ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». У колерах паўночнага шоўку

Механізатар Уладзімір Маслоўскі.

У мінулым часы, калі палі стракацелі ад рознаколернасці  жаночых хустак з  надыходам  “ільнянога  часу”. Сёння на палетках  ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” гаспадарыць сучасная тэхніка: трактары, прэс-падборшчыкі і іншая. Само ж прадпрыемства з нядаўняга часу, дзякуючы дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме тэхнічнага пераўзбраення,  стала  высокапрадукцыйным і тэхналагічным, а яшчэ – прывабным месцам працы для нашых землякоў.

Мадэрнізацыя, што ўяўляе  сабой будаўніцтва новага цэха, а, па сутнасці, завода, надала  новы імпульс мясцовай ільноперапрацоўчай  вытворчасці. Сучаснае абсталяванне дазволіла ўдвая павысіць  прадукцыйнасць працы і палепшыць  якасць валакна, якое адпраўляюць на Аршанскі льнокамбінат і на экспарт. Валакно з ляхавіцкім адрасам запатрабавана ў Літве і Кітаі.
Трывалы падмурак любой  вытворчасці – надзейныя кадры, лічыць дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун. На льнозаводзе  гэта за 200 спецыялістаў і працаўнікоў, вопыт якіх правераны практыкай  і  адшліфаваны часам. Адсюль і адзін з дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу  Дзмітрый Багушэвіч. Больш за 40 гадоў на заводзе пільна вывучае і кантралюе якасць сыравіны загадчыца лабараторыі  Надзея Коктыш. Начальнік вытворчасці Васілій Тумараў  дасканала валодае ўсімі пытаннямі выпуску прадукцыі. У вадзіцеля з 40-гадовым стажам Яўгенія Скарадзілы ёсць чаму павучыцца маладым.
Новыя ўмовы гаспадарання абавязваюць строга выконваць тэхналагічную дысцыпліну. Гэта датычыць і апрацоўкі глебы, і сяўбы, і догляду за пасевамі, і  ўборкі. 1690 уласных гектараў ільнаводы  сёлета занялі  даўгунцом.   Праўда, у планы непажаданыя карэктывы ўнесла надвор’е. Падсушыла, падмачыла, а ў выніку – недахоп трасты. Канешне, такі  “голад”  негатыўна сказваецца на агульным стане  завода, але тут спрабуюць зменшыць гэтыя выдаткі.
Нядаўняя змена месца “жыхарства” фірменнага магазіна “Лянок” адкрытага акцыянернага таварыства толькі прыбавіла яму папулярнасці. Тут можна набыць прыгожыя рэчы  з натуральнага,  спрадвечна беларускага матэрыялу льнозаводскай і аршанскай вытворчасці. У швейным цэху майстрыхі шыюць   пасцельную і сталовую  бялізну, рабочае і спецадзенне, чахлы для аўтамабіляў і г.д.
… І яшчэ надзвычай красамоўны момант. Сярод назваў іншых флагманаў вытворчасці  на Рэспубліканскую  дошку  Гонару ў Мінску занесены і наш ільнозавод. Да гэтага  статуса  яго  прывялі ўраджайныя паказчыкі мінулага года.  Галоўнае, што завадчане  ведаюць, у якім накірунку поспех і як да яго  дабрацца.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У новым цэху Наталля Катко і Валянціна Сліва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *