Ведаюць дарослыя і дзеці: шашкі – лепшая гульня на свеце

Аматары футбола ці, напрыклад, зімовай рыбалкі могуць паспрачацца. Аднак для сапраўднага прыхільніка старажытнай гульні партыя ў шашкі – што бальзам на душу. 23 красавіка ў Ляхавіцкай ДЮСШ прайшоў раённы турнір па шашках, прысвечаны памяці Івана Прыгодзіча. Ляхавічанін, інжынер па прафесіі, кандыдат у майстры спорту. Па ўспамінах тых, хто яго добра ведаў, мала хто ў раёне мог на роўных спаборнічаць з Іванам Сцяпанавічам за шашачнай дошкай. Нічыя ў гульні з ім лічылася гучным поспехам.

Сёлетні мемарыял Прыгодзіча сабраў нямала дастаткова моцных шашыстаў, якія прадстаўлялі торфабрыкетны завод, райбальніцу, камунгас, лясгас, агракаледж, СВК “Жарабковічы”, гімназію і СШ № 2. Некаторыя аматары не мелі ніякай карпаратыўнай “прывязкі” – выступалі і прадстаўлялі выключна сябе. Адзін з такіх – жыхар вёскі Ганчары Анатолій Тураў і стаў лепшым у спаборніцтве мужчын. Другое месца дасталося прадстаўніку “Жарабковіч” Сяргею Новіку, трэцяе – Генадзію Сокалу з каманды райбальніцы.

Сярод жанчын лепшы вынік паказала Галіна Зайцава з камунгаса, другі і трэці прызы дасталіся Яўгеніі Адамовіч і Наталлі Бабарэка з торфабрыкетнага завода.   Арганізатары турніру ў асобе Ляхавіцкага ФСК пастараліся, каб спаборніцтва прайшло на добрым узроўні. Здаецца, у нас многае атрымалася.

Марына БУСЬКО, інструктар-метадыст.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *