Фізкультура – гэта цікава

У навасёлкаўскіх школьнікаў фізкультура  бадай  адзін з любімых прадметаў.  Яны актыўныя ўдзельнікі не толькі раённых, але і абласных спаборніцтваў па розных відах спорту. Вось і ў мінулую суботу сталі лепшымі баскетбалістамі сярод  зборных каманд устаноў адукацыі раёна.
– Галоўнае ў спорце зацікавіць, захапіць і павесці за сабой. А яшчэ многа працаваць – тады вынік гарантаваны, – лічыць настаўнік фізічнай культуры і здароўя Навасёлкаўскай СШ Аляксей Наздрын.  За больш чым 2 дзесяцігоддзі педагагічнай дзейнасці  ён напрацаваў уласныя методыкі і прыёмы. Урокі Аляксея Рыгоравіча – не проста стандартны  45-мінутны занятак. Гэта сапраўдны майстар-клас, і не толькі па развіцці фізічных уменняў і вынослівасці. Ён не стамляецца настаўляць хлопчыкаў і дзяўчынак на актыўны лад жыцця, вучыць дасягаць  пастаўленай мэты. Таму і выбіраюць многія з іх  не камп’ютары і планшэты, а спартыўныя секцыі пад кіраўніцтвам таленавітага педагога.
Два гады запар навасёлкаўскія юныя спартсмены лідзіравалі ў спартакіядзе школьнікаў раёна. Усе гэтыя і іншыя дасягненні сталі падставай для занясення на раённую Галерэю славы партрэта Аляксея Наздрына.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *