Будзем з хлебам. І з кашай

Вынікі няпростай і ці не круглагадовай працы аграпрамыслоўцаў пачынаюць матэрыялізавацца з надыходам прыкладна сярэдзіны лета, калі настае пара збору першых пладоў працы рук сваіх. Кожны плод, вобразна кажучы, мае свой “эксклюзіўны” тэрмін выспявання, адпаведна, і ўборачныя клопаты працягваюцца месяцы. Так і просіцца параўнальнае вызначэнне “летне-асенні марафон”. Яго першым ва ўсіх сэнсах этапам – без хлебнай лусты зусім пуста – з’яўляецца ўборка каласавых зерневых культур. Сёння ўжо можна гаварыць ”з’яўля-лася”, паколькі з іх уборкай сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна ўжо справіліся. Сярод арганізацый, чые палеткі пакуль яшчэ (па стану на 18 жніўня) месцамі каласяцца, значацца толькі ЗАТ “Белпрампрыбор” і ЗТАА “БелДан”.

Агульны намалот наблізіўся да 55 тысяч тон, сярэднераённая ўраджайнасць хлебнай нівы стабільна трымаецца на 38 цэнтнерах зерня з гектара. І першая, і другая лічбы з’яўляюцца больш прывабнымі ў параўнанні з аналагічнымі леташнімі паказчыкамі.

Завяршыў з каласавымі зерневымі і СВК “Востраў-Агра”.  Не факт, што падобнае адбылося б тады, калі адбылося, не прыйдзі на дапамогу калегі па раённаму аграцэху. «На самым старце жніва ў нас працавалі два камбайны з “Жарабковіч”. Там, як вядома, іншая глеба, іншыя тэрміны правядзення сяўбы. Адпаведна, і ўборка пачынаецца пазней, чым у нас. Дзякуючы гэтай “разбежцы”, і стала магчыма жарабковіцкая дапамога. Адпра-цавалі выдатна”, — гаворыць  востраўскі старшыня Уладзімір Мароз.

Гэтага не адняць, але ж надвор’е на жніве “рабілі” мясцовыя працаўнікі. Кіраўнікі і спецыяліс-ты, вадзіцелі, механізатары,  камбайнеры, работнікі зернетакоў…  Для апошніх, дарэчы, жніво на гэтым не завяршылася, паколькі на момант нашай з кіраўніком кааператыва гутаркі паслябункерная дапрацоўка зерня яшчэ працягвалася.

Не завяршылася яна і для квартэта камбайнавых экіпажаў. СВК “Востраў-Агра”, між іншым, з’яўляецца сёлета адным з двух буйнейшых у раёне вытворцаў проса і грэчкі. Па 100 гектараў кожнай з названых крупяных культур маюць яшчэ толькі ў “Ліпнянцы”. І, як адзначыў Уладзімір Мароз, ёсць і спелыя ўчасткі, куды ўжо гэтымі днямі накіруюцца ўборачныя агрэгаты. Дарэчы, 18 жніўня аналагічную востраўскай кампанію павінны былі распачаць і ў “Ліпнянцы”.

200 крупяных гектараў у прапарцыянальных адносінах складаюць амаль што трэцюю частку ўсяго зерневага і зернебабовага востраўскага кліна.

Такім чынам, уборачны серыял працягваецца, і яго чарговай часткай прадугледжваецца абмалот 300 гектараў проса і 390 – грэчкі. Акрамя ўжо названых кааператываў, пасевы проса  таксама плошчай у сотню гектараў ёсць яшчэ у ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Грэчка ж сярод аграрыяў раёна карыстаецца большай папулярнасцю. У гэтым сэнсе кампанію тром названым арганізацыям складаюць ДП “Нача”, СВК “Ляхавіцкі” і “Тальмінавічы”.

Асаблівасць сельскагаспадарчага моманту таксама і ў суседстве ўборачнай і пасяўной тэхнікі. У межах гарызонта палёў можна ўбачыць і камбайн, і глебаапрацоўча-пасяўны агрэгат. Сяўба паўкосных пажніўных культур вядзецца хоць і з невялікім адставаннем, аднак, паралельна са жнівом. Раённыя планавыя 3 тысячы гектараў выкананы прыкладна на 80 працэнтаў. Яшчэ – азімы рапс.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *