Наш зялёны ўклад у заўтра

Каманда ветэранаў працы

Трапна заўважана: садзіш дрэва – робіш уклад у заўтра. Саджанцы паднімаюцца, набіраюцца сіл, а ты назіраеш за іх ростам і адчуваеш нейкую асаблівую радасць, бо маеш да гэтага дачыненне і некалі зможаш расказаць пра гэта сыну, дачцэ…

Да рэспубліканскай акцыі “Аднавім лясы разам” далучаюцца і ляхавічане. Днямі дэсант ветэранаў працы высадзіўся паміж Залужжам і Тухавічамі – тэрыторыя Крывошынскага лясніцтва найбольш пацярпела падчас летняй стыхіі.

– Прачытаўшы ў раёнцы пра тое, што лесаводам патрэбна дапамога, адразу вырашылі паўдзельнічаць у карыснай справе. Ветэраны раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў (старшыня Аляксандр Русін), Ляхавіцкага раёна электрасетак (старшыня Мікалай Траяновіч), аграрнага каледжа (старшыня Аляксандра  Матчэня) і іншыя нераўнадушныя землякі зборы не зацягвалі, – расказвае старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Юруць. Менавіта савет ветэранаў выступіў ініцыятарам і натхняльнікам паездкі.

Пашанцавала з надвор’ем. Сонца і кіпучая энергія каманды ветэранаў былі добрымі спадарожнікамі экалагічнай задумы. Сасонкі, яшчэ такія невялічкія і кволыя, толькі-толькі з гадавальнікаў лясніцтва, утульна прапісваліся ў барознах. Так з энтузіязмам, талакой засадзілі зялёнымі парасткамі дзялянку памерам прыкладна ў гектар.

На гэту восень лесаводам раёна пастаўлена задача аднавіць 25 гектараў пашкоджаных стыхіяй лясоў. На сёння да поўнага выканання гэтага паказчыка не хапае прыкладна трох гектараў, расказала рэдакцыі намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка. Работнікі лясніцтваў расчышчаюць бураломы, рыхтуюць глебу пад пасадку. Да таго ж, дапамагаюць калегам: аднавілі 10 гектараў лесу ў Чэрвеньскім лясгасе (там шчыруюць многія лясныя гаспадаркі рэспублікі).

Прыемна, што сярод удзельнікаў акцыі і школьнікі. Рабяты з Ліпскай СШ знаёміліся з мячом Колесава, саджалі сеянцы і марылі пра той час, калі іх дрэвы стануць вялікімі.

Акцыя працягваецца. Магчыма, наступным яе ўдзельнікам станеце вы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва раённага савета ветэранаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *