Гандаль з колаў

Што ў продажы сёння?

Пытанні гандлёвага абслугоўвання, у прыватнасці, аўтамагазінамі райпо, уздымаюцца на апаратных нарадах у старшыні райвыканкама з незайздроснай рэгулярнасцю. Што на самай справе выклікае незадаволенасць вяскоўцаў, а што іх упаўне задавальняе, высвятляў карэспандэнт “ЛВ”.

Чацвер, 27 кастрычніка. Рэдакцыйная машына спяшаецца ў вёску Гасцілавічы, каб паспець якраз да прыезду сюды аўталаўкі райпо. Згодна раскладу, што маецца ў аддзеле эканомікі райвыканкама, аўтамагазін павінен прыбыць сюды ў 14.40. На гадзінніку 14.30, а белы фургон на колах ужо выехаў з Гасцілавічаў у Вадзяціна, дзе па раскладзе павінен быць з 15.50 да 16.50.

Гучным аўтамабільным сігналам вадзіцель Дзмітрый Ярошка апавяшчае мясцовае насельніцтва пра прыезд аўталаўкі. У Вадзяціне яна бывае двойчы на тыдзень –  па панядзелках і чацвяргах. У вёсцы, дзе магазін не працуе ўжо гадоў 15, аўталаўка не толькі галоўны пастаўшчык прадуктаў харчавання, але і своеасаблівае сувязное звяно з ”вялікім светам”, адзін з атрыбутаў цывілізацыі, рэальная дапамога і падтрымка. Без перабольшання, у маленькіх населеных пунктах, дзе жыхароў можна, у літаральным сэнсе, пералічыць на пальцах, вадзіцеляў і прадаўцоў сустракаюць, як чаканых гасцей, блізкіх сваякоў, дзеляцца з імі сваімі радасцямі і бедамі. Але, безумоўна, галоўнае прызначэнне магазіна на колах – гандаль.

Афіцыйна ў Вадзяціне прадугледжаны 2 прыпынкі аўталаўкі, але на справе іх – 4. Адзін насупраць дома, дзе жыве 96-гадовая Надзея Дрозд. Аўтамабіль з прадуктамі стаў спыняцца тут пасля таго, як жанчына папрасіла дапамогі ў райвыканкаме: па ўзросце і стане здароўя сама не можа прайсці і дзясятка метраў, не гаворачы пра сотню да цэнтра вёскі.

Першы пакупнік – сын Надзеі Міхайлаўны, які прыязджае з Баранавічаў дапамагаць маці.

– Нам у аўталаўцы ўсяго хапае. Чаго не прывезлі на гэты раз, можна заказаць на наступны, – расказвае мужчына.

Падыхо-дзяць яшчэ дзве вяскоўкі. Пакуль ішоў гандаль, паслухалі нямала кампліментаў і ў адрас вадзіцеля, і наконт тавару, які рэалізуецца ў аўталаўцы. Але не ўсе водгукі аказаліся прыемнымі.

– Летам быў выпадак, калі прывезлі сыры хлеб з Ляхавіцкага кааппрама. Разламалі бохан, а адтуль пацякла вада. Адразу і аддалі назад прадаўцу. Праўда, больш такога ў нас не прадавалі, – далучаецца да размовы Яніна Скарадзіла і дадае, што звычайна аўталаўка прыязджае своечасова. – Хаця здаралася, што чакалі яе ажно да 18 гадзін, мабыць, машына зламалася. А ў астатнім нас усё задавальняе.

Раней на гэтым маршруце вадзіцель прадаваў тавары сам, цяпер працуе ў пары з прадаўцом. Святлана Тарлюк у аўталавачным гандлі навічок – на пасадзе ўсяго другі месяц. Але, па водгуках пакупнікоў, уважлівая, стараецца выконваць усе заяўкі. Па яе словах, вяскоўцы купляюць у асноўным хлеб, малако,тварог, каўбасныя вырабы, пячэнне, цукар, мужчыны – цыгарэты. Заказваюць камбікорм для жывёлы і птушкі, да святаў – свініну.

– Перш чым выехаць па вёсках, папоўнілі асартымент таварамі са складу. Робім так штодзень. Стараемся, каб прадукцыя была свежая, – гаворыць прадавец.

А тым часам памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ  Таццяна Палуян звяртае ўвагу на санітарны бок продажу. Без парушэнняў, на жаль, не абышлося. Так, сасіскі захоўваліся не ў халадзільніку, на разрэзаных каўбасах не ўказаны час ускрыцця абалонкі (згодна санітарных нормаў, разрэзаную каўбасную прадукцыю неабходна рэалізаваць на працягу 12 гадзін), у халадзільніку адсутнічае тэрмометр, а вось карозія прысутнічае. Вадзіцель апраўдваецца, маўляў аўталаўка сваё ад’ездзіла, часта псуецца, патрэбна мяняць машыну.

На прыпыначным пункце аўтамагазіна сабраліся пяцёра тутэйшых жыхароў і дачніца. Прыйшлі за пакупкамі і наперабой пачалі гаварыць:

– Мы амаль усе пажылога ўзросту, дзесяць чалавек у вёсцы засталося, летам больш –  дзеці, унукі, праўнукі прыязджаюць, дачнікі тут. Канешне, нам без магазіна, хоць і прывазнога, нельга…

– Але хацелася б большага асартыменту…

– Прадавец і вадзіцель мясное, малочнае, салодкае прывозяць. Усё растлумачаць, падкажуць.  83-гадовая Ірына Гладкая звяртае ўвагу на наступнае:

– Раней да нас некалькі разоў на месяц прыязджала і аўталаўка з прамысловымі таварамі. Можна было купіць мыйныя сродкі, бялізну, ручнікі, тое-сёе з адзення. А цяпер пакінулі нас без гэтага, а ў горад у нашым узросце не наездзішся…

Хочацца спадзявацца, што кіраўніцтва райпо гэту просьбу пачуе.  Акрамя вышэйзгаданых вёсак, на маршруце аўталаўкі па панядзелках і чацвяргах – Завінне, Волька, Гукова, Пад’язаўле і Петухоўшчына. Па словах прадаўца, штодзённая выручка на ўчастку параўнальна нядрэнная, складае каля 800 рублёў.

Усяго па Ляхавіцкім раёне калясяць 6 аўталавак плюс адна, якая спецыялізуецца на прамысловых таварах. Абслугоўваюць яны каля 9 тысяч жыхароў у 93 населеных пунктах. Кошт на тавары не адрозніваецца ад цэн у стацыянарных магазінах райспажыўкааперацыі. Затое – з дастаўкай. На работу аўтамагазінаў нямала станоўчых водгукаў, хаця хапае і скаргаў.

Выконваючая абавязкі старшыні Конькаўскага сельвыканкама Анастасія Рабцэвіч адзначае, што на тэрыторыі сельсавета, па водгуках вяскоўцаў, нараканняў на работу райпоўскіх магазінаў на колах няма: прыязджаюць па графіку. Тавар якасны, не было пытанняў і да тэрмінаў прыгоднасці прадуктаў. Своечасова выконваюцца заказы на набыццё бытавой тэхнікі.

А вось нядаўна праведзены спецыялістамі аддзела эканомікі райвыканкама маніторынг выявіў сур’ёзныя недахопы ў рабоце аўтамагазіна, які ездзіць па вёсках Падбарочча, Залужжа, Нівішча, Мазуркі, Ганцавічы, Меляхі, Цыгань: ад парушэння графіку і правілаў захоўвання харчовых тавараў да няякаснай прадукцыі.

Не пакідае без кантролю работу аўталавак санітарная служба. Як паведаміў рэдакцыі галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў, магазіны на колах правяраюцца ў час планавых праверак, акрамя таго, праводзяцца і маніторынгі. Сярод парушэнняў, з якімі найчасцей сустракаюцца спецыялісты райЦГіЭ, – незахаванне таварнага суседства, невыкананне гігіенічных патрабаванняў да ўтрымання аўтафургонаў і іншае. Памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Юрый Лімант расказаў, што адна з праверак закранула разам з магазінам райпо ў Галаўнінцах і прыехаўшую ў гэту вёску аўталаўку. Па выніках праверкі вадзіцель-прадавец прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці – штрафу ў памеры 5 базавых велічынь за парушэнне патрабаванняў санітарных нормаў і правіл. Прэтэнзіі санслужбы выклікала тое, што некаторыя прадукты харчавання перавозіліся не на спецыяльных падстаўках ці латках, а на падлозе машыны; не падтрымліваліся належныя тэмпературныя рэжымы пры захоўванні і рэалізацыі замарожаных курыных паўфабрыкатаў; побач знаходзіліся сырая і гатовая мясная прадукцыя; тлушч прадаваўся без дакументаў, якія пацвярджаюць яго якасць.

Вось такія розныя эпізоды вельмі запатрабаванага, хаця, магчыма, і не самага прыбытковага аўталавачнага абслугоўвання. Дакладна можна сказаць адно: вельмі многае залежыць, у першую чаргу, ад саміх работнікаў райпо, іх адказнасці і добрасумленнасці. Ну і, канешне, ад прынцыповасці, зацікаўленасці ў вырашэнні пытанняў сельвыканкамаў, санітарнай службы. Гандлёвае абслугоўванне вяскоўцаў – справа не другарадная. Па маршрутах магазінаў на колах жывуць  людзі – не чужыя, нашы землякі.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.

Жыхары Вадзяціна ў чаканні аўталаўкі.


One thought on “Гандаль з колаў

  • 08/11/2016 в 11:58
    Permalink

    Не понимаю. Одна и таже тема постоянно на слуху и не в положительном ракурсе.Что мешает загрузить автолавки свежими продуктами, обеспечить ассортимент и надлежащее санитарное состояние? Выиграют от этого все. Даже в школе провинившийся ученик понимает: есть замечание — надо исправляться…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *