СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». У “Ляхавічка” смак перамогі

Наладчык абсталявання Віталій Жытко ў цэху цэльнамалочнай прадукцыі.

Зноў прыемнай навіной парадаваў наш малочны завод. Літаральна днямі стала вядома, што па выніках народнага конкурсу-дэгустацыі “Чэмпіён смаку” (праводзіўся ён падчас выставы “Прадэкспа-2016”) ляхавіцкая малочная прадукцыя прыйшлася па смаку і экспертам-прафесіяналам і звычайным спажыўцам. Сярод першых – прадстаўнікі Мінсельгасхарчу, навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні, Інстытута мяса-малочнай вытворчасці, а таксама гандлю і грамадскага харчавання, сярод другіх – радавыя пакупнікі сталічных гандлёвых сетак, якія зазірнулі ў магазін за прадуктамі да дамашняга стала, а трапілі на так званую “сляпую” дэгустацыю. Адпаведна, голас на карысць таго ці іншага прадукта аддавалі, арыентуючыся не на раскручанасць брэнда, а выключна на аб’ектыўныя характарыстыкі –  смак (вітаўся традыцыйны, што нагадвае дзяцінства ў вёсцы), пах (прыемны і натуральны), у рэшце – колер (“тэрмаядзерныя” сёння не ў трэндзе).

Прадукцыя СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” засвяцілася ў 4 намінацыях. Абсалютным чэмпіёнам у сваёй стала масла салодкасметанковае масавай доляй тлушчу 70 працэнтаў. Другое месца сярод падобных прадуктаў занялі 24-працэнтная смятана і малочны ёгурт “Фітнес” з напаўняльнікам “яблык-банан-мюслі”. У тройку лідараў трапіў яшчэ адзін ёгурт – абястлушчаны з напаўняльнікам “чарніцы”. Малако тлустасцю 3,2 працэнта не ўвайшло ў лік трох пераможцаў (канкурэнты былі сапраўды сур’ёзныя), але прынесла прадпрыемству дыплом фіналіста, што таксама адназначна высокая ступень прызнання спажыўцоў.

“Чэмпіён смаку”– яшчэ адзін, але далёка не адзіны важкі аргумент на карысць мясцовай малочкі. На яе рахунку – дзясяткі пераканаўчых перамог на разнастайных конкурсах, прэстыжныя прэміі ўрада і аблвыканкама ў галіне якасці і, бадай, галоўнае – заслужаны давер і любоў спажыўцоў.

Усё гэта, у сваю чаргу, –  заканамерны вынік штодзённай плённай работы калектыву, дакладнай арганізацыі працы, выключнай тэхналагічнай дысцыпліны, гаспадарскага падыходу да справы не толькі кіраўніцтва, але і кожнага завадчаніна, прадуманай і пралічанай стратэгіі развіцця, пастаяннага пашырэння асартыменту.

Пра апошні – асобная размова. Сёння выбраць “Ляхавічок” можна, без перабольшання, на любы густ. Шырокі асартыментны пералік прадпрыемства ўключае каля паўсотні найменняў прадукцыі – заўсёды запатрабаванай цэльнамалочнай, любімай дзецьмі і дарослымі дэсертнай, арыгінальных плаўленых сыроў, найсмачнейшага масла. Ну і, канешне, нельга не прыгадаць яшчэ адзін – стратэгічны для завода – від прадукцыі, які поўнасцю адпраўляецца на экспарт, – тэхнічны казеін.

Гэтымі днямі калектыў завода – а гэта больш за 200 чалавек – прымае віншаванні з прафесійным святам і заслужанымі ўзнагародамі. А іх – рознай вартасці – сёлета атрымалі больш за

3 дзясяткі тутэйшых работнікаў. Такую працу нельга не заўважыць!

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *