Комплекс паўнацэннасці

Разам з русінавіцкімі жывёлаводамі іх поспех падзялілі кіраўніцтва гаспадаркі, прадстаўнікі абл- і райсельгасхарчу, ветслужбы, прафсаюзныя лідары.

Гаворка пойдзе пра сельскую гаспадарку. Пра СВК “Ляхавіцкі”, калі вельмі дакладна. Калі ж абсалютна адрасна, геройстваваць у нашым сённяшнім прысвячэнні будзе малочнатаварны комплекс “Русінавічы”. Каштоўнасць, вартаснасць гэтай можа і не фабрыкі, але цэха па вытворчасці малака блізкая да абсалюту. Што тычыцца тэхналогіі вытворчасці – яе ўзровень пасуе лепшым сучасным узорам. Кадравы склад? Кожны з 17 чалавек – тонкі прафесіянал у сузор’і яркага калектыву аднадумцаў. Рызыкнём меркаваць, што іменна гэтыя два “кіты” ляжаць у аснове   поспеху МТК “Русінавічы” – вытворчага і эканамічнага.

Некалькі сухіх і адначасова яркіх лічбаў-характарыстык малочнай  супер-фермы. Удойнасць сярэдняй кароўкі там нават цяперашнім часам перавышае два дзясяткі кілаграмаў малака штодзённа. У пікавы ж – летні – перыяд названая лічба выглядала на чвэрць і больш “прыгажэй”. Першы, вышэйшы гатункі малака – гэта не пра “Русінавічы”. Толькі і выключна экстра-якасны прадукт з’яўляецца вынікам работы комплексу.
Удойнасць, якасць, тэмп росту валавай вытворчасці, таварнасць прадукцыі. Адно да аднаго –  і атрымаем формулу, зыходзячы з якой камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага абл-выканкама ў тандэме з абласным камітэтам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу вызначаюць фермы-пераможцы аблспаборніцтва па вытворчасці малака. Спаборніцтва новае – праводзіцца толькі з пачатку года. Паквартальна вызначаюцца лепшыя ў трох намінацыях: ферма з сярэднім гадавым удоем да пяці тысяч кілаграмаў малака на карову, ад пяці да сямі і звыш сямі. Апошняя, як разумеем, самая прэстыжная, свайго роду – вышэйшая ліга малочнай жывёлагадоўлі. Дык вось, па выніках дзевяці месяцаў года галоўны прыз лігі – Ганаровы дыплом за подпісамі кіраўнікоў названых вышэй аблкамітэтаў – заваяваў МТК “Русінавічы” СВК “Ляхавіцкі”.

Ушанаванне адбылося ў пятніцу ў памяшканні адміністрацыі СВК. Ва ўрачыста-цёплых абставінах, у прысутнасці кіраўніцтва, спецыялістаў, работнікаў гаспадаркі дыплом памочніку загадчыка МТК Івану Буйко ўручыў намеснік старшыні аблкамітэта прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Флар’яновіч (на здымку першы злева). Першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Буткевіч (на здымку ў цэнтры) адзначыў, што поспех русінавіцкіх жывёлаводаў – заканамерны вынік працы ўсіх працаўнікоў “Ляхавіцкага”, пачынаючы ад ці не галоўнага на ферме чалавека –  даяркі – да кіраўніка гаспадаркі –  мнагавопытнага і заслужанага Аляксандра Іванавіча Вітко.

Вялікі дзякуй за працу – гучала не аднойчы.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *