Еўрапейскія гульні прыедуць у Беларусь

Беларусь атрымала права правядзення другіх Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. Рашэнне прынята па выніках галасавання на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якое праходзіла ў Мінску з 20 па 22 кастрычніка.
Наша краіна атрымала такое права большасцю галасоў. У бліжэйшы час Беларусі будзе неабходна стварыць арганізацыйны камітэт і ў цесным супрацоўніцтве з адпаведнымі камісіямі ЕАК скласці планы па падрыхтоўцы спартыўнай падзеі.
Беларусь гатова правесці другія Еўрапейскія гульні на самым высокім узроўні, заявіў Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта   Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ЕАК.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што акцэнт пры правядзенні гэтых маштабных міжнародных спаборніцтваў будзе зроблены на душэўнасці і стварэнні камфортных умоў для спартсменаў і балельшчыкаў. «Трэба зрабіць так, каб спартсмены адчувалі сябе ідэальна і паказвалі або імкнуліся паказаць самыя высокія вынікі, каб фанаты і балельшчыкі адчувалі, што гэта свята, каб гэтыя спаборніцтвы аб’ядноўвалі ўсіх не толькі ў краіне правядзення, але і ў свеце ў цэлым», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.Спаборніцтвы былі добрымі, душэўнымі і каб вы ніколі не пашкадавалі аб прынятым рашэнні правесці Еўрапейскую алімпіяду ў Беларусі», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у якасці аднаго з прыярытэтаў у рабоце ЕАК зрабіць спорт без межаў, правядзенне розных трансгранічных спаборніцтваў. «Прапануем у рамках ЕАК фарміраваць штогадовы еўрапейскі каляндар такіх міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, уключаючы масавыя. Неабходна для іх удзельнікаў, спартсменаў і балельшчыкаў істотна спрасціць візавыя, пагранічныя і мытныя фармальнасці, аж да іх адмены. Гэта дасць магчымасць прыцягнуць значна большую аўдыторыю», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адна ініцыятыва беларускага боку –  распрацаваць у рамках ЕАК праект у сферы дадатковай адукацыі для спартсменаў, якія завяршылі кар’еру. Дадатковай мерай падтрымкі ветэранаў спорту можа стаць і сістэма грантаў на пачатак уласнай справы, асабліва калі размова ідзе аб арганізацыі спартыўных школ або клубаў для дзяцей.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на пытанні барацьбы з допінгам. «Мы вітаем намаганні Міжнароднага алімпійскага камітэта (калі яны давядуць сваю справу да канца) па рэфармаванні сусветнай антыдопінгавай сістэмы», – заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама правёў шэраг сустрэч і перагавораў з міжнароднымі спартыўнымі функцыянерамі.
Пры арганізацыі Еўрапейскіх гульняў 2019 года Беларусь плануе скарыстацца вопытам Азербайджана, які праводзіў першыя такія спаборніцтвы.
Першыя Еўрапейскія гульні прайшлі з 12 па 28 чэрвеня 2015 года ў сталіцы Азербайджана. Беларускія атлеты заваявалі 43 медалі: 10 залатых, 11 сярэбраных і 22 бронзавыя.
У медальным заліку зборная Беларусі заняла сёмае месца.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Выкарыстаны лагатып з  сайта БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *