Ляхавіччыну напішуць прафесійна

Адразу 12 таленавітых мастакоў будуць пісаць краявіды Ляхавіччыны на працягу 10 дзён. У поле зроку прафесіяналаў трапяць славутыя мясціны Грушаўкі, Флер’янова, Савеек, Рэпіхава, Начы… Працаваць мастакі будуць разам з нашымі ”апалонаўцамі” і кіраўніком дзіцячай студыі членам Беларускага саюза мастакоў Сяргеем Чарановічам. Дарэчы, Сяргей Вячаслававіч з’яўляецца  і аматарам-краязнаўцам, таму ён стане яшчэ і гідам для сваіх калег-мастакоў.

Гэты творчы праект, задуманы ўпраўленнем культуры аблвыканкама, абяцае быць цікавым, пазнавальным для гасцей і карысным, прычым, для абодвух бакоў. Справа ў тым, што на заканчэнне пленэра ў Ляхавічах будзе арганізавана выстава работ прафесійных мастакоў, пасля чаго кожны з іх пакіне ў падарунак раёну па адной сваёй рабоце. Яшчэ па адной карціне з краявідамі  Ляхавіччыны ў кожнага мастака плануецца купіць – для выставы ў абноўленым ГДК. Работы будуць суправаджацца расказам пра аўтара.

Пленэр пачаўся, і ўсім яго ўдзельнікам застаецца пажадаць творчага натхнення.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *