Справа агульнай важнасці

За першае паўгоддзе 2011 года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 155 злачынстваў  – на 12 менш, чым за такі ж перыяд летась. Зменшылася колькасць наўмысных забойстваў, махлярстваў, грабяжоў, хуліганстваў. Тым не менш, крымінагенную сітуацыю па-ранейшаму назваць спакойнай нельга. У многім – з-за пралікаў і недахопаў у прафілактычнай дзейнасці.

Па-ранейшаму ў структуры злачыннасці лідзіруюць крадзяжы – за справаздачны перыяд іх зарэгістравана 82, прычым практычна палова – з жылля грамадзян. У 54 выпадках злачынцы выкарысталі свабодны доступ да чужой маёмасці. А гэта азначае, што самі пацярпелыя не прымаюць меры для яе захаванасці. Да таго ж у кожным другім выпадку пацярпелыя знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

Асноўная прычына ўчынення крадзяжоў – неналежная прафілактычная работа з раней судзімымі асобамі, якія  ўчынілі кожны пяты крадзёж, а таксама з грамадзянамі, якія не працуюць і не вучацца (на рахунку такіх асоб – кожны другі крадзёж). Кожны шосты крадзёж – справа рук нецвярозых грамадзян. Наогул жа, у стане алкагольнага ап’янення ўчынена 36 злачынстваў.

Як паказвае практыка, часта рэцыдыўныя злачынствы ўчыняюцца раней судзімымі асобамі на глебе бытавой і матэрыяльнай неўладкаванасці, п’янства, таму што меры па сацыяльнай рэабілітацыі гэтых асоб, што прымаюць праваахоўныя і іншыя зацікаўленыя органы, недастатковыя і не маюць належнага эфекту. Гэта работа яўна патрабуе больш пільнай увагі.

Ды і ўзровень прафілактычнай работы з асуджанымі, што стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, можна назваць даволі нізкім. А гэта – умова для ўчынення асуджанымі новых, у тым ліку асабліва цяжкіх злачынстваў.

Літаральна адзін прыклад. М. Дуброўскі раней 7 разоў прыцягваўся да      крымінальнай адказнасці, з іх 6 разоў – за крадзяжы маёмасці. Апошні раз быў асуджаны ў жніўні 2010 года да пакарання ў вы-глядзе абмежавання волі тэрмінам на 2 гады без накіравання ў выпраўленчую ўстанову. Недахопы ў прафілактычнай рабоце ўчастковага інспектара, нявырашанасць з пытаннем працаўладкавання, адсутнасць кантролю за асуджаным падчас знаходжання ўчастковага інспектара ў працоўным водпуску, і як вынік – чарговае злачынства М. Дуброўскім учынена ў маі 2011-га.

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” прадугледжвае, што пры паўторным на працягу года адміністрацыйным  правапарушэнні ў выглядзе распіцця алкагольных напіткаў у грамадскім месцы ці з’яўлення ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення (арт. 17.3 КаАП Рэспублікі Беларусь) ажыццяўляецца пастаноўка на прафілактычны ўлік. Між тым, як паказала праверка, гэта не заўсёды выконваецца: пры наяўнасці падстаў не былі пастаўлены на прафілактычны ўлік у РАУС 33 грамадзяніна.

Недастаткова актыўна выкарыстоўваюцца міліцыяй такія меры прафілактыкі п’янства як абмежаванне ў дзеяздольнасці грама-дзян, якія злоўжываюць спіртным, і накіраванне хранічных алкаголікаў і наркаманаў у лячэбна-прафілактычныя прафілакторыі. Так, летась па ініцыятыве РАУС 7 грамадзян былі накіраваны для медыка-сацыяльнай рэадаптацыі ў ЛПП, за першае паўгоддзе 2011 – 12. У ходзе праверкі ўстаноўлена яшчэ 10 асоб, у адносінах якіх меліся падставы для накіравання ў ЛПП, але адпаведныя меры РАУС не былі прыняты.

Найбольш эфектыўнай у прафілактыцы злачынстваў з’яўляецца працоўная занятасць асоб, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі, і тых, хто вярнуўся з лячэбна-працоўных прафілакторыяў. Напрыклад, Брэсцкі гарсавет прыняў рашэнне аб стымуляванні арганізацый і прадпрыемстваў, што выканалі заданне па прыёму на работу ў лік броні грамадзян, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. У нашым раёне такія меры пакуль не распрацаваны.

Пракуратура правяла праверку захавання патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, а таксама выканання дзяржаўных праграм, накіраваных на папярэджанне правапарушэнняў і пераадоленне п’янства і алкагалізму. Шэраг недапрацовак у гэтым накірунку выяўлены ў Жарабковіцкім сельвыканкаме, на чыёй тэрыторыі, дарэчы, адзначаецца найбольшы ў раёне каэфіцыент рэцыдыўнай злачыннасці. Сярод іншага, напрыклад, у сельвыканкаме адсутнічала інфармацыя, наяўнасць якой прадугледжана комплексам  мерапрыемстваў па папярэджанні правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін на 2008-2010 гады, зацверджаным рашэннем Брэсцкага аблвыканкама. Не аказалася ні спісаў асоб, што стаяць на ўліку ў органах унутраных спраў, ні стэнда для размяшчэння інфармацыі, што прадастаўляецца РАУС, пра асоб, якія парушаюць грамадскі парадак і антыалкагольнае заканадаўства. Такія стэнды, між іншым, адсутнічалі і ў СВК “Канюхі” і “Жарабковічы”. Не наладжаны ў сельвыканкаме кіраўніцтва і кантроль за дзейнасцю добраахвотнай дружыны. Хутчэй фармальны характар носіць разгляд на пася-джэннях сельвыканкама пытанняў прафілактыкі правапарушэнняў, п’янства  і алкагалізму, пры сельвыканкаме не працуе камісія па барацьбе з п’янствам і г.д. І нават факт учынення асабліва цяжкага злачынства – у вёсцы Сваятычы п’яны сын забіў сваю старую маці за тое, што яна адмовілася даць яму грошы для набыцця спіртнога, – у сельвыканкаме застаўся без увагі, на пасяджэннях не разглядаўся. З мноства дробязяў складваецца агульная карціна, якая далёка не спрыяла папярэджванню правапарушэнняў.

Наогул, такая сітуацыя ў раёне, на жаль, далёка не выключэнне. Не наладжана работа па супрацьдзеянні п’янству і алкагалізму ў ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі”. Адно пасяджэнне адпаведнай камісіі, створанай на прадпрыемстве летась, вострых пытанняў не вырашыла. Не наладжана тут узаемадзеянне з РАУС па пытаннях узаемнага інфармавання пра асоб, што парушаюць антыалкагольнае заканадаўства. За справаздачны час, згодна адзінага дзяржаўнага банка даных аб правапарушэннях, да адміністрацыйнай адказнасці за такія парушэнні прыцягнуты 22 работнікі прадпрыемства. Даныя факты па згаданых вышэй прычынах засталіся без разгляду і прыняцця мер прафілактычнага ўздзеяння.

Аналагічныя парушэнні выяўлены ў ходзе праверкі пракуратурай СВК “Ліпнянка”.

Вострыя праблемы, выкліканыя алкагалізацыяй насельніцтва, патрабуюць самай пільнай увагі і неадкладнага ўмяшання – не толькі праваахоўных органаў (хаця, безумоўна, і ім неабходна актывізаваць сваю работу), а і мясцовай улады, прад-прыемстваў і арганізацый. Зусім не лішняй будзе і  актыўная грамадзянская пазіцыя насельніцтва. А выхоўваць і падтрымліваць яе неабходна, у тым ліку, больш актыўнай ідэалагічнай і культурна-масавай работай з насельніцтвам.

Аляксандр ЯРАШЭВІЧ,
пракурор раёна, саветнік юстыцыі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *