Іван Васільевіч і яго мірная прафесія

Шаноўны ветэран Вялікай Айчыннай вайны, настаўнік, наш паважаны зямляк  Іван   Вялічка  8 лістапада адзначыў важкі  юбілей – 90-годдзе  з дня нараджэння. Ён мог стаць міліцыянерам, авіятарам,  перакладчыкам, але лёс наканаваў звычайнаму  вясковаму хлопцу  з Нясвіжскага раёна іншую –   самую мірную і неабходную ва ўсе  часы прафесію  настаўніка.  Да  Нясвіжскага педвучылішча  былі дзяцінства ў вёсцы  Еськавічы, 6 класаў польскай школы, жыццё ў  нямецкай акупацыі і доўгія вёрсты вайны.  Апошнія – асаблівая старонка ў багатым на падзеі жыцці Івана Васільевіча.
Калі летам  1944 года яго прызвалі ў дзеючую армію,  бацька, які ваяваў на франтах Першай сусветнай, даў  наказ: служыць годна.  Радавы 297-га  стралковага палка 5-й арміі быў аўтаматчыкам  на Трэцім Беларускім фронце.  У  час адной з  фашысцкіх мінамётных атак  на тэрыторыі Усходняй Прусіі Івана Вялічку  параніла.
– Раненне было цяжкае, больш за 2 месяцы лячыўся ў шпіталі.  Але нічога:  раны загаіліся. Галоўнае, застаўся жывы! Разам з таварышамі  радаваўся перамозе над фашызмам,  –  успамінае  ветэран.
На парадным пінжаку Івана Васільевіча  ордэн  Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль “За адвагу”, шматлікія юбілейныя медалі ў гонар Вялікай Перамогі – адзнака доблесці і мужнасці. Менавіта так, у поўным  парадзе, ён заўжды сустракае гасцей.
Пасля вайны франтавікі разам з усімі актыўна ўключыліся ў аднаўленне народнай гаспадаркі. Іван пайшоў працаваць  токарам на завод у Падмаскоўі. Але марыў пра вучобу. Збылося: сярод іншых  мэтанакіраваных і талковых стаў навучэнцам педвучылішча.
Адразу пасля яго заканчэння захапіла, закруціла ў віхуры падзей школьнае жыццё.  Малады, актыўны,  ён не баяўся пачынаць новае, заўсёды знаходзіў агульную мову з калегамі і, канешне, вучнямі – за  вялікую педагагічную  біяграфію іх у настаўніка Вялічкі была не адна сотня.
На пачатку свайго станаўлення ў прафесіі Іван Васільевіч  узначальваў школы ў Шавялях, Гулічах… Ініцыятыўнага франтавіка заўважылі і запрасілі на работу ў райкам ЛКСМБ,  дзе ён паспяхова спраўляўся з абавязкамі ІІІ, а потым і ІІ сакратара. На вечары сустрэчы выпускнікоў ляхавіцкай школы, дзе прысутнічаў у якасці прадстаўніка райкама,  пазнаёміўся з прыгажуняй студэнткай  Лізаветай. Праз год яны сталі мужам і жонкай.  І вось ужо 63 гады ідуць па жыцці разам – выхавалі сына і дачку,  больш за 40 гадоў працавалі ў Альхоўскай  сярэдняй школе.  Заслужаная настаўніца  Беларусі Лізавета Іванаўна выкладала геаграфію,  Іван Васільевіч быў  дырэктарам, пасля – намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнікам гісторыі. Хапала часу і на грамадскую  дзейнасць.  Камунікабельны чалавек, ён  з лёгкасцю вырашаў многія пытанні, за што паважалі землякі  і выбіралі яго дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў.
– У маладосці любыя праблемы здаваліся  простымі. Заўсёды з мужам стараліся падтрымліваць адзін аднаго, дапамагаць, пры прыняцці  важных рашэнняў абавязкова раіліся, – расказвае Лізавета Іванаўна.
Яны і сёння  імкнуцца быць у гушчыні жыцця. Заўсёды  з задавальненнем прымаюць запрашэнні на ўрачыстасці, якія ладзіліся спачатку ў Альхоўскай школе, а  цяпер у  Малагарадзішчанскім вучэбным комплексе.
Не забываюць Вялічкаў  былыя калегі, вучні – тэлефануюць, прыязджаюць па знаёмым адрасе ў Задвор’і, дзе муж і жонка  жывуць не адно дзесяцігоддзе.
Вось і 8 лістапада на юбілей Івана Васільевіча сабраліся не толькі дзеці з сем’ямі, блізкія і родныя, але і  калегі-настаўнікі,  супрацоўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, райвыканкама. Віталі, віншавалі, зычылі  здароўя, доўгіх гадоў жыцця, дабрабыту. Да гэтых віншаванняў далучаецца і раёнка.
З юбілеем Вас, паважаны Іван Васільевіч!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *