Яны былі першымі

У музеі РАУС

У Ляхавіцкім раённым аддзеле ўнутраных спраў беражліва ўшаноўваюць памяць пра сваіх калег, якія ў розныя часы годна  неслі  міліцэйскую службу. Больш за паўстагоддзя  10 лістапада быў пазначаны ў календары як Дзень савецкай міліцыі. Цяпер на варце законных правоў і інтарэсаў грамадзян нашай суверэннай краіны стаіць беларуская міліцыя, якая адзначае прафесійнае свята ў свой дзень нараджэння – 4 сакавіка. А ў дзясяты дзень лістапада ўшаноўваюць ветэранаў органаў унутраных спраў і ўспамінаюць тых, каго ўжо няма.

У лістападзе мінулага года каля новага будынка РАУС быў урачыста адкрыты памятны знак у гонар 75-годдзя з дня ўтварэння Ляхавіцкага  райаддзела, з’явілася алея ветэранаў.

Памяць пра тых, хто загінуў пры выкананні службовых абавязкаў, памёр, занатавана на пажоўклых старонках фотаальбомаў, у шматлікіх экспанатах музея міліцыі, які паступова папаўняецца, ва ўспамінах тых, каму давялося служыць побач з  міліцыянерамі-героямі. На сродкі, сабраныя супрацоўнікамі і ветэранамі, некалькі гадоў назад  устаноўлены помнік на магіле  міліцыянера  Яўгенія Нікіціна. А сёлета рэканструяваны помнік і добраўпарадкавана тэрыторыя вакол  магілы  Васілія Петрашэвіча, пахаванага на могілках у Востраве.

Май 1940 года. Зусім мала часу  прайшло пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.  Аднымі з першых на вызваленых ад прыгнёту панскай Польшчы тэрыторыях ствараліся і органы савецкай міліцыі. Іх асноўнай функцыяй была арганізаваная барацьба з крымінальнымі праявамі, ахова дзяржаўнай і асабістай уласнасці, барацьба з бандытызмам. Ад рук бандытаў у той час загінуў не адзін міліцыянер, сярод іх – і 26-гадовы камсамолец  Васілій  Петрашэвіч, які забяспечваў грамадскі парадак ў вёсцы Востраў. Яшчэ юнаком ён актыўна ўключыўся ў барацьбу супраць польскіх паноў, узначальваў ячэйку падпольнай камсамольскай арганізацыі, па даносе правакатараў быў арыштаваны. У 1939 годзе вярнуўся ў родную вёску, на пачатку 1940 года стаў служыць у Ляхавіцкім народным аддзеле міліцыі. А праз некалькі месяцаў на баявым пасту яго забілі бандыты. Пахавалі мужнага міліцыянера  на могілках недалёка ад Вострава.

Пасля Вялікай Перамогі многія франтавікі  змянілі ваенныя шынялі на міліцэйскія – сталі вартавымі правапарадку.  Складаны, цяжкі быў той пасляваенны час.  Змагаліся міліцыянеры не толькі са зладзеямі, рабаўнікамі, забойцамі, але і з недабітымі фашыстамі, паліцаямі, якія хаваліся ў лясах і тэрарызавалі  мясцовае  насельніцтва. Супрацоўнікі міліцыі паказвалі прыклады  мужнасці, адвагі, гераізму. Пры выкананні службовых абавязкаў загінулі ўчастковыя ўпаўнаважаныя  Іван Аношка, Іван Асос, міліцыянеры Сяргей Лагута, Віктар Глінскі, Яўгеній Нікіцін.

Сяржант міліцыі Яўгеній Нікіцін прайшоў з баямі шлях ад Ленінграда да Берліна,     узнагароджаны медалямі “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За абарону Ленінграда”. Пасля дэмабілізацыі з Чырвонай Арміі ў 1948 годзе працаваў участковым упаўнаважаным па Федзюкоўскім сельсавеце, а затым інспектарам службы і баявой падрыхтоўкі.  На світанку 12 лютага 1949 года ён спяшаўся на вучэбныя зборы ў райаддзел. У вёсцы Літва нечакана сустрэўся з бандай і быў забіты.  Міліцыянеры адпомсцілі за свайго загінуўшага сябра: банда была ліквідавана.

Сяргей Лагута быў адважным партызанам, актыўным удзельнікам рэйкавай вайны,  пусціў пад адхон 5 варожых эшалонаў, разам з іншымі партызанамі атрада імя Кутузава граміў фашысцкія гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі. Пасля вызвалення Ляхавіцкага раёна вырашыў прысвяціць сябе цяжкай, але  пачэснай службе ў міліцыі. Ён загінуў падчас адной з баявых аперацый па барацьбе з бандытызмам у 1944 годзе.

У гэтым жа годзе сярод папаўнення ў райаддзел прыбыў і  камсамолец  Іван Аношка. У красавіку 1949-га на хутары каля вёскі Зубелевічы разгортвалася аперацыя па ліквідацыі бандыцкага фарміравання. У лясным масіве старшына міліцыі Іван Аношка ў час перастрэлкі з бандытамі быў смяротна паранены. У 1951 годзе, па ўспамінах былога супрацоўніка  Ляхавіцкага аддзела міліцыі Аляксандра Фалітара  (працаваў з 1945 года ўчастковым упаўнаважаным і адразу прыняў міліцэйскае хрышчэнне каля вёскі Сакуны ў перастрэлцы з бандай Зайцава),  амаль усе ўдзельнікі гэтай банды былі арыштаваны. Пазней лейтэнант міліцыі Фалітар “узяў” кіраўніка банды Цыкмана, за што атрымаў падзяку ад начальніка ўпраўлення МУС і МДБ Баранавіцкай вобласці.

Гэта толькі некаторыя  старонкі біяграфій ляхавіцкіх міліцыянераў, якія ў 40 – пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя, не шкадуючы сіл і жыцця, уступілі ў барацьбу са злачыннасцю.

З успамінаў удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, былога намесніка начальніка Ляхавіцкага  райаддзела міліцыі (з 1948 па 1955 гг.)  Івана Бярэзіна, занатаваных у альбоме “Гісторыя Ляхавіцкага аддзела міліцыі”, што сёння захоўваецца ў музеі РАУС: “1948 і наступныя гады ў нашым раёне, як і па ўсёй Беларусі,  характарызаваліся  наяўнасцю шматлікіх бандаў, грабежнікаў, гвалтаўнікоў. Барацьба  з імі для супрацоўнікаў міліцыі стала суровым выпрабаваннем на трываласць, высокую пільнасць, жалезную службовую дысцыпліну… Нягледзячы на цяжкасці таго часу, калектыў райаддзела быў  згуртаваны адзінствам дзеянняў, і гібель таварышаў выклікала  гнеў і  надавала яшчэ больш сіл для разгрому бандгруп…”.

Былы начальнік райаддзела Васілій Салаўёў  службу па ахове правапарадку пачаў з 6 ліпеня 1944 года. Захаваліся  пісьмовыя  нататкі Васілія Сямёнавіча, дзе ён расказваў: “Разам з чэкістамі ў аперацыях па ліквідацыі бандытаў удзельнічалі работнікі міліцыі Фалітар, Барбялюк і іншыя.  З іх удзелам разгромлены банды Цыкмана, Зайцава, Анушкевіча, бандфарміраванні ў Патапавічах, Грушаўцы, Літве, Гайніне, іншых населеных пунктах. Работнікі міліцыі праяўлялі мужнасць. Іх подзвіг будзе заўжды служыць прыкладам вернасці і адданасці Айчыне”.

Пасля вайны на службу ў міліцыю прыходзілі па камсамольскай пуцёўцы ці накіраванні  райкамаў і абкамаў кампартыі. Як, напрыклад, былы намеснік начальніка Ляхавіцкага РАМ маёр міліцыі Мікалай Маёраў, які працаваў з міліцыянерамі Зямновым, Казловым, Раманоўскім.

Адразу пасля заканчэння вайны разам з  партызанамі Фалітарам, Піліпчуком прыйшоў на службу ў міліцыю і Пётр Барбялюк, які годна і дастойна нёс службу. З яго ўспамінаў: “Нам даводзілася пешшу ноччу і днём пераадольваць па некалькі дзясяткаў кіламетраў, калі гналіся за бандытамі. Было цяжка, але мы іх не баяліся і дастойна выконвалі свой абавязак перад Радзімай і доўг перад людзьмі, якія нам верылі”.

Амаль усіх, хто стаяў ля вытокаў стварэння органаў унутраных спраў у нашым раёне, – міліцыянераў цяжкіх пасляваенных гадоў – няма ў жывых. Хтосьці загінуў ад рук  злачынцаў, іншыя памерлі ад ран, атрыманых на вайне ці  пайшлі з жыцця па прычыне хваробы або ўзросту.  Але калегі і мы, сённяшнія пакаленні, шануем памяць пра  тых, хто годна стаяў на варце жыцця і спакою грамадзян.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *