Моцныя карані

Стараста Наталля Лашук (другая злева) і жыхаркі Каранёў Ніна Глобуз, Аліна Тарасевіч, Феафанія Глобуз.

Сама назва вёскі Карані абнадзейвае: стаіць моцна, упэўнена трымаючыся за зямлю-матухну. У той час, як у многіх населеных пунктах раёна колькасць насельніцтва змяншаецца,  у Каранях будуюцца новыя дамы. Вось зруб, якраз насупраць хаты Наталлі і Мікалая Лашукоў. Ды не проста сусед у іх будзе, а іх старэйшы сын тут будуе сабе жыллё. Не хоча жыць у Ляхавічах, хоць там працуе, у родную вёску цягнуць карані…

Ды і не толькі яго. Апошнім часам многія вяртаюцца ў бацькоўскія хаты, а калі нехта прадае сядзібу, то купцы тут як тут. Вось так некалі не змог пакінуць вёску, дзе вырас, Мікалай Лашук. З горада Нясвіжа ўгаварыў пераехаць сюды жонку Наталлю, так і жывуць у Каранях. Дзяцей выгадавалі: 3 сыны ўжо дарослыя, дачушка – школьніца. Лад і парадак у сям’і. Наталля –  выдатная гаспадыня, маці, жонка. Але асноўнае, што выдзяляе гэтую жанчыну, –   вельмі добры, мяккі і спагадлівы характар і асаблівая філасофія жыцця. Яна і прафесію выбрала сабе адпаведную –   сацработнік: дапамагае людзям, якім гэта вельмі неабходна. Зусім адзінокія, адзінокапражываючыя, якія па ўзросце сваім ужо не маюць сіл вырашыць некаторыя бытавыя пытанні, нямоглыя разлічваюць на падтрымку і дапамогу Наталлі Мікалаеўны. І вось ужо 17 гадоў яна ідзе да іх хоць днём, хоць ноччу. Не толькі ў Каранях яе рады бачыць, яна свая для тутэйшых з усёй акругі – Дарава, Федзюкі, Сакуны, Туркі, Тумашы, Ураджайная, Бажкі – хоць у адной, хоць у дзвюх хатах яе чакаюць. Тройчы  на тыдзень абавязкова пастукае ў дзверы да ўсіх 17 падапечных. А да Марыі Міладоўскай з Бажкоў загляне кожны дзень. Адзінокая жанчына пасля траўмы не можа рухацца самастойна, таму Наталля Мікалаеўна і ў хаце прыбярэ, і абед згатуе, і лекі прынясе. А галоўнае – яна ўмее слухаць людзей, якія, бывае, толькі ёй адкрываюць свае сэрцы. Часцей за ўсё расказваюць кабеты пра былое, перажытае гора, радасці: і яны некалі былі маладымі, марылі, кахалі, змагаліся за свае пачуцці. Зінаіда Тарасевіч з Сакуноў, якой сёння 96 гадоў, і Ганна Плюшчыкава перажылі вайну, нацярпеліся бяды…
А па-суседску ў Каранях пажылыя бабулькі, здаецца, і дня не могуць пражыць без Наталлі. Ніна Глобуз, Аліна Тарасевіч, Феафанія Глобуз, калі што,  самі наведваюцца: ціск памераць, “на параду”, проста так абмеркаваць мясцовыя навіны. Бывае, што і Наталля падключае сваіх падапечных да вырашэння нейкіх вясковых спраў. А іх збіраецца нямала. Напрыклад,   арганізаваць землякоў на добраўпарадкаванне вуліц. А яшчэ клапоцяць Наталлю Мікалаеўну выдзяленне пашы для жывёл з асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, вулічнае асвятленне вёскі, работа аўталаўкі. Адным словам, не было ў Наталлі “сапернікаў” пры выбарах старасты вёскі. Аднагалосна вяскоўцы не толькі прасілі, але і патрабавалі, каб іменна дэпутат Наталля Лашук узяла на сябе абавязкі старасты вёсак Карані, Тумашы, Дайнякі.
Зразумела, работы прыбавілася. Цяпер яна працуе яшчэ і з дакументацыяй па афармленні пашпартоў сядзіб вяскоўцаў, дапамагае арганізаваць дастаўку паліва на зіму, ды і, наогул, стараста ў курсе ўсіх спраў сваіх вяскоўцаў.
– Чалавек шчаслівы тады, калі ён запатрабаваны і мае за сваю работу ўдзячнасць ад людзей, – гаворыць Наталля Лашук. – А мне вяскоўцы  давяраюць, я шчаслівая і ад таго, што сям’я разумее важнасць маёй работы, па магчымасці імкнуцца дапамагчы…
Муж Наталлі  Мікалай ужо 10 гадоў, як памяняў прафесію будаўніка на сацработніка. Гэта вырашыла многія праблемы. Цяпер ён і вадзіцель, і незаменны памочнік. Нешта адрамантаваць, падкасіць, завезці чалавека на медабследаванне, даставіць прадукты, лекі і г.д. – яго абавязкі.
– Я не магу сказаць, што мая работа і грамадскія даручэнні – усё лёгка і проста. Патрэбна шмат і фізічных сіл, і маральных. Але мая жыццёвая філасофія, якая да-зваляе спраўляцца з многімі сітуацыямі, вельмі простая: людзей трэба любіць.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Моцныя карані

  • 09/11/2016 в 22:18
    Permalink

    НА таких неравнодушных и отзывчивых людях держится сегодня многое. Без доброго и участливого слова не обойтись ни в одном деле. Сразу хочется продолжить добрую цепочку, чтобы и у других минус стал плюсом. Так, смотришь, добрых людей всё больше и больше, а соответственно и больше счастливых.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *