Прыклад побач

Малако ў каровы на языку, як ведаем. Ведаем таксама, што і зараз асноўным для жывёлы кормам працягвае заставацца паша. Аднак, яе лепшыя, з пункту гле-джання біялагічнай самадастатковасці, часы “засталіся” ў маі-першай палове чэрвеня. Канешне ж, у адпаведнай прапорцыі знізілася і пажыўнасць падножнага корму для жывёлы. Але да гэтай абсалютна аб’ектыўнай рэальнасці дабаўляецца мясцовы суб’ектывізм.

Што маецца на ўвазе?  Батанічны склад большасці пашавых угоддзяў сельгасарганізацый нашага раёна не адпавядае таму, якім быць павінен. Нормай з’яўляецца злакава-бабовы мікс – паша, у склад якой у пэўных суадносінах уваходзяць травы кожнага з названых відаў. У дачыненні злакавых не існуе ніякіх нараканняў: напрыклад, цімафееўка, купкоўка ў складзе пашы большасці сельгасарганізацый прысутнічаюць у дастатковай колькасці. Пра бабовыя, на жаль, гэтага сказаць нельга: мінулая зіма аказалася для іх непераносна-жорсткай, атрымалася так, што з большасці пашавых палеткаў раёна яны “выпалі”. Сітуацыя характэрна ўвогуле, у тым ліку, і ў адносінах шматкампанентнай пашы. У сувязі з гэтым увесну гаспадаркі раёна былі арыентаваны на дадатковую “закладку” менавіта апошніх. Сёння ўжо можна гаварыць, што большасць сельгасвытворцаў з задачай справіліся. Не ўсе, аднак: не самым належным чынам паставіліся да яе вырашэння ў СВК “Жарабковічы”, сітуацыя з пашай у якім уяўляецца найбольш складанай. Практычна на працягу ўсяго лета гэтаму пытанню ў гаспадарцы ўдзялялася недастаткова ўвагі. Адсюль і недаатрыманне каровамі ўсіх неабходных пажыўных рэчываў, і, адпаведна, параўнальна невысокая ўдойнасць. У той жа час ёсць і “блізкія” прыклады таго, дзе работа з пашай наладжана і вядзецца выгадна лепшым чынам. Сярод такіх СВК “Ляхавіцкі”, “Шлях новы”, ЛДАК.

Пэўным чынам становішча можна было б выправіць за кошт дастатковай сяўбы пажніўных паўкосных культур з мэтай іх далейшага выкарыстання ў якасці зялёнай падкормкі дойных статкаў. Прыкладам тут могуць служыць тыя ж “Ляхавіцкі” і “Шлях новы”, а таксама СВК “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”. Аднак не “Жарабковічы”, якія і ў гэтай справе не праявілі асаблівай актыўнасці. Больш таго, вы-глядаюць тут найменш прывабна сярод іншых сельгасарганізацый раёна. Вось і атрымліваецца, што замест зялёнай масы жарабковіцкія буронкі ў якасці падкормкі атрымліваюць леташні сілас. Замена не раўназначная і, як можна меркаваць, з’яўляецца адной з прычын невысокіх надояў.

Быў на працягу лета перыяд, калі па валавой вытворчасці малака СВК “Жарабковічы” да 5 тон у дзень адставаў ад сябе мінулагодняга. Зараз, дзякуючы таму, што ідуць расцёлы, гэта лічба значна зменшылася. Але ж усё адно, без ашчаднага захавання тэхналогіі не атрымліваецца выйсці нават на ўзровень 2010 года. А, магчыма, тамашнія гаспадарнікі не ставяць сабе такой мэты: не імкнуцца ці не жадаюць.

На гэтую думку наводзяць, у прыватнасці, і наступныя факты. Для дасягнення максімальных удояў аднымі толькі пашай і зялёнай падкормкай наўрад ці абысціся – буронка павінна атрымліваць і некаторую колькасць кам-бікорму. Што і практыкуе ў дачыненні сваіх дойных статкаў большасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Розніца ў тым, што шляхам размолу зерня ўласнай вытворчасці асобныя гаспадаркі гатуюць камбікорм самі. Іншыя ж карыстаюцца паслугамі размешчанага ў Баранавічах  спецыялізаванага прадпрыемства. У апошнім выпадку камбікорм абыходзіцца некалькі даражэй, аднак жа, і куды больш якасным, дакладна збалансаваным па ступені ўзбагачэння яго рознага роду пажыўнымі дабаўкамі і мікраэлементамі. Адпаведна, і аддача ў выглядзе павелічэння ўдойнасці статкаў буйной рагатай жывёлы. Па гэтым шляху ідуць, у прыватнасці, СВК “Ляхавіцкі” і асабліва “Шлях новы”. У сельгаскааператыве было нямала праблем, што тычыліся работы жывёлагадоўчай галіны. Аднак, на працягу апошняга месяца большасці з іх ужо не існуе – зняты. За кошт захавання тэхналогіі ўтрымання жывёлы, дакладнасці рацыёнаў удоі ў “Шляху новым” пастаянна павялічваюцца.

“Жарабковічы” ж і ў гэтым пытанні праяўляюць сваю “арыгінальнасць”: і самі не займаюцца размолам зерня на камбікорм, і да паслуг спецыялізаванай арганізацыі не звяртаюцца. Быццам бы ні адзін з метадаў не з’яўляецца мэтазгодным з эканамічнага пункту гледжання. Аднак жа прыклады “Ляхавіцкага”, “Шляху новага”, некаторых іншых прадпрыемстваў раёна сведчаць аб іншым, ставяць пад сумненне жарабковіцкую тэорыю.

Разам з тэхналогіяй утрымання жывёлы, паўнатой і разнастайнасцю яе кармлення, вельмі важным кампанентам прадукцыйнасці жывёлагадоўлі з’яўляецца ступень адказнасці жывёлаводаў падчас выканання імі сваіх працоўных абавязкаў. Чалавечы фактар, як модна зараз гаварыць, вызначае і вырашае многае. Хацелася б, каб галоўныя заатэхнікі сельгасарганізацый, загадчыкі МТФ больш актыўна і дасканала “маніторылі” працэс вытворчасці ў жывёлагадоўлі. У тым ліку, не спадзяваліся толькі на пастухоў, але і самі максімальна часта наведвалі пашу, цікавіліся своечасовасцю падвозу вады, “адбівання” свежай загонкі і іншае, іншае.

Аляксандр ШЫТАЎ,
галоўны заатэхнік райсельгасхарчу

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *