Службы аграрнага прызначэння

Трывалыя партнёрскія стасункі з сельгаспрадпрыемствамі ў іх памочнікаў: райветстанцыі, райплемстанцыі, ільнонасенстанцыі, раённага аддзела хімізацыі, дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.

Калектыў райветстанцыі, які шмат гадоў узначальвае Павел Сіцько, у адказе за лячэнне і прафілактыку хвароб жывёлы, арганізацыю і правядзенне лабараторна-дыягнастычных даследаванняў. Клопат службы –  не дапусціць распаўсюджвання небяспечных захворванняў. На пастаянным кантролі – якасць жывёлагадоўчай прадукцыі, імунізацыя жывёлы. Гарадская і сельскія ветлячэбніцы аказваюць паслугі і гаспадарам, якія трымаюць уласную гаспадарку, і арганізацыям.

Вузкая, але такая важная спецыялізацыя ў філіяла КУП “Брэстільнонасенне” Ляхавіцкай міжраённай ільнонасенстацыі –  вырошчванне льну, ачыстка насення і яго продаж. Спраў у калектыва з 19 чалавек хапае. Для механізатараў сезон пачынаецца з падрыхтоўкі глебы. Далей сяўба, апрацоўка пасеваў, уборка, церабленне сінявокага. Тон задае трактарыст Аляксандр Алейнікаў. Не саступае яму ў прафесіяналізме слесар Сямён Свістуновіч. Менавіта ён практычна ў адзіночку ачысціў усё нарыхтаванае сёлета насенне. Паўночны шоўк тут у гэтым годзе сеялі на плошчы 260 гектараў, сабралі 139 тон насення. Большую частку пакінулі для ўласных патрэб, астатняе – на продаж. Акрамя таго, здалі на льнозавод 789 тон трасты.

Усяго 5 чалавек працуюць у раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Начальнік інспекцыі Наталля Грынкевіч паведаміла: праверана і апрацавана 2355 тон насення азімых зерневых культур. Пад пільным кантролем спецыялістаў і прымяненне ў сельгаспрадпрыемствах сродкаў аховы раслін.

Амаль у кожным раёне створаны аддзел абласной станцыі хімізацыі. Яго асноўная функцыя – кантроль за эфектыўным выкарыстаннем удабрэнняў, вапнаваннем, укараненнем новых відаў і спосабаў унясення мікраўдабрэнняў, павышэння іх эфектыўнасці, правільным захоўваннем. Па словах вядучага аграхіміка Генадзія Русіна, раз у 4 гады праводзіцца аграхімічнае абследаванне глебы, якое паказвае аграхімічны склад кожнага поля, а на падставе атрыманых даных складаецца карта ўрадлівасці зямель раёна.

Селекцыяй сельскагаспадарчай жывёлы, племянной работай займаюцца дырэктар ляхавіцкай племстанцыі Брэстплемпрадпрыемства Кацярына Фірусь і заатэхнікі Мікалай Азімка і Марына Страмавус. Яны цесна супрацоўнічаюць з заатэхнікамі і селекцыянерамі гаспадарак раёна па пытаннях узнаўлення статка, паляпшэння генетычнага патэнцыялу жывёлы і іншых.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *