Патрабуюцца гаспадары

Згадзіцеся, сумна назіраць, як сіратліва стаіць, пакрысе разбураецца будынак (моцны, прасторны, дзе некалі кіпела жыццё), не задзейнічаны ў інфраструктуры населенага пункта. І пры гаспадарскім падыходзе так быць не павінна. У сельсаветах раёна канкрэтна прааналізавалі сітуацыю адносна 21 аб’екта дзяржаўнай маёмасці, які знаходзіўся ва ўласнасці раёна і не выкарыстоўваўся на пачатак года.

Пра вынікі кіравання і распараджэння гэтымі аб’ектамі ішла размова на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Таццяна Кацуба праінфармавала, што частцы гэтых аб’ектаў знойдзена прымяненне: у ДП “Нача”, напрыклад, 4 былыя свінарнікі рэканструююцца пад гаспадарчыя памяшканні, яшчэ 3 пустуючыя будынкі павінны задзейнічаць у гаспадарчым ужытку ў КСУП “Ліпнянка”, 1 – знесены, а 13 былі выстаўлены на продаж. Пры правядзенні аўкцыёнаў 7 пабудоў знайшлі сваіх гаспадароў. Прапанова набыць ва ўласнасць будынкі былых дзіцячых садоў у Свяціцы, Куршынавічах, Галаўнінцах, інтэрнатаў у Ганчарах і Свяціцы, колішняга неўралагічнага аддзялення райбальніцы застаецца ў сіле. Да таго ж, як адзначыла Таццяна Кацуба, вызваліліся яшчэ 10 будынкаў, якія будуць выстаўляцца на аўкцыён: былыя школы ў вёсках Ганчары і Свяціца, лазні ў Зубелевічах, Тальмінавічах, Куршынавічах, Начы, будынак дзіцячага сада ў вёсцы Зубелевічы.

Каб пустуючыя аб’екты знайшлі сваіх гаспадароў, найперш яны павінны прайсці рэгістрацыю і мець адпаведныя дакументы. Між іншым, у раёне 176 будынкаў, якія не маюць “пашпартнай” прыналежнасці сваім уладальнікам. Найбольш іх у “Ліпнянцы” і “Тальмінавічах” – 55 і 51, у камунгасе 31, столькі ж у “Востраве-Агра”. Як правіла, такія будынкі незакансерваваныя, недагледжаныя, даступныя для любога, і гэта стварае пэўную небяспеку, у тым ліку пажарную. Адказнасць за захаванасць гэтых будынкаў і бяспеку грамадзян цалкам ляжыць на кіраўніках прадпрыемстваў і арганізацый.

Рэканструкцыя і рамонт незадзейнічаных пабудоў для гаспадарчых патрэб, іх продаж на аўкцыёнах, ліквідацыя безгаспадарных і састарэлых будынкаў – сярод асноўных пытанняў добраўпарадкавання і навядзення парадку ў населеных пунктах раёна. І іх вырашэнню павінна быць удзелена максімум увагі.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *