150 – прыгожы юбілей! Крывошынскую СШ Ляхавіцкага раёна віншавалі з днём нараджэння (фота)

Столькі гасцей, колькі сабралася ў мінулую суботу, Крывошынская школа не сустракала даўно. Вучні і настаўнікі – былыя і сённяшнія – спяшаліся сюды, каб разам адзначыць важкі школьны юбілей – 150-годдзе. Нехта зрабіў па знаёмым маршруце пару соцень крокаў, а камусьці давялося пераадолець сотні кіламетраў, каб трапіць на гэтую сустрэчу  і акунуцца ў непаўторную атмасферу дзяцінства, юнацтва, сяброўства, шчырай любві і павагі.

У гэты дзень галоўным упрыгажэннем абноўленай і камфортнай Крывошынскай  СШ стала мора ўсмешак.  На ўрачыстасць запрасіў школьны званок. Зала ледзьве ўмясціла ўсіх. Свята пачалося!

Пад гучныя апладысменты вядучыя называлі прозвішчы ветэранаў педагагічнай працы. Марыя Смаршчок, Аліна Дыдышка, Раіса Сегень, Валянціна Кліменка, Алена Жук, Соф’я Фармага, Соф’я Саган далі пуцёўку ў жыццё, навучылі разумнаму, добраму, вечнаму не адно пакаленне мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак. Многія з іх, дарэчы, былі ў зале і ад душы дзякавалі сваім дарагім настаўнікам.

Хвілінай маўчання ўшанавалі педагогаў, якіх сёння, на жаль, ужо няма сярод жывых, але памяць пра іх назаўжды ў сэрцах удзячных вучняў і калег.   З юбілеем школу і ўсіх, хто сабраўся на свята, павіншавала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская. Яна падкрэсліла, што школе заўжды шанцавала на граматных кіраўнікоў і таленавітых, адданых справе педагогаў. Ад райвыканкама, аддзела, які ўзначальвае, Святлана Канстанцінаўна ўручыла падарунак-сертыфікат на два сучасныя тэлевізары і камп’ютар.

– Прайшло ўсяго 56 гадоў, як тут для мяне і яшчэ 49 маіх равеснікаў прагучаў апошні званок, – так пачаў сваё выступленне Вячаслаў Вайшэвіч. Доўгі час ён працаваў у сістэме адукацыі раёна, цяпер мінчанін. У гэты дзень разам са сваім аднакласнікам Міхаілам Прыгуновым Вячаслаў Пятровіч чытаў уласныя вершы. І нагода важкая: роднай школе –150, і ім на дваіх –  столькі ж.

Былы дырэктар школы Аліна Дыдышка ўспамінала і іншы юбілей установы – векавы, удзельніцай якога таксама была.  Віншуючы юбілярку, яе выпускнік, былы дырэктар школы, а цяпер старшыня Крывошынскага сельвыканкама Юрый Чаранкевіч узгадаў цікавыя эпізоды школьнага жыцця, і чарговы раз прагучалі словы ўдзячнасці ў адрас настаўнікаў. З цеплынёй гаварыла пра іх і жадала роднай школе далейшага працвітання Галіна Свянтэцкая, якая цяпер узначальвае адну са школ у Кобрынскім раёне.

З падарункамі і віншаваннямі адзін за адным падымаліся на сцэну старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Бялецкая, былыя вучні школы – старшыня раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Курэц, сямейная пара Максім і Алена Чаранкевічы, былы настаўнік Крывошынскай СШ, цяпер старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Юруць і іншыя.

На юбілейным святкаванні было нямала душэўных, шчырых момантаў. Адзін з іх – запаленыя ад цеплыні сэрцаў усіх, хто сабраўся ў зале, 7 свечак. Першую – Веры – запалілі былыя дырэктары Аліна Дыдышка і Юрый Чаранкевіч, другую – Дзяцінства – сённяшнія вучні Крывошынскай СШ – выдатнікі вучобы, дыпламанты конкурсаў, актывісты Дзмітрый Каспяровіч, Антон Зубік, Алена Навікевіч, Ульяна Дыдышка, Анатолій Бабко, Іван Дыдышка, Ілья Сельмановіч.Таленавітыя, творчыя, ініцыятыўныя сённяшнія настаўнікі Сяргей Турчанка, Вольга Анісімава, Вольга Буцько, Вікторыя Соц, Андрэй Качура, Святлана Дзядзечка, Юлія Бярэзіч, Андрэй Сініца, Зоя Зубік далі жыццё свечцы Надзеі. Хто, як не яны – былыя вучні, а сёння і самі супрацоўнікі школы Вольга Дыдышка, Людміла Саўчык, Таццяна Навікевіч, Наталля Філіповіч, Ігар Вітко, Кацярына Гачко, Ларыса Малочка павінны былі запаліць свечку Мудрасці. Ім лёс наканаваў нямала радасці і шчаслівых імгненняў, сустракаліся і непрыемнасці. Але галоўнае – яны былі разам і праз дзесяцігоддзі пранеслі сваё каханне, якое пачыналася тут, за школьнай партай. Менавіта сямейныя пары далі іскрынку для свечкі Кахання. Сярод тых, хто падымаўся на сцэну, – вялікая сям’я Кулак: муж і жонка, іх сыны і нявесткі – усе выпускнікі Крывошынскай СШ.

Ад гэтых 6 свечак ярка загарэлася галоўная – Дружбы! А потым зноў песні, усмешкі. Дырэктар школы Ала Гуліцкая віншавала, дзякавала і сардэчна запрашала ўсіх на сустрэчу на чарговым юбілеі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


One thought on “150 – прыгожы юбілей! Крывошынскую СШ Ляхавіцкага раёна віншавалі з днём нараджэння (фота)

  • 01/11/2016 в 19:33
    Permalink

    Вельмі шкада, што не давялося пабываць на гэтым цудоўным мерапрыемстве. Крывошынская школа, сапраўды, самая лепшая і ў гэтым мяне падтрымаюць усе яе выпускнікі. А як прыемна бачыць на фотаздымках тых настаўнікаў, якія нас навучалі. Яны, без сумнення, аддалі ўсё сваё жыццё любімай справе.
    Ад усяго сэрца віншую сваю школу і ўвесь працоўны калектыў з гэтым цудоўным юбілеем і жадаю вам працоўных поспехаў, творчага натхнення і ўдзячных вучняў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *