Лепшая – аўталэдзі Алена

Юрый Ціцікша, Алена Бут-Гусаім, Дзмітрый Сяргей.

“Мацней за баранку трымайся, шафёр” – пад такой назвай у мінулы аўторак напярэдадні Дня  аўтамабіліста і дарожніка  на базе  РАС ДТСААФ прайшоў чарговы раённы конкурс сярод маладых вадзіцеляў. Ініцыятары – райкам БРСМ, раённая арганізацыйная структура ДТСААФ,  аддзел ідэалагічнай  работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Сёлета ўдзел у конкурснай праграме ўзялі 11 аўтааматараў з камунгаса, райаграсэрвіса, лясгаса, ТЦСАН, ПМС, РАНС, СВК “Ляхавіцкі”. Сярод канкурсантаў – прафесіянальныя вадзіцелі, і тыя, для каго ваджэнне – занятак для душы. Некаторыя змагаліся за перамогу не ўпершыню. З кожным выступленнем напал спаборніцтваў узрастаў. Першы этап тэарэтычны – праверка ведання правілаў дарожнага руху. А потым настала чарга пацвердзіць тэорыю на практыцы, непасрэдна за рулём аўтамабіля. Паркоўка, заезд на горку і ў гараж – з усім трэба было справіцца бездакорна. За тым, як разгортваліся падзеі і за камп’ютарам, і на аўтадроме, уважліва сачыла журы, у складзе якога, у тым ліку, і супрацоўнік АДАІ РАУС. Нягледзячы на малады ўзрост, канкурсанты паказалі, што з тэхнікай яны на “ты”. І не толькі віртуозна водзяць аўтамабіль і ўпэўнена адчуваюць сябе на трасе, але і без праблем могуць ухіліць многія няспраўнасці ў сваім жалезным чатырохколавым сябры.

Вынікі конкурсу здзівілі многіх, у тым ліку і саміх удзельнікаў. Бясспрэчным пераможцам стала адзіная прадстаўніца прыгожай паловы – Алена Бут-Гусаім, якая ў суме за два іспыты набрала рэкордную колькасць балаў – 27. Алена працуе юрыстам у райаграсэрвісе і зусім нядаўна атрымала пасведчанне катэгорыі “В” на права кіравання легкавым аўтамабілем. Дарэчы, адвучыўшыся ў аўташколе, яна з першага разу здала і тэорыю, і практыку. Актывістка БРСМ Алена Бут-Гусаім лічыць, што на дарозе для вадзіцеля, незалежна – мужчыны ці жанчыны, галоўнае – уважлівасць і сканцэнтраванасць .

Другое конкурснае месца – у вадзіцеля пажарнай машыны РАНС Юрыя Ціцікшы. У тройцы прызёраў таксама Дзмітрый Сяргей, які працуе вадзіцелем у камунгасе.

Пераможцы ўзнагароджаны граматамі, грашовымі прэміямі і падарункамі, падрыхтаванымі РАС ДТСААФ і райкамам БРСМ.

Уладзімір ЖУКОЎСКІ,  старшыня РАС ДТСААФ.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *