Стаў вядомы пераможца конкурсу «Лепшы па прафесіі» сярод соцработнікаў

Акрамя валодання прафесійнымі навыкамі і абавязкамі, гэтыя людзі добразычлівыя, шчырыя, міласэрныя, адказныя і надзейныя, умеюць выслухаць і дапамагчы. Іх штодзённая клапатлівая работа – дапамога хворым, адзінокім, нямоглым. Для большасці сваіх падапечных сацыяльныя работнікі – адзіная надзея, слушны дарадчык, незаменны памочнік і вельмі неабходны суразмоўца. Яны не толькі прыносяць бабулям і дзядулям з магазіна неабходныя тавары, з аптэкі – медыкаменты, аплачваюць камунальныя паслугі, дапамагаюць справіцца па гаспадарцы і падтрымліваюць парадак у хаце, але раскажуць пра апошнія навіны, паразважаюць пра жыццё. Інакш нельга, калі ад цябе чакаюць дапамогі людзі.
У мінулы чацвер у Цэнтры пазашкольнай работы адбыўся фінал конкурсу “Лепшы па прафесіі“, у якім прынялі ўдзел 8 найбольш паспяховых сацыяльных работнікаў Ляхавіччыны. Яны ўдала выступілі на 2-х папярэдніх этапах і прадэманстравалі прафесійныя навыкі ў фінале. Рыта Собаль, Валянціна Адамчык, Таццяна Цяльпук, Ірына Макаранка, Алена Паляшчук, Зінаіда Бурак, Зоя Беляновіч і Таццяна Гібеж спаборнічалі ў 3-х конкурсах. Папярэдне кожная з іх атрымала адпаведны тытул — “Клопат”, “Прыстойнасць”, “Дабрыня”, “Дабразычлівасць”, “Сціпласць”, ”Спагадлівасць”, “Міласэрнасць”, “Пяшчота”. Рыта Собаль падкрэсліла, што, клапоцячыся пра сваіх падапечных, яна аддае ім іскрынку сваёй душэўнай цеплыні. Таццяна Цяльпук лічыць, што дабрыня – бясконцая, а Валянціна Адамчык зазначыла, што галоўнае ў рабоце — прыстойнасць. Для Ірыны Макаранка заўсёды ў радасць дапамагчы пажылым і нямоглым…

Прызёры конкурсу Зоя Беляновіч і Зінаіда Бурак, пераможца Таццяна Гібеж (у цэнтры).

Конкурс “Гаспадыня” паказаў, што фіналісткі яшчэ і майстрыхі кулінарнай справы. Ад прыгожых з водарам “шэдэўраў” разбягаліся вочы. Тарты, пірожныя, булачкі, салаты і халодныя закускі на розны густ і смак!
Шмат апладысментаў заслужылі фіналісткі, выступаючы ў апошнім конкурсе “Мастацкая творчасць”. Усе ўдзельніцы — таленавітыя. Уразіла прысутных мілагучным голасам Зінаіда Бурак, незвычайная цішыня ўсталявалася, калі чытала верш пра вясковых бабулек Зоя Беляновіч. Імправізаваная сцэнка пра бабулю-пенсіянерку, дзе галоўную ролю з поспехам выканала Таццяна Гібеж, атрымала вышэйшы бал журы.
Па выніках конкурсу ІІІ месца — у Зінаіды Бурак, на ІІ месцы —Зоя Беляновіч, а пераможцай стала Таццяна Гібеж.
Усе ўдзельніцы і пераможцы ўзнагароджаны падарункамі, а святочны настрой прысутным на мерапрыемстве стварала народная эстрадная група “Экспрэс”.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *