Чатыры ліцэнзіі для двух колаў

Васілій Кірыенка

БЕЛТА.

Беларускія веласіпедысты атрымалі чатыры ліцэнзіі на ўдзел у шашэйных велагонках у Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра.

Адпаведны спіс Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, якія атрымалі допуск на спаборніцтвы ў шашэйным веласпорце сярод мужчын (групавую і індывідуальную гонкі з раздзельным стартам), а таксама квоты на колькасць спартсменаў, якія будуць да іх дапушчаны, апублікаваны на афіцыйным сайце Міжнароднага саюза веласіпедыстаў (UCI).
У мужчынскай групавой гонцы, якая адбудзецца на летніх Гульнях у раёне Форта Капакабана, могуць прыняць удзел 144 гоншчыкі. Беларусь атрымала права выставіць двух атлетаў. Расія і Украіна – па тры спартсмены.
У індывідуальнай гонцы з раздзельным стартам у мужчын могуць стартаваць 40 удзельнікаў. Беларусь зможа выставіць двух гоншчыкаў, Казахстан, Расія і Украіна па адным атлеце. У гэтым відзе праграмы дзеючым чэмпіёнам свету з’яўляецца беларус Васіль Кірыенка, які заваяваў тытул у верасні 2015 года ў амерыканскім Рычмандзе.
Згодна з алімпійскай кваліфікацыйнай сістэмай, Нацыянальныя алімпійскія камітэты павінны пацвердзіць колькасць спартсменаў, унесеных у спіс, да 1 лютага 2016 года, да таго, як UCI пераразмяркуе астатнія месцы.
Спіс краін, якія змогуць выставіць сваіх прадстаўнікоў у шашэйных велагонках сярод жанчын, будзе апублікаваны ў пачатку чэрвеня бягучага года.
Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *