Армейскія будні вачамі неармейскага чалавека /фота/

Пачалася прызыўная кампанія, і хутка тысячы юнакоў папоўняць рады Узброеных Сіл краіны, а рабяты, якія адслужылі, адправяцца ў запас.
Як праходзіць звычайны дзень салдата тэрміновай службы ў батальёне кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады,  што дыслакуецца на тэрыторыі нашага раёна, даведалася карэспандэнт раёнкі.
Адразу адзначу, армія – месца для сапраўдных мужчын, моцных  духам, рашучых. І хоць гучыць банальна, але гэта тая школа жыцця, дзе, здаецца, зусім “зялёныя” хлопцы выхоўваюць і загартоўваюць характар, вучацца быць самастойнымі, набываюць упэўненасць, адным словам – становяцца абаронцамі сваёй Радзімы.
У вайсковай часці праходзяць службу больш за паўсотні ваеннаслужачых, якія кругласутачна нясуць баявое дзяжурства і сочаць за паветранай прасторай. Галоўнае – заўважыць таго, хто не павінен у даны момант знаходзіцца ў зоне адказнасці, далажыць па інстанцыі і аператыўна прыняць  адзіна правільнае рашэнне. Таму служаць тут людзі адказныя, уважлівыя, надзейныя.
Звыклы лад жыцця цяпер у мінулым: каханая дзяўчына, бацькі, сябры засталіся там, за КПП. У штодзённы ўжытак прыйшлі словы нарад, развод, страявая падрыхтоўка, марш-кідок. І многія задачы, якія да арміі здаваліся немагчымымі, цяпер вырашаюцца з лёгкасцю: не выклікае складанасці разабраць, пачысціць і сабраць зброю, пры гэтым укласціся ў нарматыў, падшыць каўнерык і без адзінай складачкі заслаць ложак.
– Армія дазваляе паглядзець на свет іншымі вачамі, вучыць цаніць тое, што раней здавалася звычайным. Многія пасля службы становяцца іншымі людзьмі: больш самастойнымі, стараннымі, упэўненымі ў сваіх сілах.  І калі бяруцца за якую-небудзь справу, ставяцца сур’ёзна. Гэта своеасаблівы штуршок, які дазваляе салдатам вызначыцца з тым, чым займацца ў будучыні. Прыемна, што многія пасля службы вырашаюць працягнуць ваенную кар’еру. Хтосьці знайшоў сябе тут і застаецца служыць па кантракце, хтосьці паступае у Ваенную акадэмію. Ёсць тыя, хто звязвае жыццё са службай у іншых сілавых структурах, напрыклад, МНС ці МУС, – адзначае камандзір батальёна падпалкоўнік Сяргей Задорскі.
Першая асацыяцыя з арміяй –  дысцыпліна. Тут усё падпарадкавана асабліваму раскладу: дзень, без перабольшання, распісаны па мінутах.
Раніца пачынаецца са звык-лай для салдатаў каманды: “Рота, пад’ём!”. А гэта значыць, што на гадзінніку роўна 6.  Аматары паваляцца ў ложку пакідаюць такую звычку дома. Праз 10 хвілін асабовы склад ужо на зарадцы. І калі вы думаеце, што гэта звычайны комплекс практыкаванняў, то памыляецеся. Да яго яшчэ дадаюцца бег на тры кіламетры, падцягванні на перакладзіне і адцісканні ад зямлі. Зарад бадзёрасці на ўвесь дзень гарантаваны.
– Такі рытм жыцця дазваляе хлопцам папрацаваць над сваёй фізічнай формай, умацаваць здароўе. Многія салдаты раней і не падазравалі, што могуць так змяніць сябе, – расказвае намеснік камандзіра батальёна па ідэалагічнай рабоце капітан Васілій Бандарык.
20 хвілін, каб заслаць ложак і прывесці сябе ў парадак. Бо падчас ранішняга агляду салдат павінен выглядаць належным чынам: чысты каўнерык, адпрасаваная форма, начышчаныя берцы – гігіена і парадак у казарме паняцці абавязковыя. І той, хто да гэтай справы паставіўся абыякава, – першы кандыдат на нарад.
Да сталовай вайскоўцы ідуць строем і з песняй, самая папулярная – “В РТВ нам выпало служить”. Маленькі армейскі сакрэт: так не збіваецца  страявы крок.
Пасля інфармавання асабовага складу пра сітуацыю ў краіне і свеце салдаты рыхтуюцца да нясення баявога дзяжурства. У 8.40 гучыць Дзяржаўны гімн, узнімаецца флаг, змена заступае на дзяжурства. Астатнія адпраўляюцца на вучэбныя заняткі. Напрыклад, у залежнасці ад дня, можа быць страявая, тактычная, спецыяльная ці фізічная падрыхтоўка.
Доўгачаканыя 12.55, днявальны па роце падае сігнал “Рота! Падрыхтавацца да пастраення на абед”.  Ад абеду залежыць многае: настрой салдатаў і вынікі працы. Таму да яго прыгатавання падыход асаблівы: з душой і па-хатняму. На першае заўсёды выбар з дзвюх страў, гарнір і салат. Бацькам хвалявацца няма чаго: салдаты заўсёды накормлены смачнымі каларыйнымі абедамі, якім пазайздросціць нават неваенны чалавек.
Затым час для догляду за ўзбраеннем і баявой тэхнікай. Неад’емнай часткай армейскага жыцця з’яўляецца выхаваўчая і спартыўна-масавая работа. У спартыўным кутку кожны можа заняцца сваёй фізічнай формай або, напрыклад, пагуляць у футбол ці валейбол, паглядзець тэматычны фільм, прыняць удзел у дыспуце.
Асабліва чакаюць салдаты час, калі могуць патэлефанаваць або напісаць ліст родным. Інтэрнэту тут няма, таму, каб быць у курсе ўсіх падзей, штодня салдаты глядзяць інфармацыйную тэлевізійную праграму «Панарама», чытаюць газеты. Сярод фаварытаў – “Ляхавіцкі веснік”, каб даведацца пра мясцовае жыццё, “Рэспубліка”, “СБ. Беларусь сегодня”, беларуская ваенная газета “Во славу Родины”.
Каб нагуляць здаровы сон, а заадно праветрыць казарму – прагулка.  Затым адзін з абавязковых армейскіх рытуалаў – вячэрняя паверка: упэўніцца, ці ўсе на месцы.
Андрэй Шульган атрымаў павестку, скончыўшы Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт:
– Цвёрда вырашыў, што армія ў маім жыцці будзе абавязкова. Тут я многае пераасэнсаваў. З нецярпеннем чакаю сустрэчу з бацькамі, жонкай. Знайшоў сапраўдных верных сяброў, блізкіх па духу і інтарэсах, з якімі, упэўнены, буду падтрымліваць сувязь і пасля службы. Навучыўся адказваць за свае ўчынкі, стаў больш дысцыплінаваным.
Насычаны падзеямі, яркі, дынамічны і ў той жа час размераны – так я, дзяўчына, магу ахарактарызаваць адзін дзень з жыцця армейцаў. А для тых,  хто з годнасцю выконвае свой грамадзянскі абавязак, ён самы звычайны – адзін з 365.
Маргарыта КУХТА, студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.

One thought on “Армейскія будні вачамі неармейскага чалавека /фота/

  • 02/11/2016 в 16:28
    Permalink

    Згодна, кожны юнак павінен прайсці службу ў арміі, выхаваць у сабе сапраўднага мужчыну. Канешне, сэрца кожнай маці сціскаеюцца ад разлукі з сынам, але паглядзела фотаздымкі і неяк стала спакойней.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *