Цудоўная пяцёрка

Дзмітрый Бацечка на п'едэстале гонару.

Напярэдадні доўгіх лістападаўскіх выхадных стартам пад Гродна лёгкаатлеты Беларусі закрылі адкрыты сезон. Чацвёртага чысла ў вёсцы Каробчыцы, размешчанай у “падножжы” сталіцы Паднямоння, надвор’е было, як і па ўсёй краіне: даволі холадна, вільготна, ветрана. Затое гарэў і грэў агонь спартыўнай барацьбы, на святло якога зляцеліся мацнейшыя бегуны ўсіх узростаў.

Ёсць версія, што парк актыўнага адпачынку “Каробчыцкі Алімп” будаваўся пад патрэбы аматараў горных лыж. Але свой першачарговы статус перарос вельмі хутка і ў многім. Глыбокая перасечанасць мясцовасці, “арэлі” з пагоркаў і нізін утвараюць нядрэнную (у сэнсе – няпростую) кросавую трасу.

Той факт, што на гэтым першынстве і чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па кросе разыгрываліся яшчэ і пуцёўкі на маючы адбыцца 11 снежня ў Італіі чэмпіянат Еўропы, істотна падымаў планку спаборніцтваў. Сабраліся мацнейшыя юнакі і дзяўчаты, юніёры і юніёркі, моладзь да 23 гадоў, дарослыя. У кожнага свая дыстанцыя: ад кіламетра для дзяўчат самага далікатнага ўзросту да ў восем разоў больш доўгай – чэмпіёнскай.

Дзве сотні атлетаў у скла-дзе зборных каманд абласцей і горада Мінска выходзілі ў стартавы гарадок. Сярод іх – ураджэнцы Ляхавіччыны. Нават без аглядкі на занятыя там нашымі землякамі месцы гэта вельмі яркая акалічнасць: рэспубліканскі маштаб спаборніцтваў і адразу 5 землякоў-удзельнікаў. Можаце ўзгадаць яшчэ хоць бы адзін падобны выпадак? А, між іншым, былі і прызавыя месцы, і проста вельмі вартыя выступленні.

Расказ пра кожнага з цудоўнай ляхавіцкай пяцёркі пачнём з самай юнай з іх. Сёння Ганна Макоўская ўжо брастаўчанка. У вобласць 14-гадовая дзяўчына перабралася напярэдадні школьнага навучальнага года. Трэнеры-выкладчыкі Брэсцкага аблвучылішча алімпійскага рэзерву – высокія прафесіяналы і, несумненна, спартыўныя прагматыкі – заўважылі талент, “прачыталі” перспектыву і запрасілі Ганну да сябе на вучобу. З якімі пачуццямі дзяўчына пакідала родныя Навасёлкі – гісторыя маўчыць. Але той факт, што, будучы выхаванкай раённай ДЮСШ, адлегласць ад аграгарадка да Ляхавіч Ганна пераадольвала на веласіпедзе, вельмі красамоўны. Такая вось дзесяцікіламетровая спачатку размінка перад трэніроўкай, пасля – замінка. У Каробчыцах юная лёгкаатлетка была сёмай.

Ляхавічанка Таццяна Смірнова на год старэйшая. Перабралася ў абласное ВАР адначасова і па той прычыне, што і Макоўская. Асвойвае агульнаадукацыйную і спартыўную навуку, бегае на спаборніцтвах. На фініш рэспубліканскага кросу Таццяна прыйшла чацвёртай. Высокае, але крыўднае для спартсмена месца.

18-гадовы Дзмітрый Равінскі з’яўляецца зараз другакурснікам усё таго ж вучылішча. Гэта ўжо не агульнаадукацыйная, а больш высокая – спецыяльная – ступень падрыхтоўкі. Крос і стаерскія дыстанцыі бегу не з’яўляюцца спартыўнай спецыяльнасцю ўраджэнца Ляхавіч. Дзіма бягун трэкавы, яго любімыя і родныя дыстанцыі 800 і 1500 метраў. Але і шасцікіламетровы крос у рамках першынства краіны Дзіма можа запісаць сабе ў актыў. Як і ў выпадку з Таццянай, у яго чацвёртае месца.

Названая тройка хуткіх, вынослівых, цярплівых абараняла ў Каробчыцах гонар нашай вобласці. І ў тым, што брастаўчанам дастаўся другі камандны прыз спаборніцтваў, у тым ліку і іх заслуга.

Алег Катко ўяўляецца рэдкім экзэмплярам лёгкаатлета. Ён адзіны з цудоўнай ляхавіцкай пяцёркі ў Каробчыцах, каму не вядомы ўніверсітэты вучылішча алімпійскага рэзерву. Спачатку сярэдняя школа, родная Малагарадзішчанская, далей было студэнцтва ў сценах Беларускага ўніверсітэта фізічнай культуры. І ўсюды бег, як пастаянны і, мяркую, любімы спадарожнік. Атрыманнем дыплома аб вышэйшай спартыўнай адукацыі студэнцтва сёлета закончылася. Алег стартаваў на пасадзе трэнера адной са сталічных спартшкол. Трэніруе, трэніруецца, выступае на спаборніцтвах. На “нашых”, што пад Гродна, Алег бег за каманду горада Мінска. У супрацьстаянні маладых – да 23 гадоў – спартсменаў на дыстанцыі ў 8 кіламетраў Алег паказаў чацвёрты вынік – не прызавы, але максімальна да яго блізкі.

Яшчэ з адным мінскім зборнікам, малой радзімай якога з’яўляюцца Пашкоўцы, мы пагутарылі. Ветлівы, добразычлівы, разважлівы, акуратны ў словах, “мэтавы” у думках – так прымусіў думаць пра сябе Дзмітрый Бацечка пасля кароткай тэлефоннай гутаркі. Дзмітрый адзіны з землякоў, каму скарыўся п’едэстал рэспубліканскіх кросавых спаборніцтваў. Затрачаныя Дзімам на пераадоленне шасці кіламетраў 19 мінут і 21 секунда сталі другім юніёрскім вынікам дня. На пытанне, ці мог выйграць забег, другакурснік універсітэта фізічнай культуры адказаў адмоўна:

– Да старту спецыяльна не рыхтаваўся. Рэспубліканскі крос разглядалі як “прахадныя”, трэніровачныя спаборніцтвы. Ды і не зусім маё гэта – крос. На дарожцы адчуваю сябе камфортней, выступаю больш упэўнена. Так пераможцу гэтага кросу Дзмітрыя Зязюліна з Магілёўскай вобласці летам абыгрываў. Першынство Беларусі сярод юніёраў праводзілася на брэсцкім стадыёне. Забег на 10 кіламетраў тады выйграў, Зязюлін прыйшоў другім. Ну а 4 лістапада, атрымліваецца, мы абмяняліся “кампліментамі”.

Калі не абавязковым, то справядлівым будзе дадаць, што ў кожнага з пералічанай пяцёркі – у каго больш, у каго менш – за плячамі школа Ляхавіцкай спартшколы, дзе трэнерамі лёгкаатлетаў выступаюць Алена Ульянава і Андрэй Іванюценка. І яшчэ: учора Дзмітрый Бацечка адправіўся ў складзе нацкаманды на зборы ў Кіславодск. Не грэцца, хоць там, відавочна, цяплей і камфортней. Працаваць, наматваць на красоўкі дзясяткі кіламетраў дарог і дарожак стадыёна.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з архіва Дзмітрыя БАЦЕЧКІ.

Дзмітрый Бацечка і Дзмітрый Равінскі


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *