Акцыя завершана. Увага застаецца

Завяршылася рэспубліканская пажарна-прафілактычная акцыя “За бяспеку разам”. З 17  кастрычніка па 11 лістапада супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях разам з іншымі службамі праводзілі сельскія сходы, арганізоўвалі сустрэчы ў працоўных калектывах, школах і дзіцячых садках, наведвалі адзінокіх і адзінокапражываючых, мнагадзетныя і неўладкаваныя сем’і, грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
Так, 8 лістапада спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Марына Касаковіч пабывала ў Навасёлкаўскім дзіцячым садзе і ў гульнёвай форме  вучыла  малых  правілам бяспекі.
На мінулым тыдні праведзены сельскія сходы ў вёсках Навасёлкі і Заліпенне Крывошынскага сельсавета. Выратавальнікі і старшыня сельвыканкама нагадалі правілы пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печаў, чарговы раз расказалі пра наступствы, да якіх можа прывесці  злоўжыванне  алкаголем ці курэнне, асабліва ў нецвярозым стане.
Сустракаючыся з калектывам  торфабрыкетнага завода ў Тухавічах, начальнік РАНС Валерый Равінскі асаблівы акцэнт зрабіў на правілах бяспечных паводзін у быце і на вытворчасці, патлумачыў патрабаванні  правілаў пажарнай бяспекі, якія датычацца эксплуатацыі ацяпляльнага і электраабсталявання.
Падчас акцыі абследавана больш за 2 тысячы домаўладанняў і кватэр, арганізавана 27 выступленняў у працоўных калектывах, 9 – на сельскіх сходах. Паводзіны 44 чалавек разгледжаны  на пасяджэннях  грамадскіх пунктаў аховы правапарадку.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *