Крэда кіраўніка: з людзьмі, для людзей, у імя людзей

Сёння яшчэ жнівень, а заўтра пачнецца восень. Прыгажосць прыроды, яе фантастычная квецень, ашалелыя ад фарбаў клумбы і шчодрасць палёў, садоў, агародаў, бы гімн працавітым рукам, што гэтую прыгажосць і шчодрасць ствараюць. Кожны з нас у адказе за даручаную яму справу, за свой дом і за наш агульны, любімы ўсім сэрцам, які завецца Беларуссю. І не патэтыка гэта, а суцэльная праўда, рэальнасць суб’ектыўная і аб’ектыўная. Як і тое, што пра вартасць чалавека сведчаць яго справы. Яны розныя па  маштабу. Хтосьці адказвае за парадак на вуліцы, хтосьці — за здароўе пацыентаў, якасць навучання, важкасць надояў і прываг, трываласць цаглянай кладкі, дакладнасць разлікаў. А ў кіраўніка раёна зона адказнасці — увесь раён. Яна ўключае ў сябе развіццё вы-творчасці, эканомікі, сацыяльнай сферы, зрэшты, настрой людзей — іншымі словамі, усе складальнікі жыццядзейнасці рэгіёна. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук тэрыторыю сваёй адказнасці вывучыў дасканала. Некабінетная частка яго работы пераважае ў раскладзе дня: ён на жніўным полі, дзе перадавы экіпаж ідзе на раённы рэкорд, і на супрацьлеглым «полюсе» — дзе тэмпы ўборкі нездавальняючыя, на ферме і ў мехмайстэрні, на будаўнічай пляцоўцы і ў школе, на перакладцы цеплатрасы і на працоўным сходзе, на маршрутах семінараў і на суботніку. Радуецца дасягнутым поспехам калектываў і абавязкова адзначае аўтараў гэтых поспехаў. А за памылкі, неда-працоўкі, тым больш калі прычына іх у безадказнасці, недысцыплінаванасці, пасіўнасці, пытае строга.

Панядзелак у Дзмітрыя Міхайлавіча звычайна пачынаецца… у суботу. Напярэдадні наступнага тыдня, калі ў большасці з нас выхадны, ён у рабочых паездках па раёне. Усё ж кампетэнтнасць патрабуе асабістага бачання, асабістай прысутнасці, пераканання на ўласныя вочы, як ідуць справы ў «гарачых» кропках раёна («гарачыя» — у сэнсе важныя на даны момант па рашэнні вытворчых задач): на ўборачнай, нарыхтоўцы кармоў, добраўпарадкаванні і г.д.

Дзве трэці першага года новай пяцігодкі, лічы, завяршыліся. Пра тое, чым яны адметныя для раёна, наколькі ўвасабляецца ў жыццё намечанае-запраграмаванае, і пра многае іншае, размова са старшынёй райвыканкама Дзмітрыем Бурдуком.

— Дзмітрый Міхайлавіч, хаця, як гаворыцца, усе пальцы на руцэ важныя, аднак, што б Вы вызначылі найперш у вытворчай тэме Ляхавіччыны менавіта сёння?

— Сапраўды, у гэтай тэме падтэм фактычна няма, таму што цэлае – гэта сума складальнікаў. Але ж паколькі ўсяму галава – хлеб, і ўлічваючы тое, што наш раён сельскагаспадарчы, абсалютна справядліва і адназначна правільна ў першы радок гэтага рэйтынгу паставіць уборачную кампанію, важная частка якой – жніво – завершана. Хлебны каравай Ляхавіччыны заважыў 55,3 тысячы тон. Сярэдняя ўраджайнасць – 37 цэнтнераў з гектара. Дзяржаўны заказ раёнам выкананы. Па валавым намалоце мы пры-плюсавалі да леташняга выніку 3 тысячы тон, па ўраджайнасці – 3,6 цэнтнера на гектар.

Хлебная ніва – строгі бескампрамісны экзаменатар. Яна не даруе ніякіх “неда…”  – недаўгноіў, недагледзеў, недаапрацаваў. У яе адзін аўтарытэт – высокая тэхналагічнасць па поўнай праграме. З гонарам называю сёння, у першую чаргу, хлебаробаў СВК “Шлях новы”, якія здолелі, змаглі даказаць сваю прафесійную вартасць, насуперак усім надвор’ям і абставінам, і дасягнуць лепшага ў раёне выніку па ўраджайнасці – 52,8 цэнтнера з гектара супраць мінулагодніх 38,5. Гэта дарагога вартае.

За лічбамі шчырая, сапраўды самаадданая праца людзей, якая мацуе дабрабыт краіны, раёна, сем’яў. Умеюць выро-шчваць хлеб у СВК “Дарава”, “Ляхавіцкі”. Жарабковіцкі паказчык ураджайнасці другі ў раённай зводцы. Але ўрадлівейшыя землі гэтай гаспадаркі не далі чаканага выніку, які можа і павінен перавышаць сёлетні ці не ў паўтара раза. Ураджайнасць – не выйгрыш у латарэю, а ў значнай ступені запраграмаваная дакладным захаваннем тэхналогіі данасць.

Многія гаспадаркі “падраслі” па паказчыках жніва ў параўнанні з тым, што мелі папярэдне. 13 экіпажаў перасягнулі тысячны рубеж у намалотах. Выдатна! Але ж нам ёсць на каго раўняцца і паднімаць планку дасягненняў: у рэспубліцы на жніве ёсць такія перадавікі, якія намалацілі па 3-4 і нават 5 тысяч тон збожжа.

Лічу, што павелічэнне тэмпаў росту любой вытворчасці можна сфармуляваць наступным чынам: патрабуецца якасная колькасць. Гэта ў дачыненні не толькі да збожжа, якое, дарэчы,  мала  ўбраць, але трэба дбайна захаваць, па-гаспадарску скарыстаць яго. Працаваць, як працуюць з бульбай у СВК “Ляхавіцкі”, – пад 400 цэнтнераў клубняў з гектара ўбіраюць. Ільновалакна трэба многа і доўгага з высокім нумарам, цукровых буракоў, кукурузы, сенажацяў – высокаўраджайных. Увогуле, каб каэфіцыент карыснага дзеяння працоўных намаганняў быў не проста прымальна выніковым, а набліжаным да максімальна магчымага.

Суб’ектыўны фактар ці, іншымі словамі, чалавек, прычым кожны на сваім месцы, гэта абавязаны забяспечыць. Хлеб надзённы, калі гаварыць вобразна, вырошчвае не толькі аграрый, але і будаўнік, і  прамысловец, і работнік любой галіны народнай гаспадаркі шчыруе на яго. Галоўнае, не ігнараваць сучасныя тэхналогіі і быць сумленным, гаспадарлівым, прадпрымальным.

— Наконт прадпрымальнасці, Дзмітрый Міхайлавіч, калі ласка, давайце            пагаворым падрабязней. Тым больш, што ў Беларусі аднайменны год.

— Патрэбны акцэнт зроблены, своечасовы. Гэта ўмова ці, калі хочаце, складальнік паспяховасці. Без разумнай прадпрымальнасці няпростую эканамічную сітуацыю не палепшыць. Разваротлівасць, гібкасць у прыстасаванні да ўмоў рынку, зноў жа ўкараненне новых тэхналогій вытворчасці зрабілі брэндавымі ў нашым рэгіёне СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”. Тут кампетэнтнае кіраўніцтва, якое сумела стварыць надзейную сілу – працоўны калектыў, што аб’яднаны не проста месцам работы, але і свядомай мэтай, накіраванай на стваральнае развіццё. На кансервавым правераным сродкам і базай для выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі выбралі развіццё падсобнай гаспадаркі. Не пабаяліся пабудаваць новы цэх і выйгралі ад гэтага. Узорная вытворчасць арганізавана на малочным заводзе. Летась таксама запрацаваў новы цэх па згушчэнні сыроваткі. Прадукцыя і аднаго, і другога прадпрыемстваў не мае патрэбы ў рэкламе. Яна запатрабаваная.

З думай не толькі пра дзень сённяшні, але і пра будучыню прымалі рашэнне аб будаўніцтве новых сучасных МТФ і ажыццявілі яго ў СВК “Шлях новы” і “Ляхавіцкі”. Малако гатункаў вышэйшага і экстра, якое пастаўляецца на мясцовае перапрацоўчае прадпрыемства з гэтых ферм, для гаспадарак абарочваецца штотыдзень саліднымі грашовымі паступленнямі. Правільна робяць тыя сельскагаспадарчыя арганізацыі, якія ў малочнай вытворчасці зрабілі акцэнт на ўкараненне новых тэхналогій. Разам з тым, непапраўную памылку дапусцілі тыя СВК і іх кіраўнікі, якія не пабудавалі новыя сучасныя МТФ з выкарыстаннем ільготнага дзяржаўнага крэдыту.

Ёсць яшчэ адзін аспект справы: малочны завод знаходзіцца ў залежнасці ад паставак сыравіны.

Будзе няправільным гаварыць пра Год прадпрымальнасці і не закрануць тэму прадпрымальнікаў і малога бізнесу. Той факт, што па выніках абласнога конкурсу “Лепшы прадпрымальнік 2010 года” наш раён выйшаў пераможцам у намінацыі як раён з самымі спрыяльнымі ўмовамі для развіцця прадпрымальніцтва, гаворыць красамоўна аб стане спраў у гэтай сферы. Запатрабаваную прадукцыю выпускаюць ТАА “Трансэлектракамплект”, ЗАТ “Ляхавіцкі завод “Металапластмас”, СТАА “Інтэрлак”, ТАА “Ібіра”, “Ажуруна”. Гучна заявіла пра сябе і працягвае нарошчваць магутнасць ЗТАА “БелДан” – прадпрыемства па вытворчасці свініны па дацкай тэхналогіі.

У раёне зарэгістраваны 83 малыя прадпрыемствы, 20 фермерскіх гаспадарак,          427 індывідуальных прадпрымальнікаў. Сфера малога бізнесу раёна развіваецца рознапланава, ахоплівае вытворчасць, абслугоўванне і гандаль. У ёй створана 1387 рабочых месцаў. Для нашага невялікага  раёна даволі высокі паказчык.

Перспектывы гэтай сферы жыццядзейнасці самыя аптымістычныя. Раённая ўлада гарантуе, што чалавек, які выказвае жаданне займацца сваёй справай і  гатовы рабіць гэта сумленна, можа разлічваць на падтрымку.

— Хіба толькі невідушчы не ўбачыць станоўчыя змены, якія адбываюцца ў райцэнтры. Маю на ўвазе рамонтныя работы, рэканструкцыю асобных аб’ектаў, зрэшты, актыўнае добраўпарадкаванне. Як выконваюцца праграмы будаўніцтва? Што новага чакае ў гэтым сэнсе наш раён у бліжэйшы час?

— Адразу адзначу, што з пачатку года здадзена ў эксплуатацыю 12 690 квадратных метраў жылля – шматкватэрнік у райцэнтры, 14 домікаў на сяле, 11 – для працаўнікоў “БелДана”. У сувязі з праблемамі фінансавання, якія стрымлівалі тэмпы, давядзецца – і мы гэта зробім – наганяць аб’ёмы работ. Адрасоў названага кшталту мноства: працягваецца замена цепласетак у раёне вуліцы Гагарына і ў Каранеўшчыне, добраўпарадкаванне мікрараёна вуліц Южакова-Будаўнікоў, капітальна рамантуецца  мост праз раку Ведзьма ў райцэнтры. Да канца года па-вінны здаць у эксплуатацыю ЖБСК  №№ 17 і 19 па 40 кватэр кожны і 30-кватэрны ЖБСК № 18. Прыступаем да ЖБСК № 16, а ў верасні мяркуецца зрабіць  задзел для ЖБСК № 20. Рыхтуецца праектная дакументацыя яшчэ на 3 кааператыўныя шматпавярховікі ў райцэнтры, якія плануецца будаваць у наступным годзе.

Сярод вытворчых аб’ектаў самы важкі – узвядзенне бульбасховішча на 3 тысячы тон у СВК “Жарабковічы”. Работы пачаліся. Па рашэнні аблвыканкама, для гэтага будаўніцтва выдаткаваны крэдыт. Будзе пачата рэканструкцыя існуючага бульбасховішча ў райаграсэрвісе з расшырэннем яго магутнасці да 3 тысяч тон. А літаральна днямі, 23 жніўня, уведзена ў строй дзеючых новае бульбасховішча на тысячу тон клубняў, сучасна абсталяванае, з належным мікракліматам, у СВК “Ляхавіцкі”. Пабудавана яно гаспадарчым спосабам і з’яўляецца, можна сказаць, першай ластаўкай у раёне.

Сёлета неабходна асвоіць 500 мільёнаў рублёў капіталаўкладанняў на рамонце Русінавіцкага фізкультурна-аздараўленчага комплексу, і  нашы будаўнікі павінны гэта зрабіць. Наогул, сярод будаўнічых арганізацый бясспрэчным лідарам з’яўляецца ПМК-13. Спадзяюся, што аб’яднанне трох будаўнічых калон –  ПМК-17, СПМК-16, СПМК-18 – трансфармуецца ў нарошчванне магутнасці арганізацыі і, адпаведна, у шматлікія якасна і ў тэрмін пабудаваныя аб’екты.

— Калі Вы, Дзмітрый Міхайлавіч, у красавіку 2009 года давалі першае інтэрв’ю “ЛВ” на пасадзе кіраўніка раёна, то сказалі, што з верай, надзеяй і любоўю прыступаеце да работы на Ляхавіччыне. Ці апраўдаліся Вашы спадзяванні?

— Адкажу так: я не расчараваны, не памыліўся і яшчэ больш пераканаўся за гэты час, што толькі ад людзей, ад іх адносін да справы  залежыць яе вынік. Я шмат сустракаюся з землякамі і не перастаю па-добраму здзіўляцца  багаццю іх душ, прыгажосці памкненняў, цярплівасці. Усё ў нас атрымаецца!

Давайце будзем аптымістамі і з годнасцю ставіцца да складанасцяў і праблем, тым больш, калі відавочна, што яны часовыя. Давайце глядзець на жыццё светла.

Заканчваецца жнівень, і заўтра ў школах, якія падрыхтаваліся да верасня ад “а” да “я”,  загучыць першы званок новага навучальнага года. У класы прыйдуць дзеці, добра адпачнуўшыя ў летніках. Пачнуцца заняткі і ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, дзе ўпершыню сёлета частка навучэнцаў будзе займацца па інстытуцкай праграме. А на сваё першае рабочае месца ў працоўныя калектывы раёна прыйшлі выпускнікі ВНУ і ССНУ.

Па-ранейшаму пенсіянеры своечасова атрымліваюць пенсіі, размер якіх павялічваецца. У раёне рэалізуюцца дзяржаўныя сацыяльныя і галіновыя праграмы. Ёсць перспектывы развіцця ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, умацавання пазіцый торфабрыкетнага. Шмат праблем трэба тэрмінова рашаць бытавікам, райспажыўсаюзу, камунальнікам, дарожнікам, каб павысіць якасць жыцця насельніцтва і  адначасова паправіць сваё эканамічнае становішча. Чакаю выніковай ініцыятывы ад кіраўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы, сельскіх выканаўчых камітэтаў, органаў правапарадку. І не стамляюся паўтараць: зарплату трэба не проста атрымліваць, а зарабіць яе.

Жыццё ідзе сваім ходам і менавіта яно, жыццё чалавека, застаецца галоўнай каштоўнасцю ў нашай дзяржаве. Па-за часам і па-за модай  і каштоўнасці чалавечай душы: прыстойнасць, праўдзівасць, адказнасць, працавітасць. Паважаю людзей, каму гэта ўласціва. З імі адчуваеш надзейнасць, трываласць слова і справы, адным словам, каманду, з якой хочацца  стваральна працаваць. І яшчэ, дарогу асіліць той, хто ідзе, а не чакае, што яго падвязуць.

— Дзякуй за інтэрв’ю, Дзмітрый Міхайлавіч.

Вольга БАРАДЗІНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *