Раскопкі непазбежныя. Патрабуецца аднаўленне

Нярэдкія выпадкі, калі пасля рамонту ці пракладкі інжынерных сетак парушаецца асфальтавае, гравійнае, пясчанае пакрыццё вуліц, дваровых тэрыторый шматкватэрнікаў. Праходзіць тыдзень,  месяц-другі, работы завершаны, але месца раскопак так і не прыводзіцца ў належны стан.
Пешаходам, аўтамабілістам, чый шлях ляжыць праз такія нязручнасці, гэта дастаўляе нямала праблем, асабліва небяспечна хадзіць-ездзіць па такіх  калдобінах пасля снегу,   дажджу і ў цёмны час сутак.
Галоўны спецыяліст аддзела  архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Алена Князева нагадала: аднаўленне парушанага ў выніку аварыйнага ці планавага рамонту інжынерных сетак добраўпарадкавання праводзіцца за кошт арганізацый, якія іх абслугоўваюць.
Тое ж самае датычыцца і прыватных забудоўшчыкаў. Як расказала галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва  Алена Міклашэвіч, грамадзянін павінен прадставіць у райвыканкам праект на ўсе віды работ, якія будуць праводзіцца на азначаным участку. Акрамя таго, канкрэтна агаворваюцца даты пачатку работ і завяршэння. Райвыканкам, разгледзеўшы прадстаўленыя матэрыялы і заявы грамадзян на дазвол  для  правядзення земляных работ,  выносіць адпаведнае рашэнне.
Дарэчы, апошнім часам адмоў нікому не было. Нават калі ўзнікаюць  пэўныя спрэчныя моманты, знаходзіцца кампраміс, які задавальняе абодва бакі. Так, нядаўна з заявай  звярнуліся  ўладальнікі ТДА “Карвента”, якія планавалі правесці аднаўленчыя работы па вуліцы Леніна ў райцэнтры. Ім дазволілі  з адной умовай: не ламаць асфальт, а рабіць пракол пад ім.
Рашэннем райвыканкама ад 24 жніўня гэтага года быў дадзены дазвол на правядзенне земляных работ па водаадвядзенні аднаго з жылых дамоў па вуліцы Кастрычніцкай; дазвол на гэтыя ж работы плюс вода- і газазабеспячэнне дома па вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў  атрымаў яшчэ адзін забудоўшчык. Абодва былі абавязаны да пачатку работ выклікаць прадстаўнікоў арганізацый, якія маюць тут збудаванні і камунікацыі; узгадніць з дзяржаўтаінспекцыяй змяненне раскладу  руху транспартных сродкаў каля месца работ. Абавязкова абгарадзіць месца раскопак, выканаць прадугле-джаныя праектна-каштарыснай дакументацыяй мерапрыемствы па ахове навакольнага асяроддзя, захоўваць правілы тэхнікі бяспекі, дарожнага руху і несці адказнасць за ўтрыманне ў належным стане  вуліц, дарог, тратуараў, якія знаходзяцца па суседстве з месцам раскопак. Парушанае добраўпарадкаванне забудоўшчыкі аднаўляюць за свой кошт. Прадугледжаны таксама абавязак у трохдзённы тэрмін паведаміць у аддзел архітэктуры і будаўніцтва пра заканчэнне земляных работ. Алена Міклашэвіч пракаменціравала сітуацыю: абодва грамадзяніна  свае абавязкі выканалі.
На жаль, не ўсе і не заўсёды  добрасумленна ставяцца да выканання сваіх абавязкаў па аднаўленні пашко-джанага  дарожнага пакрыцця. Ёсць і такія, хто, на першы погляд, быццам і добраўпарадкаваў тэрыторыю пасля такога кшталту работ, але зрабіў гэта на хуткую руку і даволі няякасна. У падобных выпадках ім належыць  выканаць работу над памылкамі.
На апаратных нарадах старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч неаднойчы ўздымаў гэту  тэму і патрабаваў ад спецыялістаў адпаведных службаў не толькі сачыць за тым, каб грамадзяне добраўпарадкавалі ўчасткі, дзе праводзіліся земляныя работы, але і прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці тых, хто не выконвае ўзятыя на сябе абавязкі. Дарэчы, згодна з артыкулам 21.15 КаАП, за правядзенне без адпаведнага дазволу раскопак вуліц, плошчаў, двароў, іншых земляў агульнага карыстання, адсутнасці агароджы ў месцах правядзення раскопак ці неналежнага іх утрымання, як і непрыняцця мер па прывядзенні месцаў раскопак у парадак ва ўстаноўленыя тэрміны, прадугледжваецца штраф на грама-дзян ад 5 да 10 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 10 да 30 БВ, на юрыдычную асобу –   ад 20 да 100 БВ.
Галіна КАНЬКО.
Выкарыстана ілюстрацыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *