З маленькіх поспехаў складаецца вялікае шчасце

Педагогі ЦКРНіР і іх выхаванцы.

Яны такія шчырыя, заўсёды ўсміхаюцца, гатовыя дзяліцца сваёй радасцю з кожным,  адкрытыя для зносін і вельмі дружалюбныя. Не ўсе  разумеюць, але для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця нават самыя  звычайныя рэчы, простыя адкрыцці – вялікі прарыў. Камусьці іх маленькія поспехі здадуцца нязначнымі, а для бацькоў і, канешне, для педагогаў гэта крок да галоўнай мэты –

дапамагчы маленькаму чалавеку стаць паўнацэннай часцінкай грамадства.
Сваю дзейнасць цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ляхавіцкага раёна пачаў з 2004 года. Ужо больш за дзесяцігоддзе навучальная ўстанова дорыць асаблівым дзецям магчымасць адкрыць і развіць у сабе новыя здольнасці, дапамагае адаптавацца да сучасных умоў жыцця, перамагчы сваю праблему. Цэнтр таксама   аказвае дапамогу і дзецям з маўленчымі парушэннямі з розных устаноў адукацыі раёна, дзе няма настаўнікаў-дэфектолагаў.

У кожнай арганізацыі свой сакрэт поспеху. У цэнтры іх многа. Адзін з галоўных –  людзі, якія ствараюць асаблівую атмасферу радасці, сонечнасці, цяпла і клопату. Сёння тут 23 супрацоўнікі: энергічныя, таленавітыя, адданыя сваёй справе людзі. За гады існавання калектыў амаль не мяняўся, а гэта сведчыць пра тое, што педагогі па-сапраўднаму любяць і зацікаўлены той справай, якой прысвяцілі сябе. І ні ў якім выпадку не апусцяць рукі перад няўдачай.

Цэнтр працуе па розных накірунках: гэта дыягнастычная, кансультатыўная, метадычная, інфармацыйна-аналітычная дзейнасць, карэкцыйна-педагагічная дапамога і сацыяльная рэабілітацыя, ранняя комплексная дапамога. У гэтым годзе ЦКРНіР наведваюць 75 дзяцей, з іх 13 атрымліваюць спецыяльную аду-кацыю, для іншых арганізаваны індывідуальна-карэкцыйныя заняткі з настаўнікамі-дэфектолагамі і педагогамі-псіхолагамі. Самае галоўнае, сцвярджаюць у цэнтры, як мага хутчэй заўважыць, выявіць асаблівасці ў развіцці дзіцяці. І чым раней паступіць зварот, тым хутчэй і больш паспяхова могуць быць ліквідаваны адхіленні ў раннім узросце. Калі бацькі адмаўляюцца ад прапанаванай дапамогі, напэўна не разумеюць, што пазбаўляюць дзіця магчымасці дасягнуць таго, чаго б яно магло, але з дапамогай кваліфікаваных спецыялістаў. У апошнія гады ўсё часцей бацькі звяртаюцца сюды самі.

Супрацоўнікі цэнтра заўсёды гатовы ўдасканальвацца, развівацца – што і робяць. Напрыклад, настаўнік-дэфектолаг Таццяна Місюк у сваёй працы выкарыстоўвае камп’ютарную праграму Skype, каб зручней праводзіць кансультацыі для бацькоў.

Дзецям ва ўзросце ад першых месяцаў жыцця да 3 гадоў аказваецца ранняя комплексная дапамога. Асабліва запатрабавана лагарытміка. Дзякуючы яркаму спалучэнню слоў, музыкі, рухаў, дзіця засвойвае новы матэрыял хутчэй і з цікавасцю. Па гэтай методыцы працуе настаўнік-дэфектолаг Наталля Кудзялевіч.

У планах стварыць інтэграваную групу на базе дашкольнай установы. Адзін з паказчыкаў паспяховай работы цэнтра – магчымасць выхаванцаў потым перайсці ў звычайнае асяроддзе, дзе яны змогуць нараўне са сваімі равеснікамі займацца ў агульнаадукацыйных установах.

У цэнтры спраў многа, што датычыцца вучэбнай часткі –  усё згодна з праграмай. Цікавыя заняткі па камунікацыі, сацыяльнай адаптацыі, практычнай матэматыцы, асновах жыццядзейнасці. Да кожнага дзіцяці асаблівы падыход, трэба знайсці тую тактыку, якая дапаможа раскрыць яго ўнутраны свет. Таму кожны педагог імкнецца знайсці незвычайную методыку, зрабіць занятак цікавым і захапляльным. Настаўнік-дэфектолаг Наталля Русіна знайшла шляхі паразумення з дзецьмі праз лялькатэрапію, а педагог-псіхолаг Алена Кубіцель імкнецца ўплываць на паводзіны падапечных праз гульнятэрапію. Зусім нядаўна з’явіўся светлавы стол для малявання пяском. Цяпер кожнае дзіця можа паспрабаваць сябе ў ролі незвычайнага мастака. Як адзначае педагог-псіхолаг Дар’я Жэрка, хлопчыкі і дзяўчынкі і самі не заўважаюць, як у працэсе рэлаксуюць, развіваюць творчае ўяўленне, сэнсаматорыку, раскрываюць праз малюнак свае эмоцыі і перажыванні. Дзякуючы такому падыходу дзіця можа пазбавіцца ад сваіх фобій. З ахвотай выхаванцы наведваюць лячэбную фізкультуру і масаж, а па-іншаму быць не можа, калі за справу бярэцца медсястра Ала Плотка.

Немагчыма ўявіць жыццё навучэнцаў цэнтра без шматлікіх святаў і мерапрыемстваў. Самі ладзяць канцэрты, спяваюць, танчаць. Ездзяць на экскурсіі па Беларусі, асаблівы цуд для рабят – пабываць на навагодняй ёлцы ў Брэсце. Любяць наведваць дзіцячую бібліятэку, дзе іх чакаюць казачныя тэатральныя пастаноўкі. Тутэйшыя падапечныя – заўсёдныя ўдзельнікі абласнога конкурсу “Усе разам” па развіцці рухальнай актыўнасці. А праекты летняга аздараўленчага лагера «Усмешка» каторы год адзначаюцца дыпломамі абласнога ўзроўню. Часта выязджаюць на прыроду, праводзяць тэматычныя заняткі – пазнаюць навакольны свет.

Самая галоўная падзяка для педагогаў –   шчаслівыя вочы дзяцей, радасць на твары, іх поспехі ў далейшым жыцці. Нельга перадаць пачуцці, калі пасля доўгіх заняткаў хлопчык ці дзяўчынка сказалі першае слова, зрабілі першы крок самастойна. А ўявіце, што ў гэты момант адчуваюць бацькі! Галіна Казлова не можа стрымаць радасці – дачка пачынае размаўляць.

– Зараз Караліна вучыцца ў першым класе цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. І станоўчыя вынікі відавочныя. Тое, што зрабіў цэнтр і для майго дзіцяці, і для мяне, –  неверагодна. Па-першае, псіхалагічная падтрымка для бацькоў, якія сутыкнуліся з такой праблемай. Па-другое, Караліна займаецца з вялікім жаданнем. І немагчыма перадаць словамі яе стан, калі чарговы раз атрымалася вывучыць штосьці новае. З маленькіх поспехаў складаецца вялікае шчасце.

Планаў і ідэй у цэнтра многа. Але дасягнуць высокіх вынікаў немагчыма без добрых людзей, нераўнадушных да лёсу чужых дзяцей. Шэфскую дапамогу аказваюць супрацоўнікі РАУС і раённага аддзела Следчага камітэта. Пастаянныя спонсары – ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”, кафэ “Калі-ласка” – радуюць выхаванцаў цэнтра рознымі дыдактычнымі гульнямі, новым абсталяваннем, канцылярскімі таварамі, бытавой тэхнікай. Дапамагаюць і іншыя арганізацыі і прадпрыемствы. Дзякуючы народнай эстраднай студыі “Экспрэс”, дабрачынныя канцэрты якой сталі ўжо традыцыйнымі, кожны жыхар горада ці раёна можа ўнесці свой уклад у важную справу.

Маргарыта КУХТА,

студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *