Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

Хто ноччу не спіць?

28 кастрычніка ў РАУС звярнуўся 45-гадовы жыхар вёскі Набярэжная, які паведаміў, што напярэдадні, прыблізна ў гадзіну ночы, у райцэнтры каля кінатэатра “Кастрычнік” невядомы без прычыны нанёс яму цялесныя пашкоджанні. Па гарачых слядах з дапамогай сістэмы відэаназірання супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку ўстанавілі, што хуліганства ўчыніў п’яны навучэнец мясцовага аграрнага каледжа. Падазроны затрыманы. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Напрыканцы кастрычніка ноччу ў жыхара аграгарадка Жарабковічы невядомыя ўкралі аўтамабіль. Прынятымі мерамі вышуку знойдзены і аўтамабіль, і злодзей.

Кантрабанда не прайшла

“Ураджайным “ выдаўся сумесны рэйд супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі, крымінальнага вышуку, групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю і службы ўчастковых інспектараў. На аўтадарозе каля вёскі Падсаколле спачатку затрымалі аўтамабіль пенсіянера з Нясвіжскага раёна, які без суправаджальных дакументаў перавозіў з Расійскай Федэрацыі у некалькіх каністрах 140 літраў дызельнага паліва. Паліва канфіскавана, на ўладальніка машыны складзены адміністрацыйны пратакол.

Там жа спынены аўтамабіль жыхара Івацэвіцкага раёна, які незаконна перавозіў 62500 пачак цыгарэт на 73745 дэнамінаваных рублёў. Тавар адабраны, матэрыялы накіраваны ў райінспекцыю Міністэрства па падатках і зборах па Ляхавіцкім раёне.

Пілі, кралі, скандалілі

Толькі за адзін дзень 3 жыхары Ляхавіцкага раёна адпраўлены ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, яшчэ 2 асуджаны туды ж.  За апошнюю дэкаду кастрычніка 4 жыхары раёна папаліся на дробных крадзяжах, затрымана 5 сямейных скандалістаў і 10 грамадзян, якія знаходзіліся ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане. Адзін чалавек пад градусам кіраваў аўтамабілем.

Са зводкамі РАУС знаёмілася Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *