў і становіцца гатовым для перапрацоўкі. У плане сказанага, ТАА “Кампазітная кампанія” выконвае яшчэ і санітарную ці хутчэй экалагічную функцыю. Даводзіцца практыкаваць пластычнасць падыходаў пры рабоце з другасным пластыкам. Каб набраць неабходнае, а вытворчая магутнасць прадпрыемства дасягае 5 тон сыравіны ў месяц, збіраць – дырэктарская цытата –   “па ўсім свеце”.
Іменна восень з’яўляецца найбольш багатым для кампаніі перыядам года. У сэнсе загружанасці заказамі і, адпаведна, работай. Так што гэтымі кастрычніцкімі днямі работнікі кампаніі выхадных не ведаюць і, мяркую, не жадаюць. Працоўныя нарматывы і звышнарматывы, відавочны факт, трансфармуюцца ў заробленыя рублі.
Штат кампаніі складае дзясятак чалавек. Некаторыя скажуць – усяго, мне ж здаецца гаварыць “аж” будзе больш па сітуацыі. Фактычна з нічога матэрыялізаваць вытворчую тэму – дарагога варта.
Пры тым, што задавальняцца зробленым заснавальнікі не збіраюцца. Жывуць і працуюць у тым ліку і планамі выхаду на замежны рынак, пашырэннем вытворчасці і асваеннем новых накірункаў дзейнасці. Хто хоча, той даб’ецца.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Начальнік цэха Аляксандр Піваш.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *