Пра здароўе медыцыны і здаровы бізнес

Чарговае планавае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта адрознівалася ў тым ліку і дастаткова нефарматным складам удзельнікаў. Нядаўні намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык выступіў ужо ў новым для сябе статусе парламентарыя. Прысутнасць у Ляхавічах намесніка міністра аховы здароўя Беларусі Ігара Ласіцкага і начальніка аднайменнага ўпраўлення Брэсцкага аблвыканкама Віктара Міхалоўскага была абумоўлена першым пытаннем парадку дня.

Быць бліжэй   да людзей

На пасяджэнні райвыканкама абмяркоўваліся стан медыцынскага абслугоўвання насельніцтва і работа па аптымізацыі ўстаноў аховы здароўя ў раёне.  На працягу доўгага часу ці не самым балючым пытаннем раённай медыцыны з’яўляўся недахоп урачоў. З усімі далёка не аптымістычнымі наступствамі такога становішча: чым менш дактароў – тым больш пацыентаў у кожнага з іх. Гэта, канешне ж, не ёсць добра: каб “паспець” за сітуацыяй, многім з іх даводзілася працаваць з павышанай нагрузкай. Пры ўсім жаданні і імкненні апошніх выканаць сваю работу максімальна якасна – такі расклад не на карысць эфектыўнасці аказання медыцынскіх паслуг і меддапамогі. Іменна кадравы голад, а такі вобраз выкарыстаў у сваім выступленні Віктар Міхалоўскі, варта разглядаць у якасці адной з прычын у тым ліку і незайздроснай дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне. Галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч агучыў статыстыку: за апошнія 5 гадоў колькасць насельніцтва раёна скарацілася на 2770 чалавек. У асноўным – за кошт жыхароў сельскай мясцовасці. Нягледзячы на тое, што з 2011 года адзначаецца тэндэнцыя да зніжэння, паказчык агульнай смяротнасці ў раёне працягвае заставацца адным з самых высокіх у Брэсцкай вобласці.

Аптымізм у тым, што апошнім часам праблему з медыцынскімі кадрамі ў раёне ўдалося істотна “прытупіць”. На сённяшні дзень урачамі наша медыцына ўкамплектавана практычна на 89, а сярэднім медперсаналам на 96 працэнтаў ад штатнай неабходнасці. Паказальны момант: сёлета, нарэшце, атрымалася забяспечыць урачэбнымі кадрамі амбулаторыі раёна. Названы факт дазволіў асноўную іх частку адаптаваць да прынцыпу работы па агульнаўрачэбнай практыцы. Сказанае важна яшчэ і з пункту гледжання таго, што прыярытэтам у сістэме аховы здароўя насельніцтва краіны з’яўляецца аказанне амбулаторна-паліклінічнай дапамогі. Ставіцца і вырашаецца задача забяспечыць максімальную даступнасць медыцыны нават у самых аддаленых месцах. За час разгляду пытання Ігар Ласіцкі неаднойчы і ў рознай інтэрпрэтацыі гаварыў аб якасці іменна першай ці першаснай меддапамогі:

Імкнуцца трэба да таго, каб   першы кантакт пацыента быў з   урачом. Маўляў, высокія медыцынскія тэхналогіі, у чым краіна нямала дасягнула і шмат куды крочыла, – цудоўна. Але гэта для адзінак. Здароўе нацыі залежыць ад здароўя першаснай ступені сістэмы аховы здароўя.

У значнай ступені, аднак, куды менш, чым ад самога чалавека – гараджаніна, вяскоўца, юнай дзяўчыны або сталага мужчыны. Хто не ведае, што не толькі фізкультура, але і шматлікія аспекты культуры паводзін з’яўляюцца высокаліквіднымі інвестыцыямі ў сваё здароўе? Дарэчы, пра інвестыцыі ў самым першым значэнні гэтага слова: за пяцігодку – з 2011 па 2015 гады – у правядзенне капітальных рамонтаў медустаноў Ляхавіччыны ўкладзены вельмі значныя грашовыя сродкі. У адпаведнасці з планамі, пастаянна абнаўляецца медыцынскае і дыягнастычнае абсталяванне бальніцы, паліклінікі, амбулаторый і фельчарска-акушэрскіх пунктаў, удасканальваецца інфарматызаванасць. Што, як ні кажы, таксама з’яўляецца важным складнікам якасці і паляпшэння ўмоў аказання меддапамогі.

Разам з тым існуе нямала яшчэ медыцынскіх і калямедыцынскіх пытанняў, якія патрабуюць вырашэння. Будзе прадоўжаны курс на аптымізацыю месцаў бальнічнага стацыянара, разглядаецца пытанне пра закрыццё аднаго з ФАПаў раёна, маюць патрэбу ў рамонце харчовы блок і асобныя інжынерныя сеткі ЦРБ, іншае.

Сваім рашэннем райвыканкам паставіў “дыягназ”: “УАЗ “Ляхавіцкая ЦРБ” праводзіцца пэўная работа, накіраваная на павышэнне даступнасці і якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва раёна …”.

Раён для бізнесу

Развіццё прадпрымальніцтва і стварэнне ўмоў для вядзення бізнесу – другая частка пасяджэння райвыканкама была пры-свечана іменна гэтай тэме. Яна ў ліку асаблівых эканамічных прыярытэтаў дзяржавы, адпаведна, – і нашага раёна. Пра тое, што сказанае не дзяжурная дэкларацыя, сведчыць прызнанне Ляхавіччыны Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва ў якасці спрыяльнай бізнес-пляцоўкі. Асабліва спрыяльнай, паколькі аўтарытэтная ў дзелавых колах арганізацыя вызначыла Ляхавіччыну як лепшы раён для бізнесу ў Беларусі з колькасцю насельніцтва да 50 тысяч чалавек. Як дакументальнае таму пацвярджэнне – дыплом, які ўпрыгожвае рабочы кабінет намесніка старшыні райвыканкама Таццяны Кацуба.

Акрамя штатных удзельнікаў аналагічных сходаў, да ўдзелу ў пасяджэнні былі запрошаны людзі бізнесу. Індывідуальныя прадпрымальнікі, кіраўнікі прыватных малых і не толькі прадпрыемстваў, фермеры. У фае перад уваходам у залу пасяджэнняў дзелавы люд сустракала прэзентацыйная выстава кандытарскіх вырабаў    райпо. Многае з прадстаўленага выглядала свежа і апетытна, недзе нават інавацыйна. Але ці зацікавіла прадстаўленая смаката прадпрымальнікаў, ці дабавіла выстава спажывецкаму таварыству дзелавых партнёраў з ліку прыватнікаў – атрымаць адказ адразу не атрымалася.

Пра важнасць, у прамым сэнсе, каштоўнасці малога прадпрымальніцтва, яго дынамічнай актыўнасці гавораць лічбы. Яшчэ дзесяцігоддзе назад бізнес-адлічэнні ў бюджэт складалі 9–11 працэнтаў ад яго агульнай сумы. Зараз, а гутарка вядзецца пра   пачатак года бягучага, гэты складнік павялічыўся больш як утрая. І з цвёрдасцю можна гаварыць, што кансалідаваны бюджэт на трэць фарміруецца за кошт бізнес-адлічэнняў. Але не заўсёды, як узгадала ў сваім выступленні Таццяна Кацуба, прадпрымальнікі знаходзяць абсалютную спагаду з боку асобных чыноўнікаў. Паход за нейкім з дакументаў ператвараецца часам у блуканне па пакутах.    Так, вызначаныя заканадаўствам у кожным канкрэтным выпадку тэрміны вытрымліваюцца, але чаму б не паскорыцца дзеля справы – задалася рытарычным пытаннем намеснік старшыні райвыканкама.

У сферы цікавасці прадпрымальнікаў раёна гандаль, вытворчасць рознага роду тавараў, аказанне паслуг, фермерства, многія іншыя віды дзейнасці. Але, на думку старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча, сярод гэтага многага іншага знаходзіцца мала месца (а то і ўвогуле не знаходзіцца) пытанням аказання насельніцтву бытавых паслуг. Ёсць база: можна атрымаць у арэнду памяшканне з ланцугом неабходнага абсталявання. Геаграфічна раён набліжаны да дастаткова буйных шляхоў зносін, аднак, на тэрыторыі вы не знойдзеце ніводнага належным чынам абсталяванага пункта для адпачынку. Аб арганізацыі платных аўтастаянак гутарка вядзецца не першы год, але далей яе справа не заходзіць. Пакуль не заходзіць. Але будзем спадзявацца, што чым далей, тым больш вытворчых і невытворчых сфер будзе падуладна нашым прадпрымальнікам.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *