СВК «Ляхавіцкі». Зерне, малако і “каравай” другога хлеба. Нягледзячы на капрызы прыроды, у сельгаскааператыве добрае надвор’е

Галоўны заатэхнік Уладзімір Ксёнжык, загадчык МТК «Русінавічы» Ігар Бубенчык і «Ластаўка» на Белагра-2016.

Калі б сельгаспрадпрыемства з цэнтрам у Русінавічах насіла нейкую іншую назву, гэта была б вялікая страта. Іміджавая, як стала модна гаварыць, і для ўсяго раёна. СВК “Ляхавіцкі” ўчора-сёння – гэта яшчэ і заметны рэкламны пазітыў рэгіёну-цёзку. Гучанне назвы гаспадаркі ў сувязі з яе чарговым вытворчым поспехам выдатным чынам праецыруецца на вобразе ўсёй Ляхавіччыны.

Але гэта толькі пабочны эфект галоўнага, якое заключаецца ва ўменні людзей гаспадарыць на зямлі. Далёка не самай лепшай, ацэненай даволі сціплым балам урадлівасці. Тым не менш, практычная ўрадлівасць русінавіцкага (рачканскага, мыслабажскага і г.д.) гектара ўспрымаецца як прыгожы ўзор. Сёлетнія прыкладна чатыры з паловай дзясяткі цэнтнераў збожжа на круг, як самакрытычна і без спасылкі на аб’ектыўнасць прычыны лічаць у гаспадарцы, узор не самы яркі. У адрозненне ад бульбы: “каравай” другога хлеба аграрыі “Ляхавіцкага” “спяклі” на радасць сабе і, магчыма, на зайздрасць асобным іншым. Клубні не з’яўляюцца пакуль таварам павышанага попыту? Так, але ў выпадку з імі, думаецца, можна перайначыць вядомае і сказаць, што “бульбу па вясне лічаць”.

Па-сапраўднаму царскімі ўраджаямі аддзячыла ў гэтым сезоне русінавіцкіх земляробаў кукуруза. Яе зерневы гектар урадзіў ці не на сотню цэнтнераў, з гектара “зялёнага” сабрана істотна за чатыры сотні цэнтнераў сіласнай масы.

Апошнія радкі ў тым ліку і ў тэму кармавых нарыхтовак гаспадаркі. У працэсе назапашвання ўзгаданага ўжо сіласу, роўна як падчас закладкі сенажу, на пік інтарэсу ўздымаюцца пытанні якасці. Новыя – рулонна-плёначныя – тэхналогіі яго закладкі для “Ляхавіцкага” ўжо шэраг гадоў як не інавацыя. Вакол фермаў знаходзяцца роўныя штабялі спавітых у белы поліэтылен рулонаў сенажу – як яскравы гарант багацця кармавога стала ў міжпашавы перыяд.

Узгадалася “падслуханае” нядаўна ў старшыні сельгаскааператыва Аляксандра Вітко: “Чаго не дабралі ў раслінаводстве, будзем навёрстваць жывёлагадоўляй”. За 10 месяцаў года ўдойнасць сярэдняй па гаспадарцы каровы вырасла мала што не на паўтоны ў супастаўленні з аналагічным леташнім  перыядам. Больш за 80 працэнтаў іх малака атрымлівае ў перапрацоўшчыкаў максімальную ацэнку якасці –  экстра. Першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Буткевіч, які напачатку лістапада наведаў сельгаскааператыў з віншавальнай місіяй, малочнатаварны комплекс “Русінавічы” паставіў у дзясятку лепшых МТФ Брэстчыны. З прыкладна 700 такіх і ім падобных вытворчых адзінак.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Трактарыст-машыніст Віктар Брэчка.

Аператар машыннага даення Галіна Красоўская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *