Канікулы без памылак

З 31 кастрычніка па 6 лістапада на Ляхавіччыне праходзіць абласная прафілактычная акцыя “Карысныя канікулы”. Асноўная ўвага ў гэты час надаецца рабятам, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Такіх у раёне 32 чалавекі, з іх 11 трапілі сюды за распіццё спіртных напіткаў.

Не лішне нагадаць: калі падлетка затрымліваюць у нецвярозым стане, то адразу дастаўляюць у РАУС для праходжання ў прысутнасці бацькоў працэдуры медыцынскага агляду, складаецца пратакол. Дакументы міліцыя накіроўвае ў раённую камісію па справах непаўналетніх.

На першы раз штраф можа быць і не самы вялікі, але, акрамя гэтага, прозвішча парушальніка трапляе ў рэспубліканскую базу даных, што ў любы момант можа паўплываць на далейшы лёс. Дарэчы, ”падмачыць” рэпутацыю могуць і адсутнасць святлоадбівальнага элемента, і пераход дарогі ў забароненым месцы, і іншыя правапарушэнні.

На жаль, на рахунку непаўналетніх – і злачынствы. Узбуджана крымінальная справа па факце хуліганства ў адносінах 17-гадовага ляхавічаніна, які пасля распіцця спіртных напіткаў пабіў прахожага.

Падчас акцыі асаблівая ўвага надаецца падлеткам, якія парушаюць антыалкагольнае заканадаўства, знаходзяцца пасля 22 гадзін на дыскатэцы, а пасля 23 гадзін – на вуліцы без суправаджэння дарослых. У поле зроку праваахоўных органаў трапяць прадаўцы, якія рэалізуюць алкаголь тым, каму не дазволена, а таксама асобы, якія спойваюць непаўналетніх.

Сяргей СОКАЛ,

участковы інспектар ІСН.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *