У міліцыі чакаюць дастойных

У жніўні 2016 года быў падпісаны дагавор пра супрацоўніцтва паміж Акадэміяй МУС Рэспублікі Беларусь, СШ № 1 г. Ляхавічы, аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і аддзелам унутраных спраў райвыканкама. Адна з яго асноўных мэт – прафарыентацыйная.

На базе СШ №1 у 8 “В” класе створана група прававой накіраванасці, у якую ўвайшлі 14 вучняў – 12 хлопчыкаў і     2 дзяўчынкі. Акрамя школьнай праграмы, у іх раскладзе цяпер – і заняткі па прававых дысцыплінах, якія будуць праводзіць выкладчыкі БарДУ, Акадэміі МУС, а таксама найбольш вопытныя супрацоўнікі РАУС. У гэтых рабят ёсць магчымасць удзельнічаць у мерапрыемствах, што праводзяцца на базе акадэміі (Дні адкрытых дзвярэй, урачыстыя цырымоніі прысягі, рэспубліканскія творчыя конкурсы і прававыя алімпіяды “Феміда”), а таксама ў РАУС.
Раней такі клас існаваў у Крывошынскай школе. І многія яго выпускнікі звязалі свой лёс з міліцыяй: паступілі ва ўстановы адукацыі МУС, а пасля іх заканчэння прыйшлі на службу ў праваахоўныя органы. Сёння ў Акадэміі МУС навучаецца  6 нашых курсантаў. 4 з іх (Дзмітрый Котаў, Яўгеній Дзенісеня, Яўгеній Паляшчук і Віталій Грынько) ужо ў лютым 2017 года прыбудуць у РАУС для праходжання пераддыпломнай практыкі, а ў ліпені пасля заканчэння навучальнай установы будуць назначаны на пэўныя пасады. 2 выпускнікі-курсанты ў свой час закончылі клас прававой накіраванасці.
Дарэчы, трапіць на службу ў РАУС можна не толькі пасля заканчэння спецыялізаванай навучальнай установы. Напрыклад, у конкурсным адборы на пасаду інспектара дарожна-патрульнай службы ДАІ сёння могуць паўдзельнічаць асобы з вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай юрыдычнай, вышэйшай тэхнічнай адукацыяй і абавязкова – з вадзіцельскім пасведчаннем катэгорый “В,С”. Участковым інспектарам міліцыі можна стаць з любой вышэйшай ці юрыдычнай сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Пры падборы кадраў на пасаду міліцыянера дзяжурнага ізалятара часовага ўтрымання ўлічваецца служба ва Узброеных Сілах.
Безумоўна, вышэйзгаданыя патрабаванні – не вычарпальныя. Неабходна яшчэ мець выдатнае здароўе і добрую фізічную падрыхтоўку, не мець у біяграфіі фактаў прыцягнення да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці, карыстацца аўтарытэтам у насельніцтва. Сур’ёзнай перашкодай для службы ў міліцыі могуць стаць блізкія сваякі, здольныя скампраментаваць: наркаманы, алкаголікі, судзімыя, з псіхічнымі захворваннямі і г.д. А вось нацыянальнасць, сацыяльнае паходжанне, пол, маёмаснае становішча, веравызнанне – зусім не важныя.
Больш падрабязную інфармацыю пра ўмовы паступлення ва ўстановы МУС і прыём на службу можна атрымаць у РАУС па тэлефоне 2-16-10.
Сяргей ПАЖОГА,
намеснік начальніка РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *