Выканальніцкая дысцыпліна і парадак

Выканальніцкая дысцыпліна сельвыканкамаў была вынесена на разгляд чарговага апаратнага сходу ў старшыні райвыканкама. У арыгінале пытанне парадку дня гучала больш канкрэтна: пра выкананне сельвыканкамамі прадпісанняў і рэкамендацый, выдадзеных ДУ “Ляхавіцкі РайЦГіЭ”, землеўпарадкавальнай службай райвыканкама, раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Нагадаем, што ў рамках сваіх абавязкаў і кампетэнцыі названыя службы адсочваюць дакладнасць захавання на аб’ектах, тэрыторыях, у населеных пунктах прынятых нормаў, правіл, законаў і заканадаўчых актаў. У выпадку недакладнага выканання іх – маюць права на санкцыі ў адносінах да вінаватых. Могуць выпісаць штраф, а могуць унесці рэкамендацыю: што, калі, як павінна быць прыведзена ў належны парадак.
Імена так: у абсалютным прыярытэце апаратнай нарады была тэма навядзення парадку. На зямлі, калі гаварыць коратка і агульна: на вуліцах горада, аграгарадкоў, вёсак раёна, у дварах дамоў і на гаспадарчых падворках, на могілках, міні-палігонах цвёрдых бытавых адходаў, іншых месцах і мясцінах. У кожнага з сельсаветаў у гэтым плане свой “твар”. Але і агульныя рысы прысутнічаюць у значнай колькасці. Стыхійныя. Не прадугледжаныя ніякімі, у тым ліку маральнымі нормамі “развалы” смецця, недаўпарадкаванасць тэрыторыі пасля зносу трухлявых безгаспадарных вясковых пабудоў, перапоўненасць смеццезборнікаў на некаторых могілках. Сярод іншага – істотная колькасць зямлі, што “гуляе” і, у ідэале, просіць плуга. Ці, у выпадку, калі вярнуць нейкі дзясятак сотак нярэдка не самай высакаякаснай зямлі ў сельскагаспадарчы абарот немагчыма-нерацыянальна, хоць бы своечасовага падкошвання, каб соткі гэтыя не пераўтварыліся ў вольніцу для пустазелля.
Як гучала ў ходзе апаратнай нарады, многа што ў гэтым напрамку ў раёне робіцца. “Новыя” землі, якія мяжуюць з сельскагаспадарчымі палеткамі, як правіла, хутка становяцца адзіным цэлым, уключаюцца ў севазварот і працуюць на эканоміку. А вось у адносінах невялікіх, плошчай у сотню-другую квадратных метраў няўдобіц, участкаў з павышаным утрыманнем вільгаці, размешчаных на адлегласці ад сельгасмасіваў знайсці рашэнне складаней. Але магчыма і трэба: прыкладна ў такім кантэксце паставіў задачу старшыня райвыканкама.
Многія дарогі, некаторыя з вуліц горада і сельскіх населеных пунктаў знаходзяцца ў, далікатна кажучы, дрэнным стане. Студзень здарыўся ў лістападзе, “замарозіўшы” ямы і няроўнасці грунтовых, гравійных шляхоў зносін. Але ж хіба гідраметцэнтр не папярэджваў? Чаму было не пусціць грэйдар да таго? З такім па сэнсе пытаннем звярнуўся ў адрас дарожнікаў Вячаслаў Сельмановіч.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *