Пачалі за здароўе, апынуліся … у ЛПП

Кожнае трэцяе злачынства, зарэгістраванае  за 9 месяцаў на  тэрыторыі раёна, учынена ў стане алкагольнага ап’янення. Сяброўства з гарэлкай “натхняе” не на стваральную працу, а  на парушэнне закона.
У верасні ў райцэнтры сутыкнуліся дзве падагрэтыя градусамі кампаніі. Наглядна знаёмыя, не змаглі разысціся мірна. Слова за слова, сварка  перарасла ў  канфлікт з размахваннем разбітай бутэлькай  і пагрозай забойствам. Узбуджана крымінальная справа па  артыкуле 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.  Парушальнікам пагражаюць  грамадскія работы або штраф, папраўчыя работы на тэрмін да года, арышт, абмежаванне ці пазбаўленне волі да двух гадоў.
Праваахоўныя органы праводзяць актыўную работу па выяўленні і прадухіленні злачынстваў. Так, мінулым летам участковы інспектар на прыпынку каля вёскі Чвыры затрымаў за знаходжанне ў грамадскім месцы  нецвярозага. Ім аказаўся неаднаразова судзімы жыхар Баранавічаў, які меў дачыненне да шэрага крадзяжоў з дачных кааператываў. Ляхавіцкі  раённы  аддзел  Следчага камітэта ўзбудзіў 2 крымінальныя справы па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса.
З пачатку года ўчастковыя інспектары склалі 923 адміністрацыйныя пратаколы за распіццё спіртных напіткаў ці з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах. Спынена 83 факты незаконнай рэалізацыі алкагольнай прадукцыі, канфіскавана 67 літраў  самагону, 923 літры самагоннай брагі і 947 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці.
У лячэбна-працоўныя прафілакторыі асуджаны 24 хранічныя алкаголікі, з іх 18 ізаляваны.
Нялішне нагадаць пра адказнасць за продаж і выраб фізічнымі асобамі, моцных алкагольных напіткаў. У адпаведнасці з КаАП, продаж алкагольных напіткаў, у тым ліку ўласнага вырабу, пры адсутнасці прыкмет прадпрымальніцкай дзейнасці цягне накладанне  штрафу ў памеры ад 5 да 20 БВ з канфіскацыяй алкаголю.  А за выраб фальсіфікаваных алкагольных напіткаў, як і іх перамяшчэнне, захаванне, гандаль імі, прадугледжаны штраф у памеры ад 100 да 200 БВ.
У РАУС па тэлефонах  102, 2-48-37 працуе  кругласутачная прамая лінія “П’янству –  не”.  Канфідэнцыяльнасць гарантуецца.
Андрэй ГІЛЬ,
першы намеснік начальніка РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *