Лета было яркім!

Падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэй” (праходзіў з 1 чэрвеня па 15 верасня)  на лепшы  аздараўленчы лагер. Яго асноўная мэта – распаўсюджванне перадавога вопыту работы выхаваўча-аздараўленчых устаноў.

Папярэдне прайшоў раённы этап, на якім былі прадстаўлены 16 праектаў, 6 з іх прызнаны пераможцамі і прызёрамі. Яны і атрымалі магчымасць паўдзельнічаць у абласным этапе. І там прадстаўніцтва было ўнушальным, тым прыемней перамогі. А іх сёлета ў ляхавіцкіх выхавальнікаў і важатых аздараўленчых лагераў шмат.
Праект “Экспедытары стыхій” культарганізатара цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а ў летні час старшага выхавальніка  Аляксандра Стэцко, які паспяхова рэалізаваўся ў летніку “Чайка” на працягу першай і другой змен, стаў пераможцам і ўдастоены дыплома І ступені.
Чарговы раз заявіў пра сябе педкалектыў Востраўскай СШ. Праект настаўніка рускай мовы і літаратуры, педагога-арганізатара, а на летніх канікулах – дырэктара  лагера  Юрыя Дзяміда і настаўніцы пачатковых класаў Людмілы Юнік “Тройчы  шэсць, ці Кніга мудрасці” спадабаўся не толькі рабятам, якія наведвалі лагер з дзённым знаходжаннем “Сонейка” Востраўскай СШ. Ён уразіў журы абласнога конкурсу, за што атрымаў дыплом ІІ ступені.
А вось дыпломы  ІІІ ступені адправіліся  адразу па  некалькіх ляхавіцкіх адрасах. Адзначаны праекты “Вось яно якое, наша лета!” старшага выхавальніка Наталлі Русакевіч і дырэктара  дзённага лагера для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі “Усмешка” Наталлі Кудзялевіч, а таксама  “Школа  Фіксікаў” летніка пры СШ № 2 (старшы выхавальнік Таццяна Бохан).
Пахвальны  водзыў адрасаваны дараўскім педагогам-наватарам  за праект “Алімпійская вёска” (аўтар – старшы выхавальнік, настаўніца рускай  мовы і літаратуры Вераніка  Грынчык),  прыдуманы  для хлопчыкаў  і дзяўчынак з тутэйшага лагера з дзённым знаходжаннем “Сонейка”.
Дарэчы, на мінулым тыдні на базе ЦКРНіР адбылося пасяджэнне вучэбна-метадычнага аб’яднання старшых выхавальнікаў. Вынікі летняй аздараўленчай кампаніі-2016 падвяла метадыст  раённага  вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Саракавік.
Пра тое, што паспяховай рэалізацыі творчых праектаў у  дзіцячых летніках садзейнічае граматны падыход у праектаванні, гаварыў старшы выхавальнік “Чайкі” Аляксандр Стэцко. У практычнай частцы педагогі спраектавалі новую лагерную змену.
Вопытам работы па падрыхтоўцы да конкурсу педагагічных каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі “Энергічнае лета. Далучайцеся!” падзяліліся настаўнікі СШ № 2.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *