У ”Ляхавіцкім” адкапалі ”скарб”. Сёлетні ўраджай бульбы прынёс СВК “Ляхавіцкі” другое месца ў абласным спаборніцтве

Памочнік брыгадзіра Святлана Радомская кантралюе якасць клубняў, засыпаных на захоўванне.

Разам са “скарбам” беларускай селекцыі на палетках Русінавіч, Рачкан і Мыслабажы суседнічаюць таксама “прыезджыя” “арызона” і “рэд скарлет”. Іменна гэтыя сарты бульбы з-за сваёй выдатнай ураджайнасці, добрых смакавых якасцяў, а таксама ўстойлівасці да захворванняў выбраны для вырошчвання ў гаспадарцы з мноства іншых, апрабаваных на палях сельгаскааператыва.

Сёлета ў СВК “Ляхавіцкі” было пасаджана 140 гектараў бульбы. Тэхналогія адпрацавана да дробязяў, таму і ўраджай адпаведны. На Рачканскім вытворчым участку, які ўзначальвае Генадзій Козел, з кожнага гектара сабрана па 483 цэнтнеры клубняў, на Русінавіцкім (начальнік участка Іван Юнік) – 432 цэнтнеры, а на мыслабажскіх землях, дзе работай кіраваў Леанід Дубіна, з кожнага гектара накапалі па 415 цэнтнераў другога хлеба.
Валавая вытворчасць бульбы ў “Ляхавіцкім” сёлета склала 6148 тон, а сярэдняя ўраджайнасць 439 цэнтнераў з гектара аказалася другім вынікам у вобласці. Падчас святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК кіраўніку сельгаспрадпрыемства Аляксандру Вітко быў уручаны адпаведны дыплом абласнога выканаўчага камітэта.
СВК “Ляхавіцкі” славіцца сваёй бульбай. Вопыт работы з гэтай культурай агранамічная служба набывала гадамі, прымяняючы самыя сучасныя дасягненні навукі, выкарыстоўваючы складаныя тэхналогіі і штораз дабаўляючы ў аснову вытворчасці новыя напрацоўкі. Пэўныя навыкі ўжо мае і механізаванае звяно, якое займаецца вырошчваннем другога хлеба. Сёлета бульбу садзілі Алег Шклянік і           Сяргей Алейнікаў, уносілі ўгнаенні, праводзілі хімпраполку і акучванне Дзмітрый Трыбух і Сяргей Баўтрукевіч. А самая пачэсная работа – капаць бульбу – дасталася механізатару Уладзіміру  Брэчку.
Рэалізоўваць бульбу гаспадарка пачала адразу, як прыступіла да масавай уборкі, і ўжо неўзабаве выручка за другі хлеб падбіралася да 300 тысяч дэнамінаваных рублёў. Адгрузка працягваецца і сёння. Тысячу тон адборных клубняў заклалі ў бульбасховішча – да вясны. З іх 400 тон – у якасці насеннага матэрыялу, астатнія 600 будуць рэалізаваны спажыўцам.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аграном-аграхімік Андрэй Кароль сочыць за параметрамі ў бульбасховішчы з дапамогай камп’ютара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *