У Коньках свае алімпійцы

У сярэдзіне лістапада ў прадстаўніцтве Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Брэсцкай вобласці  ўшаноўвалі пераможцаў агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы па алімпійскай адукацыі. Прыемна, што сярод запрошаных на ўрачыстасці з гэтай нагоды была і наша зямлячка. Падзячнае пісьмо прадстаўніцтва, падарунак і званне аднаго з лепшых старшынь  школьнага алімпійскага клуба атрымала настаўніца фізічнай культуры і здароўя Конькаўскага ДС-СШ Алена Чайкоўская.
– Не выказаць тых эмоцый, якія адчула, знаходзячыся ў абноўленай Зале алімпійскай славы. Яркае, урачыстае свята, якое зараджае і натхняе на актыўны ўдзел у алімпійскім руху, – не хавае  радасці Алена. – Дакументальны фільм, прысвечаны юбілею НАК, праглядзелі на адным дыханні – цікава, відовішчна і значна. Якая ў нас у краіне спартбаза, якія дасягненні і магчымасці! Да прысутных з прывітальным словам звярнулася дырэктар  прадстаўніцтва Алена Белаконенка. Яна нагадала, што Брэстчына з’яўляецца адзіным рэгіёнам у краіне, дзе алімпійская адукацыя ўкараняецца на аснове распрацаванай праграмы, праводзіцца абласны злёт юных алімпійцаў.
Конькаўскі клуб “Юны алімпіец” больш вядомы ў школьнікаў  як  “Вікторыя”.  Алена Чайкоўская – яго нязменны кіраўнік на працягу сямі гадоў.  Тры гады запар “Вікторыя” станавілася лепшай  у раёне і рабяты былі ўдзельнікамі абласных мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму Алімпійскаму дню. Сёлета паказалі высокія вынікі ў выкананні праграмы развіцця алімпійскай адукацыі за 2015/16 навучальны год.
Алімпійская тэматыка ў школе прысутнічае на ўсіх спартыўна-масавых падзеях  і не толькі. Ёй  прысвячаюцца ўрокі, брэйн-рынгі, віктарыны, спаборніцтвы, конкурсы, аформлены алімпійскі куток. 13 удзельнікаў клуба, акрамя ўдзелу ў творчых алімпійскіх конкурсах, “судзяць” школьныя  спартыўныя мерапрыемствы, займаюцца з малодшымі рабятамі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *