І ў свята клопатаў багата. У мінулую пятніцу Ляхавіччына ўшаноўвала работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК

Святочная дэлегацыя ДП "Нача"

18 лістапада, пятніца. На адзін дзень Ляхавіцкі гарадскі Дом культуры стаў самым сельскім з усіх афіцыйна сельскіх. На небудзённасць падзеі намякаюць “букеты” з флагаў расквечвання, выстаўленыя паабапал высокага ганку. Чым далей, тым больш фарбаў, гукаў і рознага кшталту смакаты.

У   фае ўстановы культуры запрашальным акордам гучыць музыка. Жывая і жвавая, яна настройвае на мажор. Паралельная галоўнай глядацкай зала паўстае ў вобразе выставачнай экспазіцыі. Тэматычна яе можна вызначыць як дэманстрацыю дасягненняў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці раёна. Сельгаскааператывы, сялянскія фермерскія гаспадаркі прывезлі ў якасці экспанатаў прадукцыю сваіх палёў, садоў і агародаў. Нават з прадстаўленага на стэндзе набору можна зрабіць выснову, што раённыя аграрыі навучыліся вырошчваць многае. Калі ласка –  салодкі перац, кабачкі, цыбуля, яблыкі. Канешне ж, група зерневых, бульба ў асартыменце. Ва ўсёй паўнаце і прыгажосці прэзентавалі сябе перапрацоўшчыкі раёна: кааппрам, ільно-, кансервавы, малочны заводы. Прадукцыю двух апошніх дазвалялася дэгуставаць, чым многія з удзельнікаў святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК сабе не адмовілі.
Зацікаўленая актыўнасць адзначалася вакол стала з конкурснымі караваямі. Стаць адным з членаў журы мог любы жадаючы, апусціўшы ў скрыню квіток за той ці іншы амаль шэдэўр кулінарнага майстэрства. Некалькі пазней,  падчас галоўнай дзеі ўрачыстасцяў, былі агучаны вынікі. Бронзу народнае галасаванне аддало жарабковіцкай выпечцы, другім прызам адзначаны каравай вытворчасці КСУП “Тальмінавічы”, а першынство дасталося каравайным умельцам з “Начы”.
У парушэнне храналогіі аповеду, але дарэчы будзе сказаць, што ў названым апошнім дзяржаўным прадпрыемстве не толькі добрыя хлебапёкі – там і земляробы ўмелыя, і жывёлаводы старанныя. Адкуль такое смелае сцвярджэнне? Разам з прадстаўнікамі “Ляхавіцкага” і “Жарабковіч” за сваімі ўзнагародамі начаўцы падымаліся на святочную сцэну найбольш часта.
Калі вынесці за дужкі музычную і відэа   “падводку”, святочную ўрачыстасць, прысвечаную людзям на зямлі і ад зямлі, адкрылі апладысменты. Шчырыя і як салют у гонар асабліва ганаровых гасцей –  ветэранаў аграрнай галіны раёна.
Да ўсіх, хто прадстаўляў у зале сельскую гаспадарку і перапрацоўчую прамысловасць АПК, звярнуўся першы намеснік старшыні аблсельгасхарчу Сяргей Буткевіч. Нягледзячы на той факт, што партнёрства з надвор’ем у аграрыяў сёлета не атрымалася, Ляхавіцкі раён, па словах прадстаўніка абл-сельгасхарчу, чарговы раз выканаў сваю работу вельмі варта.
У бягучым годзе Ляхавіччына стала другой у абласным спаборніцтве па вытворчасці цукровых буракоў. Дыплом аблвыканкама адпаведнай ступені пад апладысменты залы атрымаў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. Ганаровага дыплома аблвыканкама ўдастоіўся Анатолій Варановіч. Такое прызнанне атрымала праца трактарыста-машыніста СВК “Шлях новы” падчас корманарыхтоўчай кампаніі. Намеснік дырэктара ДП “Нача” Галіна Рамейка падымалася на сцэну за падзякай Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Шчодры на адзнакі, падарункі, апладысменты, цёплыя адрасныя словы  Дзень сельскага працаўніка старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч назваў усеагульным святам, нягледзячы на тое, дзе хто нарадзіўся, жыве, працуе. Маўляў, усё, што маем, – ад зямлі. Яна базіс, аснова Айчыны і кожнага з нас.
У 2016 годзе ляхавіцкія аграрыі дасягнулі, па ацэнцы кіраўніка раёна, нядрэнных вынікаў. Намалот зерня з улікам кукурузы склаў больш за 65 тысяч тон. Асобныя гаспадаркі адзначыліся і высокім ураджаем другога хлеба. Урадзілі, сведчаннем чаму ў тым ліку і высокая ацэнка вобласці,  цукровыя буракі. СВК “Жарабковічы” сваім салодкім ураджаем і ўвогуле ўразіў: з сярэдняга гектара накапана ў межах 700 цэнтнераў караняплода.
Гучалі ў гэты дзень і віншаванні здалёк. Не так, каб надта, але ж Польшча – гэта замежжа.    Польскія сябры, добрыя партнёры, калегі нашых агравытворцаў і аграперапрацоўшчыкаў у асобе дэлегацыі Лэнчненскага павета Люблінскага ваяводства прыехалі з мэтай “павіншаваць шаноўнае панства”. Па-першае. І наладзіць дзелавое партнёрства, як адзначыў падчас выступлення член дэлегацыі Бернард Скальскі.
Ну і пра ”ЛВ”. Дзявятым уладальнікам спецыяльнага, прымеркаванага да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, прыза “Ляхавіцкага весніка” стаў галоўны інжынер СВК “Жарабковічы” Міхаіл Пятроўскі.
Свята святам, аднак і ў гэты дзень у вяскоўцаў працоўных клопатаў багата.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. Больш фота тут

Уладальнік спецыяльнага прыза "ЛВ" Міхаіл Пятроўскі

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, першы намеснік старшыні аблсельгасхарчу Сяргей Буткевіч (справа налева) каля выставачнага стэнда ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”.

Адну з самых важкіх “калекцый” узнагарод сабраў СВК “Ляхавіцкі”. У цэнтры – старшыня гаспадаркі Аляксандр Вітко.

Хлебны стол.

Дзмітрый Шклянік з СВК “Ляхавіцкі”, Аляксандр Дыдышка з КСУП “Ліпнянка” і Віктар Калбаса з райаграсэрвіса – адны з найбольш паспяховых корманарыхтоўшчыкаў раёна.

Усё гэта багацце – плод працы нашых аграрыяў.

Кадры – галоўны капітал АПК раёна.

“Лепшыя па прафесіі”. На пярэднім плане галоўны бухгалтар ільнонасенстанцыі Святлана Мельнікава.

Віншаванні ляхавіцкім аграрыям ад польскіх сяброў і калег. За трыбунай – Бернард Скальскі.

І ў свята клопатаў багата. У мінулую пятніцу Ляхавіччына ўшаноўвала работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК: 1 комментарий

  • 23/11/2016 в 14:39
    Permalink

    Учитывая капризы погоды, не райскиие условия труда и прочее, люди, которые трудятся в сельском хозяйстве — просто герои. Здоровья вам дорогие и результатов значимых.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *