Ад сесіі да сесіі. 17 лістапада — Сусветны дзень студэнтаў

Ва ўсім свеце 17 лістапада студэнты адзначаюць сваё “прафесійнае” свята. Вытрымаўшы выпрабаванне экзаменамі і цэнтралізаваным тэсціраваннем, нашы маладыя землякі свой новы статус – студэнта вышэйшай навучальнай установы – успрымаюць як узнагароду за стараннасць і мэтанакіраванасць.

На Ляхавіччыне сёлета з 227 выпускнікоў школ і гімназіі амаль палова (47 працэнтаў)  паступілі ў ВНУ. Прычым, 21 чалавек выбраў прафесію настаўніка. А 16 медалістаў аддалі перавагу такім гучным спецыяльнасцям, як камерцыйная дзейнасць на знешнім рынку, у прамысловасці, інтэгральныя  сэнсарныя сістэмы, камунікатыўныя тэхналогіі ў бізнесе, эканамічнае забеспячэнне мытнай дзейнасці, ядзерная і радыяцыйная бяспека.

Студэнцкая моладзь ва ўсе часы застаецца самай адметнай  супольнасцю, якая  ў гушчыні  падзей і спраў. Хаця і гавораць, што жывуць студэнты  ад сесіі да сесіі, народ гэты ўмее  сумяшчаць вучобу з адпачынкам.

Для выпускнікоў СШ № 1 Кацярыны Мацулевіч, Паўла Юруця і Крысціны Лазоўскай (на фота) Дзень студэнта – першае падобнае свята ў новым статусе.Кацярына – адметная  дзюдаістка – спасцігае прафесію менеджара па турызме  ў дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.  Вучобу паспяхова сумяшчае з трэніроўкамі. Паўла з дзяцінства прыцягвалі машыны і іх “начынка”. Яго выбар – машынабудаўнічы факультэт БНТУ. Крысціна  – асоба не толькі дакладная, але і творчая, камунікабельная, таму вырашыла стаць маркетолагам-эканамістам – паступіла ў БНТУ на адпаведны факультэт.

Якую б спецыяльнасць ні абралі  нашы маладыя землякі, галоўнае – у іх наперадзе самая шчаслівая і бесклапотная пара.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *