Асобае меркаванне пра простыя з’явы

Работу прэзентуе Дзмітрый Кушнярэвіч з Дараўскай СШ.

Здаецца, зусім нядаўна  школьнікі Ляхавіччыны толькі пачыналі адкрываць у сабе ўменні даследчыкаў, авалодвалі навыкамі вырашэння практычных задач, правядзення эксперыментаў у розных галінах жыццядзейнасці. З таго часу, як першая раённая навукова-практычная канферэнцыя “З навукай у будучыню” рабіла свае першыя крокі, мінула дзесяцігоддзе. Нашы юныя землякі дасягнулі даволі значных вынікаў у доследах – адзначаліся на рэспубліканскім і абласным узроўнях. Больш таго, зараз шукаюць адказы на разнастайныя пытанні, імкнуцца  абгрунтаваць свае ідэі  і здагадкі нават дашкольнікі.

На  юбілейнай – дзясятай – навукова-практычнай канферэнцыі, што днямі прайшла ў СШ № 1, было прадстаўлена 36 работ – удвая больш, чым у 2007 го-дзе.  На ўрачыстым адкрыцці начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская падкрэсліла, што разам з колькасцю ўзрастае і якасць. Два гады запар на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па вучэбных  прадметах лідзіравала тады гімназістка Ніно Квернадзэ. Сямёра нашых школьнікаў летась вызначыліся на абласным узроўні.
Вучні 8 – 11 класаў разам з педагогамі, пад непасрэдным кіраўніцтвам якіх выконвалі работы, размеркаваліся па чатырох прадметных секцыях.     Усхваляваныя, незвычайна сур’ёзныя, яны пераканаўча прэзентавалі свае распрацоўкі  перад кампетэнтным журы, у склад якога ўвайшлі і выкладчыкі  БарДУ. Тэмы даследаванняў практычна значныя, карысныя для грамадства. Пераможцамі раённай канферэнцыі сёлета  сталі 19 чалавек, 5 з  іх – уладальнікі дыпломаў I ступені.
Дар’я Каляда з Жарабковіцкай СШ (настаўнік Галіна Бунель) вывучала ўплыў стымулятараў росту (сінтэтычных і натуральных) на працэс карэннеўтварэння ў чаранкоў пакаёвых раслін. Як высветлілася, сярод натуральных біястымулятараў найбольш эфектыўныя  мёд і дрожджы. І яны больш ”уплывовыя” для чаранкоў, чым сінтэтычныя стымулятары.
Ксенія Шлойда з СШ № 1 (настаўніца Анастасія Барташэвіч) даказала, што з дапамогай матэматычных вылічэнняў можна  вызначыць параметры зроку (вугал, вастрыню і поле), захаваць яго і палепшыць. Даследаванні пацвердзілі, што ў хлопчыкаў і дзяўчынак рознае поле зроку, што неабходна ўлічваць пры рассадцы ў школе.
Тэмай работы Анастасіі Ганчарык з гэтай жа навучальнай установы (настаўнік Кацярына Іванова) сталі “Несапраўдныя сябры перакладчыка”. Яна звярнула ўвагу на так званыя інтэрнацыянальныя словы, што маюць аднолькавы пераклад на розных мовах. Між іншым, ёсць словы, якія маюць аднолькавае напісанне, але розны пераклад. Напрыклад, слова intelligent хочацца перакласці як інтэлігент. А правільна будзе – разумны. Пачытаць гэтае даследаванне будзе павучальна ўсім старшакласнікам.
Паліна Чаранкевіч з гімназіі  (настаўнік Святлана Бурак) працавала над “Рэлігійным навучаннем у рамках свецкай сістэмы адукацыі”, падкрэсліла яго значнасць і неабходнасць увядзення курсу рэлігіі ў школьную праграму.
Сакрэты трывалага шлюбу паводле беларускіх прыказак вывучала гімназістка Кацярына Козел (настаўніца Святлана Ермаковіч). Народная творчасць – невычэрпная крыніца мудрасці, якая не страчвае актуальнасці і сёння. Нашы продкі заўважылі: “Якая гаспадыня, такі і парадак”, “Хвалі дзень вечарам, а дзяўчыну замужам”,“Хлопец жэніцца, як хлеб ёсць, а дзеўка выходзіць замуж, як сваты прыйдуць”, “Я за свайго Кузьму любую вазьму, а ты сваю Арынку паводзіш па рынку”.
Пераканаўча  аргументавалі свае высновы і тыя рабяты, якія ўзняліся на другую прыступку п’едэстала. Аб’ектам эксперымента дзевяцікласніцы з Конькаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу Яны Сакун (настаўніца Наталля Ксёнжык) стаў металічны посуд. Смак ежы, па сцвярджэнні дзяўчынкі, залежыць ад таго, у якой ёмістасці яна прыгатавана.     Даследаванне паказала, што лепш за ўсё для гэтай мэты падыходзіць эмаліраваны посуд пры ўмове цэласнасці яго слоя. Хімічныя вопыты  пераканаўча даказалі, што такая паверхня не схільна да ўздзеяння кіслот і шчолачы, а значыць – ёмістасць бяспечная ў выкарыстанні.
Старшакласнік з СШ № 1 Сяргей Арцюшкевіч (настаўніца Таццяна  Кузакова) даследаваў кастрыцу льну як альтэрнатыўны  від паліва.
Паліна Лук’янчык з Востраўскай СШ (настаўніца Таццяна Котава) вывучала магчымасць афарбоўкі баваўняных і льняных тканін фарбавальнікамі з раслінных кампанентаў.
Ганна Сокал з СШ № 2 (настаўніца  Наталля Ланкуць) ацэньвала прафесійны статус настаўніка. Шляхам праведзенага апытання, назірання, аналізу, абагульнення, параўнання адзінаццацікласніца даказала: прафесіі настаўніка – быць! Яна па-ранейшаму значная, запатрабаваная і пастаянна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі дзяржавы.
Васьмікласніцу гімназіі Анастасію Богдан (настаўніца Вікторыя Салаўёва) зацікавілі лінгвістычныя асаблівасці англійскага гумару і спосабы яго перакладу на  рускую мову.
Жарабковіцкі школьнік  Аляксандр Русакевіч (настаўніца Галіна Навумік) даследаваў спосабы раскрыцця фарміравання асобы галоўнага героя ў рамане “Два капітаны”.
Анастасія Сяргей з першай школы (настаўніца Таццяна Абражэвіч) зрабіла выдатны падарунак землякам – раскрыла паходжанне прозвішчаў жыхароў Конькаўскага сельсавета.
Уменне знаходзіць цікавае, самастойна здабываць веды, вырашаць нестандартныя сітуацыі – усё па сілах сённяшнім навучэнцам. Магчыма, іх доследы стануць адпраўным пунктам у стварэнні маштабнага праекта або  ідэі, саслужаць добрую службу  на карысць людзей.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *