Шматкватэрнік прымярае абноўку

Нягледзячы на часовыя нязручнасці, жыхары дома № 6 па вуліцы Южакова ў райцэнтры  задаволены  тым, што адбываецца з  іх  домам. Капітальны рамонт  з мадэрнізацыяй – падзея даўно чаканая. На гэтыя мэты выдаткавана 5,3 мільярда  недэнамінаваных рублёў:  92 працэнты – сродкі з раённага бюджэту,  астатнія –  адлічэнні жыльцоў на капітальны рамонт.
Работы па рамонце 50-кватэрніка пачаліся яшчэ ў маі. Заказчык – КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, падрадчыкі – камунгас і “Пінсксаўгасбуд”  у асобе  Ляхавіцкай ПМК-13.
Як адзначыў начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела камунгаса Віталій  Калупановіч, зона адказнасці камунальнікаў –
цеплавая рэабілітацыя сцен дома,  афармленне фасадаў і іншае. ПМК-13 адказвае за  мадэрнізацыю  даху, уцяпленне гарышча, устаноўку вокнаў і дзвярэй у пад’ездах, іншыя рамонтныя работы.
Пяціпавярховік павінен быў поўнасцю абнавіцца да 4 лістапада. Але, па словах намесніка дырэктара камунгаса Эдуарда Каласоўскага, дата канчатковай здачы  аб’екта будзе перанесена на больш позні тэрмін. Пэўная замінка за будаўнікамі  ПМК-13: ёсць перабоі з пастаўкай матэрыялу для ўцяплення.
Дарэчы, дзякуючы таму, што частка работ выконваецца сіламі камунгаса, патанненне кошту рамонту складае 600 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.
На асаблівым кантролі  пытанні аховы працы на будаўнічай пляцоўцы. Пастаянна праводзіцца маніторынг выканання правіл тэхнікі бяспекі, а пры выяўленні парушэнняў кантралюецца іх ухіленне.
А вось  жыльцы дома    № 12, што размешчаны недалёка,  па той жа вуліцы Южакова, на будаўнічыя  перамены паглядаюць з зайздрасцю. У колішнім ведамасным жыллі
ПМК-17 капрамонту не было  больш за 40 гадоў. Заселена толькі 6 кватэр, астатняя частка былога інтэрната сёння пустуе. Куды толькі ні звярталіся жыльцы дома са сваёй  праблемай.  Штосьці спрабавалі зрабіць і самі: за ўласныя сродкі памянялі ўваходныя дзверы. Сіламі ПМК-17 быў зроблены рамонт часткі даху, праведзена ўцяпленне дома. Але ўсіх вострых пытанняў гэта не зняло.  І вось, у рэшце рэшт,  справы зрушыліся з месца. Напрыканцы верасня дом № 12 перада-дзены на баланс КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”. Вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на правядзенне капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
ФАКТ

На фінансаванне будаўніцтва жылля ў 2017 годзе плануецца накіраваць каля 3,8 мільярда дэнамінаваных рублёў, заявіў намеснік міністра фінансаў краіны Юрый Селіверстаў.
«Пры гэтым 3 мільярды рублёў –   

уласныя сродкі грамадзян і арганізацый, каля 134 мільёнаў –

крэдытныя рэсурсы банкаў, якія ўзнікаюць у выніку вяртання сродкаў па раней выдадзеных крэдытах, а таксама ўласныя сродкі Беларусбанка», – адзначыў Юрый Селіверстаў.

Паводле яго слоў, сродкі Беларусбанка ў суме 54 мільёны рублёў будуць накіраваны на крэдытаванне будаўніцтва жылля для мнагадзетных сем’яў. Яшчэ каля 650 мільёнаў рублёў – сродкі бюджэту, якія будуць накіраваны на будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, арэнднага жылля, прадастаўленне бязвыплатных субсідый грамадзянам, а таксама на будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў раёнах жылой забудовы.
У Беларусі ў 2017 годзе плануецца пабудаваць не менш як 3 мільёны квадратных метраў жылля.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *