Спрадвечная справа ў сучасным выкананні. Камп’ютарызацыя вытворчасці, укараненне новых тэхналогій, новае будаўніцтва і мадэрнізацыя – сённяшні дзень аграрнай галіны

Яны вельмі розныя – людзі, якія працуюць  у сельскай гаспадарцы і забяспечваюць харчовую бяспеку краіны. Але ўсім ім уласціва аднолькавае  разуменне адказнасці за справу, якую яны робяць і ў будні, і ў святы. Таму што ў любы з гэтых дзён  адпачнуўшая глеба павінна быць ўзарана і засеяна, выспеўшае зерне ўбрана, а каровы на фермах патрабуюць штодзённага кармлення і даення.
Па добрай традыцыі ў трэцюю нядзелю лістапада ў нашай краіне адзначаецца  Дзень работнікаў  сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Развіццё  аграпрамысловага комплексу – у ліку прыярытэтных накірункаў эканамічнай палітыкі дзяржавы. Пра здабыткі і задачы ляхавіцкіх аграрыяў размова з намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарчу Аляксандрам ВАШЧУКОМ.

– Аляксандр Мікалаевіч, з чым сельская гаспадарка раёна падыходзіць да завяршэння 2016 года?

– За 10 месяцаў года сельгасарганізацыямі раёна выраблена прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах 2015 года на 72,1 мільёна рублёў. Вытворчасць малака павялічылася на 8,1 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года і склала 46545 тон.

У валавай вытворчасці малака найбольшая ўдзельная вага прыпадае на СВК “Шлях новы” і “Жарабковічы” (адпаведна 28,5 і 23,8 працэнта ад агульнай вытворчасці малака па раёне). Лідзіруючыя пазіцыі па надоі на карову займаюць СВК “Ляхавіцкі” (6733 кг), ЗАТ “Белпрампрыбор” (6545) пры сярэднераённым паказчыку 4381 кілаграм.

Сярэднясутачныя прывагі на вырошчванні БРЖ па раёне склалі 588 грамаў (у СВК “Ляхавіцкі” – 767 грамаў, “Жарабковічы” – 636).  Мы паспяхова правялі корманарыхтоўку, назапасілі дастатковую колькасць кармоў для прадукцыйнага ўтрымання жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд – на ўмоўную галаву нарыхтавана 23,5 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў, што вышэй мінулагодняга ўзроўню на 4,8.

Надвор’е не дазволіла паўтарыць ураджай зерневых і зернебабовых культур, насення рапсу на ўзроўні мінулага года. Намалочана 58,9 тысячы тон збожжа, накапалі 9,8 тысячы тон бульбы. СВК “Ляхавіцкі” атрымаў з кожнага гектара па 439 цэнтнераў бульбы (плюс 103 цэнтнеры да ўраджайнасці 2015 года) і заняў другое месца ў абласным спаборніцтве.

Ураджай цукровых буракоў заважыў 71,7 тысячы тон пры сярэднераённай ураджайнасці 487 цэнтнераў з гектара – гэта другі вынік у вобласці.   Як вядома, падчас мадэрнізацыі ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” на вытворчасці ўстаноўлена новая высокапрадукцыйная лінія па выпуску льновалакна. Для забеспячэння яе работы пад поўную загрузку асаблівая ўвага надаецца пытанням вырошчвання льну. Сёлета прадпрыемствамі раёна нарыхтавана 7893 тоны льнотрасты, у пераразліку на льновалакно 1871 тона пры сярэднім нумары 1,06.

Немалую ролю ў раслінаводстве, у тым ліку і ў стварэнні аптымальнай кіслотнасці глебы, адыгрывае райаграсэрвіс. Штогод прадпрыемства праводзіць вапнаванне кіслых глебаў. Праз базу райаграсэрвіса адгружана за 9 месяцаў гэтага года 1,6 тысячы тон мінеральных удабрэнняў.

На варце рэгулявання воднага рэжыму глебы як эфектыўнага прыёму земляробства стаіць Ляхавіцкае ПМС. За 10 месяцаў гэтага года яно выканала работ на 999,8 тысячы рублёў – абкошванне меліярацыйных каналаў, ачыстка іх ад глею, рэканструкцыя меліярацыйных сістэм. Акрамя таго, прадпрыемства заўсёды гатова аказаць дапамогу аграрыям у правядзенні сельгасработ.

СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” вядомы сваёй прадукцыяй не толькі ў нашай рэспубліцы, але і далёка за яе межамі. Прадпрыемства аказвае раёну падтрымку па ўсіх накірунках: дзякуючы яго рабоце ўмацоўваецца фінансавы і эканамічны стан раёна, расце экспартны патэнцыял, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы свое-часова выплачваюць заработную плату, арганізацыям аказваецца спонсарская дапамога.

ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” вядомы багатым асартыментам прадукцыі. Ляхавіцкія сокі, нектары, павідла, агароднінныя закускі, абедзенныя кансервы, таматныя соусы карыстаюцца попытам у Беларусі і за яе межамі.

Вытворчасцю прадукцыі раслінаводства ў раёне займаюцца 20 фермерскіх гаспадарак, за якімі замацавана каля 1500 гектараў земляў. Найбольш важкі ўклад у вытворчасць уносяць СГ “Даманскае”, фермерскія гаспадаркі “Уладзімір Плюс”, “Улазавічы”, “Вялікае Падлессе-Агра”, “ЖарСк”.

Адзначу: непазнавальна змяніліся ўмовы быту і працы аграрыяў. Гэта – чаканы вынік дзеяння дзяржаўнай праграмы адраджэння вёскі. Наш раён – не выключэнне.

– Калі людзі імкнуцца жыць і працаваць на зямлі, то гэта і ёсць наш самы дарагі актыў. Таму важны клопат пра кожнага – ці то малады спецыяліст, ці то ветэран сельскагаспадарчай галіны.

– За 2005-2015 гады ў сельгасарганізацыях пабудавана 350 дамоў. Калі прыходзіш на працу ў гаспадарку, перш за ўсё, глядзіш на ўмовы, у якіх давядзецца працаваць. Самае галоўнае – жыллё, дзякуючы якому многія застаюцца ў вёсцы, ствараюць тут сем’і.

Зараз усе механізатары і жывёлаводы працуюць у цывілізаваных умовах. Для людзей абсталяваны бытавыя пакоі, душавыя, памяшканні для прыёму ежы. Акрамя таго, спецыялісты-аграрыі ўсіх прафесій маюць магчымасць павышаць кваліфікацыю, атрымліваць новыя веды і ўдасканальваць навыкі.

– Якія задачы аграрыі раёна будуць вырашаць у 2017 годзе і які фундамент для гэтага закладзены?

– Галоўная задача – далейшае павелічэнне вытворчасці сельгаспрадукцыі шляхам удасканалення эфектыўнасці гаспадарання, зніжэння затрат. Мы поўнасцю выканалі заданні па сяўбе азімых культур, завяршаем уздым зябліва, займаемся пытаннямі забеспячэння сельгаспрадпрыемстваў раёна неабходнай колькасцю насення траў, збожжавых і зернебабовых, сродкамі аховы раслін. Фундамент новага сельскагаспадарчага года ўжо закладзены, цяпер галоўнае – не спыняцца на дасягнутым, працаваць на перспектыву.

– У чым, на ваш погляд, аснова поспеху любога прадпрыемства?

– Па маім глыбокім перакананні, вельмі многае залежыць ад кіраўніка, ад таго, наколькі эфектыўна ён умее арганізаваць работу. Нашы людзі працавітыя і адказныя. Вельмі важна ім падказаць правільны шлях. Кіраўнік павінен не толькі ведаць, як дзейнічаць тут і зараз, але і ўмець бачыць стан спраў на некалькі крокаў наперад, рабіць разумныя прагнозы на будучыню і дабівацца рашэння пастаўленых задач.

– Аляксандр Мікалаевіч, не сакрэт, што за ўсімі лічбамі, намалотамі, тонамі, надоямі, прывагамі стаяць людзі, іх праца…

– Безумоўна, гэта так. У сённяшні святочны дзень самых цёплых слоў і віншаванняў заслугоўваюць ветэраны АПК, сённяшнія працаўнікі, кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў, фермерскіх гаспадарак, работнікі перапрацоўчай галіны –  усе тыя, хто сваёй добрасумленнай і самаадданай працай забяспечвае няспыннае развіццё аграпрамысловага комплексу раёна і ўсёй краіны. Сельская гаспадарка заўсёды была і застаецца важнейшым складнікам нашай эканомікі. А галоўнай каштоўнасцю вёскі, рухаючай сілай яе развіцця з’яўляюцца людзі, простыя працаўнікі. Аграрная галіна развіваецца дзякуючы іх працавітасці, гаспадарчай кемлівасці і руплівасці, шчырай адданасці роднай зямлі.

Дзякуй за працу! Моцнага здароўя на доўгія гады, шчасця і дабрабыту, невычэрпнай бадзёрасці і энергіі, новых поспехаў ва ўсіх справах і добрых пачынаннях. Духмянага хлеба на стале!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *