Наш дзень! Ёсць пытанне ад «ЛВ»

Лёс многіх нашых землякоў неаддзельны ад вясковых клопатаў. “ЛВ” пацікавіўся ў ветэранаў працы, што  значыць для іх сёння аграрнае свята.

Аркадзій САКУН, былы старшыня калгаса
“Іскра”, узнагароджаны  ордэнам “Знак Пашаны”:
– Для мяне гэта хвалюючы  і настальгічны дзень успамінаў.  Як правіла, прафесійнае свята адзначалі ў выхадныя. Гэта быў наш дзень! Успаміналі ветэранаў, ушаноўвалі перадавікоў, гучалі песні і віншаванні. У 70-ыя гады працаваў парторгам у “Кастрычніку”.  Калгас быў невялікі, пад яго крылом знаходзілася  некалькі вёсак. Але як гучаў!  У тыя часы збіралі   42 цэнтнеры з гектара збожжавых.  Трактарыст Віктар Малышка за вытворчыя паказчыкі атрымаў Зорку Героя.  Старшыня гаспадаркі Леў Аліферка быў узнагароджаны ордэнам Леніна, брыгадзіры  Мікалай Васілько –  ордэнам Чырвонага Сцяга, Антон Пілецкі – медалём “За працоўныя заслугі”.
У часы майго старшынства ў “Іскры” сумяшчалі сельскагаспадарчыя клопаты з будаўніцтвам. Узвялі гаражы для тэхнікі, жывёлагадоўчыя памяшканні, жыллё, дзіцячы сад і шмат чаго іншага. Недахопу ў кадрах не было –расцілі сваіх і запрашалі  чужых.  Быў гэта надзвычай цікавы і стваральны час.
Міхаіл ВАРАНОВІЧ, былы   дырэктар  племзавода “Нача”:
– Наш племзавод займаўся развядзеннем племянных свіней, пастаўлялі  маладняк на сельскагаспадарчыя комплексы.
Па малаку таксама былі сярод першых,  неаднойчы ўдзельнічалі  ў ВДНГ у Маскве, удастойваліся дыпломаў  пашаны, двойчы   атрымоўвалі “Волгу”.  На карову тады надойвалі па 5000 літраў у год.  У абласной газеце  друкавалі паказчыкі развіцця перадавых гаспадарак – сярод іх былі і мы. У “Начы” нават праходзіў Усесаюзны семінар па развіцці племяннога свінаводства.
Даярка Аляксандра Круглік была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, узнагароджана ордэнам Леніна. За працоўныя заслугі на ВДНГ ёй падарылі “Масквіч”. Свінарка Вольга  Ясько ўдастоена  ордэна  Кастрычніцкай Рэвалюцыі. А брыгадзір Фадзей Васілеўскі быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, «Знак Пашаны» і Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Плённа працавалі, весела адпачывалі.  Начаўскі хор і  ансамбль удзельнічалі ў розных  конкурсах.
Рэгіна ЛУКАШЭВІЧ, узначальвала раённую ветэрынарную лабараторыю, калгас “Дружба”:
– Для мяне гэта самы галоўны дзень у годзе, бо лічу  сельскую гаспадарку асновай асноў. Усё маё жыццё звязана з аграрнай сферай.
У свята заўсёды ўспамінаю, як пасля некалькіх гадоў работы ветурачом прыйшла кіраваць калгасам  “Дружба”. Давялося дасканала вывучыць авечкагадоўлю.  Не хапала тэхнікі, спецыялістаў, але працавалі старанна. Гаспадарка была невялікая: вёска Канюхі і 550 гектараў зямлі. Паступова справы наладжваліся. Адрамантавалі памяшканні, клуб (тут ладзіліся вечары адпачынку і святы), пабудавалі гаражы для тэхнікі, склад для хімікатаў, гаспадарчым спосабам узводзілі дамы. Закупілі 250 кустоў руж, якімі ўпрыгожылі наваколле.
Неаднойчы гаспадарцы ўручаўся пераходны Чырвоны сцяг за працоўныя дасягненні. Нашы работнікі адзначаліся як лепшыя ў рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Многа чаго можна ўзгадаць у гэты дзень.  А ўсіх сённяшніх аграрыяў – ад душы, са святам!
Рэгіна ВАСІЛЬКОВА, былая даярка племсаўгаса “Ляхавіцкі”:
– Вярнулася на сваю малую радзіму ў 1967 годзе і адразу ўладкавалася даяркай на ферму  ў племсаўгас “Ляхавіцкі”.
Тады, амаль паўстагоддзя назад,  умовы працы былі зусім іншыя: даілі, кармы раздавалі – усё ўручную.   Спачатку  ў мяне было 15 кароў, потым, калі на ферме з’явіліся  апараты для даення,  група павялічылася  да 50 рагуль. Для мяне работа заўжды была ў радасць, можа таму і спяшалася на працягу 30 гадоў штодня  на ферму. Тым больш, што і дзеці, у мяне іх шасцёра,  прыбягалі пасля ўрокаў дапамагаць.  Дочкі Ліля і Люда так і засталіся працаваць аператарамі машыннага даення.  Сачу за поспехамі нашай гаспадаркі. Радуюся, што людзі жывуць заможна,  катэ-джы вакол пабудаваны – адзін аднаго прыгажэйшы.  А ўмовы працы даярак якія выдатныя! Ганаруся тым, што  Людміла і сёння працуе ў СВК “Ляхавіцкі”.
Мікалай СМАРШЧОК, былы калгаснік калгаса імя Леніна, працаўнік СВК “Жарабковічы”:
– Першыя працадні  зарабіў у  калгасе імя Леніна ў 1956 годзе, калі шаснаццацігадовым  прыйшоў у гаспадарку ўладкоўвацца слесарам.  Потым сеў за руль трактара,  быў майстрам-наладчыкам, загадчыкам майстэрняў,  машыннага двара. З тэхнікай заўсёды добра разумелі адзін аднаго.  Іншы раз  па тым,  як гудзе рухавік,  даведваўся пра характар паломкі. Працаваў аж да 73 гадоў.
Прыемна, што і цяпер, калі на заслужаным адпачынку, клічуць на мехдвор дапамагчы навічкам. Спачатку калгас, а потым  сельгаскааператыў сталі і для мяне, і для жонкі Ніны Мікалаеўны другім домам.  Цяпер тэхніка больш магутная, догляду патрабуе адпаведнага: без спецыяльнай адукацыі і практыкі не абысціся.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *