ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”. Работа – не ікра

Падрыхтоўшчыкі харчовай сыравіны Алена Біза, Ала Якубец, Данута Лапіч.

Хоць і ікра таксама значыцца ў прайс-лісце старэйшай вытворчай структуры нашага раёна. Не, моўная дэгустацыя марскіх далікатэсаў у планах дня не значыцца. Прадукт куды больш празаічны, ад зямлі. Але, як і любая і ў любым выглядзе садавіна-агародніна, карысны для здароўя. Дарагі сваёй “роднасцю” і танны па кошце. У прайс-лісце прадукцыі ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” значацца 3 версіі прадукта: “ікра з кабачкоў”, “ікра аматарская”, “ікра з кабачкоў дыетычная”. Я выбіраю апошнюю.  Як і ўвогуле: калі ёсць такая магчымасць, з вялікага шэрагу яркіх і прыгожа ўпакаваных бляшанак-слоікаў з кансерваванай плодаагароднінай, выбіраю з лагатыпам “Зроблена на Ляхавіцкім кансервавым …”. Гонар  прысутнічае, але верх бярэ іншая акалічнасць. Натуральнасць, наколькі тое магчыма ў іх сітуацыі, з’яўляецца адметнай рысай прадукцыі акцыянернага таварыства. Не такой ужо і частай у век хіміі.

Другі трэнд, які, аднак, напрамую звязаны з першым, – наяўнасць і прадукцыйнае выкарыстанне ўласных зямельных рэсурсаў. Тыя ж кабачкі, калі ўжо працягваць ікорную тэму, пасеяны, выпеставаны на сваім агародзе.  Могуць быць варыянты, але звычайна месца там знаходзіцца для морквы,  сталовых буракоў, некаторай іншай традыцыйнай беларускай агародніны. Яны ці не адны такія ў сваім прафсаюзе, хто і сее, і ўбірае, і перапрацоўвае.
Так што заўтрашні Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК з’яўляецца заводскім у максімальна магчымай ступені. Як-ніяк – сельскагаспадарчая вытворчасць з падсобнай гаспадаркай у аснове і ўласная перапрацоўка вырашчанага.
Але не толькі і, верагодна, не столькі на сваёй сыравіне працуе завод-перапрацоўшчык. Агуркі розных спосабаў кансервавання, фасоўкі і, адпаведна, найменняў, яшчэ у большым асартыменце –
салаты, закускі, расольнікі, нектары і сокі. У тым ліку і фруктова-трапічная экзотыка. Можна ставіцца па-рознаму да вялікай колькасці так званых адноўленых нектараў і сокаў на паліцах крамаў. Як і да факта іх вытворчасці, дарэчы. Але тое, што і ў гэтым накірунку ў нашага кансервавага ёсць свае напрацоўкі, – факт. Сведчаннем таму можа служыць хоць бы і “Крыштальны яблык”. Яго прадпрыемства атрымала ў якасці прыза ў сярэдзіне года. На штогадовым конкурсе, які праводзіць Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі Беларусі па харчаванні, “Сок ананасавы адноўлены для дзіцячага харчавання. Пастэрызаваны” прызнаны прадуктам №1 у сваёй намінацыі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *