Жыццё праз акуляры. Не ружовыя

Варта паспрабаваць зрабіць элементарныя рэчы з заплюшчанымі вачамі, каб зразумець становішча невідушчага чалавека. Падчас месячніка “Чалавек з белым кіем”, які завяршаецца 15 лістапада, члены раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” імкнуліся абазначыць грамадскасці праблемы інвалідаў па зроку, нагадаць пра неабходнасць абароны іх правоў. А ў панядзелак пройдзе акцыя: вадзіцелям уручаць памяткі, каб прыцягнуць іх увагу да бяспекі невідушчых пешаходаў.

У раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку налічваецца 165 чалавек – і людзі шаноўнага ўзросту, і дзеці, расказвае яе старшыня Алена Пішч. У некаторых частковая страта зроку, ёсць і такія, хто пазбаўлены магчымасці радавацца сонечнаму святлу.

У “БелТІЗ” імкнуцца рознымі спосабамі падтрымаць сваіх членаў. Выдаецца гуманітарная дапамога. Сёлета 7 інвалідаў I і II групы за кошт спонсарскіх сродкаў атрымалі гукавыя наручныя гадзіннікі. Дзякуючы малочнаму заводу і ”Трансэлектракамплекту” для інвалідаў I і II групы былі набыты прыемныя сюрпрызы да Дня жанчын і 23 лютага. Існуюць ільготы па набыцці гукавых тэхнічных памочнікаў. Да паслуг інвалідаў па зроку – аўдыячасопіс “Таварыш”, аўдыякнігі і фільмы (хоць і не ў асартыменце).

У райцэнтры зроблена нямала і для стварэння безбар’ернага асяроддзя. Сёлета абсталяваны яшчэ 4 пандусы каля магазінаў і ўстаноў, зроблены рамонт ганка магазіна “Родны кут” (на перакрыжаванні вуліц Леніна і Цітовіча) з заменай пакрыцця на супрацьслізготнае. У раённай бальніцы і паліклініцы яркай фарбай пазначаны першая і апошняя прыступкі лесвічных пралётаў.

Старшыня раённай арганізацыі “БелТІЗ” нагадвае, што па любых пытаннях, якія хвалююць невідушчых людзей, можна звяртацца да яе па тэлефоне 8-029-886-91-33.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *