Такія сустрэчы нам патрэбны /фота/

На Бярозаўскай ДРЭС

У мінулую пятніцу гасцінны, прыгожы і ўтульны Бярозаўскі раён стаў  месцам правядзення абласнога семінара прадстаўнікоў СМІ. Арганізатарамі сустрэчы выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама сумесна з  Брэсцкай абласной арганізацыяй ГА “Беларускі саюз журналістаў”.

Удзельнікі творчай лятучкі за “круглым  сталом” абмяркоўвалі актуальныя газетныя пытанні. Пра ролю  сродкаў масавай інфармацыі гаварылі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Таццяна Гагакава і начальнік аддзела па рабоце са СМІ Вадзім Ляўковіч. Старшыня абласной журналісцкай арганізацыі Аляксандр Лагвіновіч выступіў з ініцыятывай стварэння на Брэстчыне клубаў маладых журналістаў і журналістаў-настаўнікаў. Пра эканамічнае і сацыяльнае становішча Бярозаўскага раёна расказаў яго кіраўнік Леанід Мартынюк, адказаў на шматлікія пытанні.
Незабыўныя ўражанні пакінула экскурсія па найбольш цікавых аб’ектах, прадпрыемствах і гістарычных мясцінах Бярозаўшчыны. Райцэнтр на рацэ Ясельда прапісаны на карце больш за пяць  стагоддзяў. Гісторыя яго  назвы авеяна таямнічасцю і прывабнасцю.  Бярозаўцы легенды гэтыя зацікаўлена пераказваюць гасцям рэгіёна.
Журналісты наведалі ААТ “Бярозабудматэрыялы”, дзе ім прадэманстравалі  вытворчасць  запатрабаванай прадукцыі – керамічнай пліткі, што экспартуецца не толькі ў Расію, але і ў Польшчу, Літву, Казахстан і іншыя краіны. Сёння прадпрыемства прапаноўвае яе пакупнікам у  шырокім асартыменце  з модным дызайнам і на любы густ.
Экскурсія ў рэспубліканскі біялагічны заказнік “Спораўскі” выклікала захапленне,  зачараванне ад неабсяжнай прасторы і навакольнай прыгажосці.  Флора і фаўна заказніка  прадстаўлены рэдкімі відамі, занесенымі ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.   Дзясяты год запар каманды не толькі з Беларусі  з’язджаюцца сюды на абласны чэмпіянат па ручной касьбе “Спораўскія сенакосы”. Турысты  наведваюць гэты ўнікальны куток прыроды і  каб паслухаць  птушыны хор, прайсціся па экалагічнай сцежцы, проста адпачыць у цішыні і спакоі ва ўтульных нумарах.
Пабывалі газетчыкі і  на новым энергаблоку Бярозаўскай ДРЭС, пабудаваным за 35 месяцаў па беларуска-кітайскім праекце. Сёння  адна з буйнейшых цеплавых   электрастанцый у краіне  забяспечвае электраэнергіяй не толькі Брэсцкую вобласць, але і шэраг іншых рэгіёнаў рэспублікі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *